Не трэба далёка хадзіць — дастаткова паглядзець па баках на вуліцы, у грамадскім транспарце, кафэ. Ды дзе заўгодна. Карціна да болю знаёмая і аднастайная: многія як зомбі прыліплі да сваіх смартфонаў і ідуць за імі, нібы за павадырамі. Гаджэты ператварыліся ў аўтаномны мозг.
А ў чыіх руках «пульт кіравання» масавай свядомасцю, якая падсілкоўваецца з інтэрнэту? У чыіх сетках вы можаце неўсвядомлена апынуцца, а тым больш нашы дзеці, большасць якіх з ранніх гадоў ужо трывала сядзяць на «лічбавым кручку»? Задаліся гэтымі пытаннямі і беларускія навукоўцы.
Ненадуманыя пагрозы
Старшы навуковы супрацоўнік аддзела наркалогіі і клініка-эпідэміялагічных даследаванняў РНПЦ псіхічнага здароўя Наталля ГРЭБЕНЬ расказала пра вынікі ўнікальнага даследавання, якое праводзілася на базе гэтага цэнтра з 2025 года. Тут займаліся вывучэннем асаблівасцяў лічбавых паводзін сучасных падлеткаў і распрацоўвалі метады ацэнкі фактараў рызыкі парушэнняў здароўя, звязаных з выкарыстаннем гаджэтаў.
Для тых, хто, як кажуць, не ў тэме, растлумачым: лічбавыя паводзіны — гэта сукупнасць дзеянняў, звычак, рэакцый і асобасных установак чалавека ў лічбавым асяроддзі. І гэта не нейкая чарговая даніна моднай з’яве, паверце — усё гэта вельмі сур’ёзна.
«Сёння мы назіраем, як імкліва сціраюцца межы паміж віртуальным і рэальным светам, — гаворыць спецыяліст. — Наспела відавочная неабходнасць не тое каб тэрмінова ўводзіць тут цвёрды „візавы рэжым“, а хоць бы скласці выразную карціну такога ўзаемапранікнення і знайсці „проціяддзе“ ад дэструктыўнага і часам вельмі пагібельнага ўздзеяння на чалавека, асабліва зусім яшчэ юнага. Бо не сакрэт, што найбольш актыўныя ўдзельнікі лічбавай прасторы — менавіта падлеткі».
Актуальнасць праблемы абумоўлена пастаянным доступам моладзі да мабільных прылад і інтэрнэту. Паводле даных еўрапейскіх і сусветных даследаванняў, сучасныя падлеткі праводзяць у сетцы 5–7 гадзін у дзень. Такі інтэнсіўны кантакт з лічбавымі тэхналогіямі стварае ўмовы для фарміравання залежнасцяў, якія могуць праяўляцца як ігнараванне хатніх і навучальных абавязкаў, пагаршэнне сацыяльных навыкаў, рызыка развіцця парушэнняў фізічнага і псіхічнага здароўя, адзначыла Наталля Грэбень:
— Падчас даследаванняў было праведзена апытанне больш за 20 тысяч падлеткаў ва ўзросце 14–17 гадоў з усіх рэгіёнаў Беларусі. І гэта адно з самых маштабных даследаванняў такога роду ў краіне.
Анкета «Лічбавыя паводзіны падлеткаў» ахоплівала даступнасць лічбавага асяроддзя, карыстальніцкія перавагі, спажываны кантэнт, дачыненне да сацсетак і відэагульняў, рызыкі лічбавай прасторы, а таксама выкананне рэжыму дня і рухальнай актыўнасці.
Вяршыня айсберга
Навукоўцы вылучаюць некалькі відаў лічбавых аддыкцый: залежнасць ад смартфонаў, сацыяльных сетак, відэагульняў, патокавага спажывання кантэнту і нават ад штучнага інтэлекту. Да псіхалагічных фактараў рызыкі адносяцца акцэнтуацыі характару, паніжаная пераноснасць цяжкасцяў, імкненне пазбавіцца адказнасці, эмацыянальная неўраўнаважанасць, схільнасць да трывогі і дэпрэсіі, крызіс ідэнтычнасці і неразвіты самакантроль.
Аднак залежнасці — толькі вяршыня айсберга. Самае страшнае, што хаваецца ў тэлефоне падлетка, — гэта дэпрэсіўныя супольнасці, якія рамантызуюць смерць. Яны мяняюць назвы («Сіні кіт», «Ціхі дом», «Выхад 57»), але сутнасць адна: падлетку, якому дрэнна, там не дапамагаюць, а падштурхоўваюць да краю.
