Top.Mail.Ru
0

Роля меліярацыі ў забеспячэнні харчовай бяспекі

Ураджай «на балоце»

Яшчэ ў пачатку мінулага стагоддзя 40 % тэрыторыі Беларусі — 8 мільёнаў гектараў! — былі пераўвільготненымі. Дзякуючы меліярацыі непраходны балотны край ператварыўся ў хлебаробны. Сёння трэць сельскагаспадарчых зямель у нашай краіне адносіцца да меліярыраваных. Яны забяспечваюць атрыманне траціны прадукцыі раслінаводства і больш за 60 % усіх зялёных кармоў, што дазваляе развіваць мяса-малочную вытворчасць, нарошчваць экспарт сельгаспрадукцыі.

«Новая зямля»

— Меліярацыя — гэта ператварэнне зямель, непрыгодных для жыццядзейнасці чалавека, у прыгодныя, — тлумачыць дырэктар Інстытута меліярацыі Навукова-практычнага цэнтра па земляробстве НАН Беларусі Аляксандр АНЖАНКОЎ. — Але перад меліярацыяй ставілася задача не проста павялічыць колькасць прадукцыйных сельскагаспадарчых зямель у маштабах усёй краіны. Важна было стварыць спрыяльныя ўмовы для вядзення гаспадаркі ў кожным рэгіёне. Гэта дазваляе забяспечваць раўнамернасць вытворчасці харчовай прадукцыі па ўсёй тэрыторыі, вызначаць рэгіёны, больш спрыяльныя для вырошчвання пэўных культур, а таксама ствараць рабочыя месцы, прычым не толькі ў раслінаводстве, але і ў жывёлагадоўлі, сферы перапрацоўкі. Як бачыце, ускосна меліярацыя ўплывае і на захаванне вёскі, і на раўнамернае размеркаванне людскіх рэсурсаў.

Усе раёны Беларусі маюць асушаныя сельгасугоддзі — ад 8 % у Шклоўскім раёне да 74 % у Ганцавіцкім. Са 118 раёнаў краіны ў 24-х меліярыраваныя землі складаюць больш за 50 % сельгасугоддзяў і забяспечваюць вытворчасць асноўнай долі прадукцыі раслінаводства.


У выніку ў балот удалося адваяваць мільён гектараў і ператварыць іх ва ўрадлівыя землі. А ёсць яшчэ мінеральныя глебы, дзе сёння можна вырошчваць не толькі травы, але і прапашныя культуры, збожжа, кукурузу.

Меліярацыя на пераўвільготненых землях і тых, што рэгулярна пераўвільгатняюцца, дазваляе рэгуляваць водны рэжым. Дзякуючы ёй стаў магчымым выхад тэхнікі на мінеральных глебах у палі на 2–6 тыдняў раней, што вельмі важна для хлебаробаў.

— Гэта дазваляе прытрымлівацца тэхналагічнай дысцыпліны, пра што рэгулярна нагадвае Прэзідэнт. А яна магчыма, калі ўсе тэхналагічныя аперацыі выконваюцца своечасова, — падкрэслівае Аляксандр Анжанкоў.

Вада «пад кантролем»

Беларусь знаходзіцца ў гуміднай зоне, дзе колькасць ападкаў перавышае выпарэнне. Кожную вясну з меліярыраваных земляў, а гэта 2,8 млн гектараў сельгасугоддзяў, трэба ўбіраць ваду — прапусціць вясенні павадак з палёў у вадапрыёмнікі і правесці сеў культур.

Беларусь — адзіная постсавецкая дзяржава, якая захавала свой меліяратыўны комплекс і пры гэтым дастаткова эфектыўна яго выкарыстоўвае. Ён працуе на забеспячэнне харчовай бяспекі і эканамічна эфектыўнай вытворчасці сельгаспрадукцыі. Беларускі вопыт актыўна вывучаюць суседнія краіны.

