Што робіць прадукцыю найлепшай? Адказ на гэтае пытанне шукалі ўдзельнікі медыя-туру «Рух за ўдасканаленне якасці беларускіх тавараў на прыкладзе прадпрыемстваў Гродзенскай вобласці, удастоеных Дзяржаўнага знака якасці». Маршрут пралёг праз тры знакавыя для рэгіёна прадпрыемствы, якія ўжо пацвердзілі свае стандарты найвышэйшай дзяржаўнай узнагародай.
Усё найлепшае — дзецям!
Першым пунктам медыя-туру стала Ваўкавыскае прадпрыемства ААТ «Беллакт», якое з’яўляецца адзіным у краіне вытворцам дзіцячага харчавання з самага ранняга ўзросту. Асноўную частку асартыменту складаюць сухія сумесі, але прадпрыемства выпускае і іншую прадукцыю: спартыўнае харчаванне, сухое малако, прадукты на аснове казінага малака і безлактозныя прадукты.
Дзяржаўны знак якасці прадпрыемству быў прысвоены за сумесі сухія малочныя для харчавання дзяцей ранняга ўзросту «BELLAKT PREMІUM І» і «BELLAKT PREMІUM 2». Гэта інавацыйныя, высокаадаптаваныя формулы для першага і другога паўгоддзяў жыцця дзіцяці, якія максімальна набліжаны па сваім складзе і ўласцівасцях да груднога малака.
Аб асаблівасцях вытворчых працэсаў нам расказала першы намеснік генеральнага дырэктара прадпрыемства Таццяна ГАРКАВІК:
— Усё пачынаецца з малака. Яго пастаўляюць са спецыяльных сыравінных зон, статус якіх пацверджаны дзяржаўнымі кантралявальнымі органамі. Для вытворчасці дзіцячага харчавання выкарыстоўваецца малако толькі вышэйшага гатунку і гатунку экстра. Пасля прыёмкі яно праходзіць некалькі этапаў апрацоўкі, змешваецца з неабходнымі кампанентамі, а затым паступае ў аддзяленні згушчэння і сушкі. На этапе перад сушкай у прадукт дадаюць тлушча- і водарастваральныя вітаміны, а таксама сумесь раслінных алеяў. Далей прадукт накіроўваецца ў сушыльную ўстаноўку, паступае ў бункеры і ў аддзяленне фасоўкі. Гатовую прадукцыю фасуюць у камбінаваныя ўпакоўкі або бляшанкі.
Характэрна і тое, што ўвесь працэс вытворчасці дзіцячага харчавання закрыты — ад прыёмкі малака да фасоўкі гатовай прадукцыі. Удзел чалавека зведзены да мінімуму — вытворчасць кіруецца з дапамогай камп’ютарных сістэм. На прадпрыемстве дзейнічае таксама шматступенная сістэма кантролю якасці, функцыі якой ускладзены на акрэдытаваны выпрабавальны цэнтр, у структуру якога ўваходзяць чатыры лабараторыі.
Па словах Таццяны Гаркавік, прадукцыя для ўнутранага рынку і на экспарт вырабляецца па адзіных стандартах:
— У сярэднім выпускаецца каля 600–700 т дзіцячага харчавання ў месяц. З агульнага аб’ёму выпуску каля 200–250 т рэалізуецца на беларускім рынку. Астатняя прадукцыя накіроўваецца на экспарт — у краіны блізкага і далёкага замежжа.
Колер з гарантыяй
Далей мы накіраваліся на лідскае прадпрыемства ААТ «Лакафарба». Тут вырабляюць і рэалізуюць лакафарбавую прадукцыю для прадпрыемстваў прамысловага сектара і спажывецка-бытавога кірунку. Дзяржаўны знак якасці быў прысвоены прадпрыемству за эмаль ПФ-115, якая прызначана для афарбоўкі драўляных, металічных і іншых паверхняў унутры памяшканняў і звонку. Пакрыццё стварае трывалую глянцавую плёнку, устойлівую да ўльтрафіялету, уздзеяння атмасферных ападкаў, перападу тэмператур ад мінус 50 °С да плюс 50 °С і адрозніваецца высокімі адгезійнымі і дэкаратыўнымі ўласцівасцямі.
Дырэктар ААТ «Лакафарба» Андрэй ГУРЧЫН паведаміў журналістам, што прадпрыемства выпускае больш за 2,5 тысячы найменняў прадукцыі:
— Штогод распрацоўваецца каля дзесяці новых матэрыялаў з улікам патрэб канкрэтных галін і ўмоў эксплуатацыі. Пры вытворчасці растваральнікаў у асноўным выкарыстоўваецца прадукцыя беларускіх нафтаперапрацоўчых прадпрыемстваў. Для вырабу алеяў супрацоўнічаем з алееперапрацоўчымі заводамі Беларусі і Расіі. Цяпер мы пачынаем работу з сельскагаспадарчымі арганізацыямі, каб зацікавіць іх у вырошчванні насення сланечніку і соі. Гэта дасць магчымасць атрымліваць неабходны алей з айчыннай сыравіны і пашырыць магчымасці імпартазамяшчэння.

Сёлета прадпрыемства зноў падало заяўку на атрыманне Дзяржаўнага знака якасці. Адной з распрацовак стала эпаксідная грунтоўка ЭП-045.
— Першапачаткова мы выпускалі яе для прамысловых прадпрыемстваў. Пазней падобнай формулай зацікавіліся аўтамабілісты, якія шукалі айчынную замену імпартным аналагам. Прапанавалі гэты прадукт, і спажыўцы яго ацанілі. Пасля адкрыцця ўласнай інтэрнэт-крамы эпаксідная грунтоўка стала адным з асноўных тавараў у яе асартыменце, — адзначыў дырэктар.
Карыстаецца попытам прадукцыя прадпрыемства і за межамі краіны. Больш за 70 % яе агульнага аб’ёму экспартуецца ў розныя краіны. Асноўнымі замежнымі кірункамі застаюцца Расія і іншыя краіны СНД.


Класіка і прэміум
Апошняй кропкай падарожжа па Гродзеншчыне стаў найбуйнейшы вытворца мукамольнай прадукцыі ў краіне — ААТ «Лідахлебпрадукт». Мабыць, кожная гаспадыня знаёмая з лідскай мукой найвышэйшага гатунку марак М54-28, М54-25 («Класічная» і «Прэміум»). Менавіта гэта прадукцыя і атрымала Дзяржаўны знак якасці ў 2024 годзе.

Вытворчыя магутнасці прадпрыемства дазваляюць выпускаць да 10 тысяч т мукі ў месяц. Да таго ж толькі на беларускі рынак штомесяц паступае каля 3,5 тысячы т фасаванай прадукцыі.
— Экспарт складае каля 10–15 % агульнага аб’ёму вытворчасці. Асноўная частка прадукцыі рэалізуецца на ўнутраным рынку, а свабодныя магутнасці загружаюцца вытворчасцю жытняй мукі, якая пераважна пастаўляецца ў Расію, — растлумачыў генеральны дырэктар ААТ «Лідахлебпрадукт» Аляксандр АСТРОЎСКІ.

Тым не менш геаграфія паставак паступова пашыраецца. Так, 100 т мукі маркі М54-2 прадпрыемства будзе пастаўляць у М’янму. Сярод іншых замежных кірункаў — краіны Афрыкі і Азіі.
Акрамя мукі і мучных паўфабрыкатаў ААТ «Лідахлебпрадукт» выпускае макаронныя вырабы, мяса птушкі, камбікармы.