Асобная пагроза — алгарытмы сацсетак. Калі дзіця набрала ў пошуку «дэпрэсія», «туга» ці проста паставіла лайк пад сумным фота, алгарытм пачне падсоўваць яму ўсё больш змрочны кантэнт. Не таму, што падлетак хацеў гэта знайсці, а таму, што сацсеткі так уладкаваны: яны даюць тое, што чапляе эмацыянальна. Небяспека сама знаходзіць падлетка. Таму важна не абвінавачваць, а растлумачыць механізм: «Ты ведаеш, што сацсеткі часам самі падкідваюць небяспечныя рэчы? Калі табе трапіцца нешта страшнае — пакажы мне, мы разам разбяромся».
Прафілактыка лічбавых залежнасцяў, па словах Наталлі Грэбень, павінна ўключаць павышэнне лічбавай граматнасці, выкананне лічбавай гігіены, заахвочванне афлайн-актыўнасці, а таксама наяўнасць прафілактычных і рэабілітацыйных праграм.
«Я на тваім баку. я цябе чую...»
Засвоіць тэхнічныя парады, як не стаць ахвярай махляроў, — толькі палова справы. Галоўнае — навучыцца размаўляць з падлеткамі пра небяспеку, каб яны не замкнуліся. Вось што раіць сямейны псіхолаг, коўч па асабістых адносінах Алена ШАЎЧЭНКА.
Не крычыце «Выключай тэлефон, гэта ўсё з-за яго!» — дзіця пачуе «Ты дурны, інтэрнэт — зло» і сыдзе ў яшчэ большую сакрэтнасць.
Замест гэтага:
1. Прызнайце, што інтэрнэт — частка яго жыцця. «Я ведаю, ты шмат часу праводзіш у тэлефоне. Гэта нармальна».
2. Раскажыце пра небяспеку праз факты, а не лекцыю: «Мне нядаўна давялося прачытаць гісторыю пра дзяўчынку, якая знайшла групу, дзе яе вучылі паміраць прыгожа. Ёй здавалася, гэта сябры. А потым яна ледзь не загінула. Такія групы ёсць, і яны небяспечныя».
3. Дайце інструкцыю: «Калі ты калі-небудзь натрапіш на нешта такое, не саромейся. Пакажы мне. Я не буду злавацца, а проста выдалю гэта, і мы заблакуем канал. Табе не абавязкова спраўляцца з гэтым аднаму».
4. Дамоўцеся аб правілах: «Я не чытаю твае асабістыя перапіскі без дазволу, але магу часам спытаць, якія групы ты глядзіш. І ты мне шчыра адкажаш, таму што я хвалююся».
Чаму дзеці далёка не ўсё расказваюць бацькам? Страх асуджэння, страх, што абмяжуюць доступ да інтэрнэту (а гэта амаль усё іх сацыяльнае жыццё), сорам за свае пачуцці. Таму бацькоўская задача — зняць гэтыя страхі.
Гаварыце так, каб дзіця ведала: «Я не буду цябе судзіць. Я на тваім баку». Менавіта гэта адчыняе дзверы да дыялогу.
Жывы прыклад. Мама ўбачыла паведамленне на экране блакіроўкі дачкі: «Сёння ў 22.00 — агульны збор. Інструкцыя». Канал называўся «Выхад 57». Яна не запанікавала, села побач і сказала: «Дачка, я бачыла апавяшчэнне. Што гэта за інструкцыя? Пакажы мне гэты канал. Я не забяру тэлефон, я проста хачу зразумець, што там». Дачка паказала. Гэта быў тыповы дэпрэсіўны канал. Мама спакойна сказала: «Гэта небяспечна. Гэтыя людзі цябе не ведаюць, яны не бачаць тваёй усмешкі. Яны вучаць дрэннаму. Давай мы разам яго заблакуем». Дачка пагадзілася. Потым псіхолагу дзяўчынка прызналася: «Мне самой было страшна там сядзець, але я баялася, што, калі выйду, мяне асудзяць.
А мама не асудзіла. Яна проста дапамагла...»
Самая карысная фраза, якую вы можаце сказаць: «Я цябе чую. Мне шкада, што табе так балюча. Я тут і нікуды не сыду». Менавіта яна дае падлетку адчуць, што ён не адзін.
Таксама спецыялісты раяць бацькам кантраляваць вольны час і занятасць дзяцей, цікавіцца, чым яны займаюцца ў інтэрнэце, і не замяняць жывыя зносіны бескантрольным карыстаннем гаджэтамі.
Не кантроль, а клопат
Не чакайце, што падлетак сам прыйдзе і раскажа. У дэпрэсіі ён рэдка просіць дапамогі — яму здаецца, што ён нікому не патрэбны або яго праблемы занадта малыя. Ваша задача — не чакаць, а заўважаць, пытацца. Пытацца не для кантролю, а для клопату. Калі ёсць нейкія сумненні — лепш перастрахавацца: пагаварыць з псіхолагам, паказаць дзіця спецыялісту (нават калі яно супраціўляецца). Гэта не парушэнне яго правоў. Гэта выратаванне яго жыцця!
Ягор ЧУРЫК