У кожнага горада ёсць свая гісторыя — доўгая ці зусім кароткая. Ёсць і свае легенды. Ліда — не выключэнне. Колькі тут больш чым за сем стагоддзяў адбылося падзей! Славіцца яна здаўна і рознымі промысламі. І калі праводзіць аналогію са старажытнагрэчаскімі міфамі, можна параўнаць яе нават з Афрадытай. Розніца толькі ў тым, што багіня кахання і прыгажосці нарадзілася з марской пены, а Ліда — з пеннага бурштынавага напою, які стаў адным з яе брэндаў. Вось і ў Дзень горада, які прыпадае на бліжэйшую суботу, менавіта ён будзе ў цэнтры ўвагі.
Паколькі Ліда ўжо даўно не маленькая дзяўчынка, а дама ў шаноўных гадах, чаму б і не падхмяліць злёгку свята?! І хоць у яе самой не круглая дата (падумаеш, «усяго» нейкіх 703 гады), затое ў кампаніі «Лідскае піва» — 150-гадовы юбілей, у гонар якога ладзіцца фестываль «LІDBEER 2026», таксама ўжо легендарны. Жыхароў і гасцей горада чакае нешта неверагоднае, бо ўвесь яго гістарычны цэнтр ператворыцца ў адну вялізную забаўляльную платформу.
Упершыню фестываль, прысвечаны традыцыям і гісторыі піваварства, адбыўся ў 2015 годзе. Пачынаўся ён як лакальны праект кампаніі «Лідскае піва», але хутка заваяваў папулярнасць і з кожным годам станавіўся ўсё больш маштабным. Сёння гэта ўжо буйны open-aіr з вялікай канцэртнай праграмай, гастранамічнымі вынаходствамі і кірмашом.
З адзінаццаці гадзін раніцы на вуліцах горада разгорнуцца інтэрактыўныя зоны, унікальныя фоталакацыі і грандыёзны фуд-корт, які аб’яднае каля двухсот гастранамічных пунктаў з усёй краіны. Каля сцен старадаўняга Лідскага замка размесціцца традыцыйны «Горад майстроў» з унікальнымі вырабамі беларускіх рамеснікаў. А ў самім замку і Музеі лідскага бровара пройдуць займальныя тэматычныя экскурсіі. Аматары актыўнага адпачынку змогуць прыняць удзел у маштабным квэсце і нават жартоўна зарэгістраваць шлюб у святочным «Фестывальным ЗАГСе».
Афіцыйная частка ўрачыстасці, прысвечаная Дню горада, пачнецца а 15-й гадзіне на плошчы Леніна. Ёй будуць папярэднічаць яркае завадное шоу ад чырлідараў і дынамічны сэт ад папулярнага дыджэя. Ва ўрачыстым адкрыцці свята прымуць удзел афіцыйныя дэлегацыі, кіраўніцтва раёна, ганаровыя грамадзяне. Пройдзе цырымонія ўзнагароджання выдатных лідчан, прагучаць афіцыйныя віншаванні, а творчыя калектывы прадставяць вакальна-харэаграфічны пралог, прысвечаны гісторыі Ліды.
Прыемна здзівіць і музычнае атачэнне свята — у горадзе будуць працаваць адразу тры сцэны. Днём на бясплатных пляцоўках выступяць вядомыя кавер-бэнды і дыджэі. А вечарам на галоўнай сцэне пачнецца маштабны канцэрт з удзелам папулярных артыстаў, сярод якіх — групы «Гудтаймс», «Комната культуры», Сергей Бабунец і спявачка МакSим.
Кульмінацыяй незабыўнага святочнага марафону стануць грандыёзны феерверк і начная дыскатэка ў Лідскім замку.
Вераніка КАЗЛОЎСКАЯ
Фота БелТА