Водны рэжым падтрымліваецца дзякуючы 5 тысячам меліяратыўных сістэм. Комплекс гідратэхнічных збудаванняў уключае 166 тысяч км каналаў і водапрыёмнікаў, 997 тысяч км закрытай дрэнажнай сеткі, 3,2 тысячы мастоў, 2,2 тысячы шлюзаў-рэгулятараў, 24,8 тысячы труб-рэгулятараў, 57,3 тысячы труб-пераездаў. Усё гэта патрабуе пастаяннага догляду — ад элементарнага абкошвання каналаў да рэканструкцыі сістэм. Інакш яны пачнуць дэградаваць, разбурацца і з цягам часу землі могуць зноў забалочвацца. Іх эксплуатацыяй, абслугоўваннем, рамонтам і рэканструкцыяй займаюцца меліяратыўныя службы. Дзякуючы таму, што дзяржава бярэ на сябе клопат аб меліяратыўных сістэмах, ствараюцца ўмовы для выроўнівання ўмоў для сельгасгаспадарак. І тыя з іх, што знаходзяцца на меліярыраваных тэрыторыях, могуць працаваць у тых жа эканамічных умовах, што і суседзі, якім дасталіся аўтаморфныя землі.


Вучоныя Інстытута меліярацыі вырашаюць задачы, як павялічыць прадукцыйнасць меліяратыўных работ і зрабіць іх больш таннымі. Гэта датычыцца распрацоўкі як нарматыўных дакументаў, так і высокаэфектыўных энерга- і расурсазберагальных тэхналогій і канструктыўных рашэнняў для будаўніцтва, эксплуатацыі, рамонту і рэканструкцыі сістэм, кіравання водна-паветраным рэжымам меліярыраваных зямель. Актыўна выкарыстоўваюцца і дасягненні ў іншых галінах. Так, сёння маецца шырокі спектр палімерных гідратэхнічных збудаванняў, якімі замяняюць жалезабетонныя. Іх перавага — меншы кошт, большая тэхналагічнасць. Інстытут распрацоўвае тэхнічныя сродкі для меліярацыі, мае вытворчы ўчастак, дзе яны вырабляюцца. Дарэчы, ён адзіны ў краіне робіць меліяратыўнае дыягнастычнае абсталяванне. Асаблівая ўвага — інфармацыйным тэхналогіям. Ствараецца сістэма аўтаматызаванага праектавання на аснове лічбавых мадэляў рэльефу. З дапамогай беспілотных лятальных апаратаў можна засняць рэльеф і атрымаць, напрыклад, інфармацыю, пра вымачкі (вялізныя лужыны пасярод поля — сведчанне паніжэння рэльефу). А ведаючы іх параметры, назначыць мерапрыемствы па ліквідацыі, вызначыць колькасць і якасць паглынальных элементаў. Тое ж і з асобнымі тэрыторыямі, зарослымі кустоўем, якія псуюць палі.


— Як правіла, такія ўчасткі ўзнікаюць менавіта з-за асаблівасцяў рэльефу. Магчыма падчас севу там былі вымачкі, дзе тэхніка не змагла прайсці, з цягам часу праблемную тэрыторыю «засвойваюць» дзікія расліны, — тлумачыць вучоны. — Увядзенне закустараных зямель у абарот патрабуе не часовага, а комплекснага падыходу. Проста з карчаваннем кустоўя праблема не будзе вырашана, з цягам часу зямля можа зноў зарасці. Важна змяніць умовы, правесці меліяратыўныя мерапрыемствы, напрыклад устанавіць калонкі-паглынальнікі (адна з распрацовак нашага інстытута) ці калодзежы-паглынальнікі, калі там накопліваецца вялікі аб’ём вады.

У інстытуце створаны сектар перспектыўных распрацовак і інфармацыйных тэхналогій, што займаецца работамі, дзякуючы якім можна будзе сачыць за станам палёў і гідратэхнічных збудаванняў.

З папраўкай на клімат

Сёння важна ўлічваць і змяненні клімату. З агульным ростам тэмператур і з’яўленнем новай кліматычнай зоны ў Беларусі не паменшала ападкаў, проста іх выпадзенне стала хістацца. Напрыкладу 2022 годзе ў сакавіку выпала 17 % ад нормы, а ў красавіку — 222 %! Засухі могуць змяняцца залпавымі ліўнямі, характэрнымі для кантынентальнага клімату. Меліярацыя дазваляе часткова нівеліраваць такія праблемы.

Калі ў 1960–1980-х гадах пераважна будаваліся асушыльныя меліяратыўныя сістэмы, то сёння трэнд на іх рэканструкцыю і стварэнне сістэм па асушальна-ўвільгатняльным прынцыпе, калі ваду можна затрымаць на пэўнай тэрыторыі, а пры неабходнасці і падаць. Магчымасць стварэння такіх сістэм залежыць ад рэльефу і ўласцівасці глебаў. Адна з такіх сістэм будуецца пад Пінскам.


Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю