Базавы Закон «Аб меліярацыі земляў» быў прыняты ў 2008 годзе, апошнія змяненні ў яго ўносіліся ў 2023-м. Аднак, мяняюцца тэхналогіі, кліматычныя ўмовы, патрабаванні аграрнага сектара. Бягучыя запыты сельгасвытворцаў прадыктавалі неабходнасць больш глыбокай карэкціроўкі прававой базы.
— За гэты час наспела неабходнасць унясення пэўных змяненняў у закон, — звярнуў увагу Старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Ігар СЕРГЯЕНКА. — Яго праект зыходзіць з практыкі і знаходзіцца ў рэчышчы тых патрабаванняў кіраўніка дзяржавы, якія ён прад’яўляе па ўцягненні меліяраваных земляў у сельскагаспадарчы абарот. Таму і было прынятае рашэнне на заключным этапе правесці гэтую пашыраную нараду з часткай дэпутацкага корпусу, прадстаўнікі якога найбольш паглыбленыя ў гэтую тэму, у тым ліку члены аграрнай камісіі і дэпутаты з Віцебскай вобласці, а таксама кіраўнікі і спецыялісты сістэмы меліярацыі.
Нагадаем, што законапраект будзе разглядацца на адкрыцці чацвёртай сесіі Палаты прадстаўнікоў восьмага склікання 15 верасня. Дакумент уводзіць шэраг новых тэрмінаў, такіх, як «агратэхнічныя работы», «уцягненне меліяраваных зямель у сельскагаспадарчы абарот», «прапашныя расліны». Разам з удакладненнем паняційнага апарату ўстанаўліваецца месячны тэрмін для ўцягнення ў сельгасабарот земляў пасля прыёмкі аб’ектаў у эксплуатацыю, а калі работы завершаны ў асенне-зімовы перыяд — не пазней за май. Прадугледжваецца норма, якая дазваляе вырошчваць прапашныя расліны на тарфяна-балотных глебах пры ўмове правядзення неабходнага комплексу агратэхнічных работ. Змяненні закранаюць механізм планавання на месцах, пастаянныя камісіі камітэтаў і ўпраўленняў па сельскай гаспадарцы і харчаванні ўпаўнаважаны штогод распрацоўваць планы работ і падбіраць аб’екты меліярацыі. Ёсць і іншыя навацыі.
Для Беларусі меліярацыя — пытанне стратэгічнае. Як сведчыць практыка, на меліяраваных землях ураджайнасць прыкладна на 30 % вышэйшая. Сёння такія землі складаюць 2 млн 810 тысяч га, ці 37 % ад усёй плошчы сельгасугоддзяў краіны. На Віцебшчыне гэты паказчык дасягае 41 %, разам з тым менавіта ў паўночным рэгіёне меліярацыйныя сістэмы маюць найбольшы тэрмін эксплуатацыі і патрабуюць аб’ёмнай рэканструкцыі.
— У рэгіёне пракладзена 288 тыс. км дрэнажу, што каля 30 % ад працягласці ўсёй сістэмы рэспублікі, — расказаў генеральны дырэктар холдынга «ВітМелія» Сяргей САМАХВАЛАЎ. — Абслугоўванне гэтай закрытай сеткі — справа працаёмкая і дарагая. Мы абавязкова прымяняем такія тэхналогіі, як прамыўка дрэнажу, расчыстка каналаў, карчаванне залішняй расліннасці.
Агульны меліяраваны фонд земляў Віцебскай вобласці складае 996 тысяч га, з якіх 503 тысячы га, — землі сельгаспрызначэння. Меліярацыйны комплекс Віцебшчыны адметны перавагай цяжкіх грунтоў — глін і суглінкаў, таму асноўныя задачы, якія перад ім стаяць, заключаюцца ў перахопе грунтовых і адвядзенні паверхневых вод, а таксама рыхленне цяжкіх глебаў.
Выязная нарада адбылася ў ААТ «Ведрынскае-Агра», на сутыкненні трох меліярацыйных сістэм агульнай плошчай пад 330 га. Такія вялізныя палі-абрусы нехарактэрныя для Віцебшчыны з яе драбнаконтурнасцю палёў. Але менавіта на іх лягчэй працаваць энерганасычанай сучаснай тэхніцы з шырокімі палосамі захопу. Гэта значна павышае тэмпы ажыццяўлення сельгасработ. Як толькі на тутэйшых палях убралі збожжавыя, да завяршэння рэканструкцыі, прыпыненай вясною, неадкладна прыступілі меліяратары. На бягучы момант работы выкананы на 70 %, і ў хуткім часе будуць завершаны. Комплекс будзе ўведзены ў эксплуатацыю ў маі 2027 года.
Кіраўніком дзяржавы пастаўлена задача па змяненні тэхналогіі пазбаўлення меліяраваных участкаў ад драўняна-хмызняковай расліннасці шляхам яе здрабнення і наступнага мульчыравання глебы замест складання выкарчаванага кустоўя ў валы, як гэта робіцца звычайна. Беларускія вытворцы тэхнікі ўжо вырабляюць спецыялізаваныя машыны і прычапное абсталяванне для ўвасаблення ў жыццё патрабаванняў Прэзідэнта. Узоры такой тэхнікі былі прадэманстраваны ўдзельнікам нарады ў дзеянні.
— Нават на гэтым этапе падрыхтоўкі законапраекта прагучалі асобныя прапановы ад кіраўнікоў абласных структур па ўнясенні змяненняў у нарматыўныя акты, якія будуць працаваць на карысць землекарыстальнікаў і меліяратараў, — рэзюмаваў Ігар Сергяенка.
Святлана ЯКАЎЛЕВА
Фота БелТА