«З далёкаўсходнім рэгіёнам у нас нядрэнныя дарожныя карты. Фактычна ўсе губернатары, з якімі мы сустракаемся, на працягу апошніх двух гадоў былі ў Беларусі, асабіста наведвалі нашы прадпрыемствы, размаўлялі з Прэзідэнтам. Пасля гэтага былі падрыхтаваны пратаколы даручэнняў, канкрэтныя інвестыцыйныя праекты. Сёння праходзіць фактычна зверка гадзіннікаў. Далёкі Усход бурна развіваецца. Велізарныя рэсурсы Расія ўкладвае ў гэту тэрыторыю, ствараюцца вялікія інфраструктурныя праекты, новыя галіны далёкаўсходняй эканомікі. Робіцца ўсё, каб спыніць адток насельніцтва і сапраўды ўмацаваць эканамічны і інфраструктурны патэнцыял гэтага рэгіёна. І наша задача сёння — паўдзельнічаць у гэтых мегапраектах», — сказаў Дзмітрый Крутой.
Першай відавочнай тэмай для супрацоўніцтва Беларусі з Далёкім Усходам кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта назваў здабычу карысных выкапняў: гэта 30–40 % эканомікі рэгіёна. Беларускі бок можа прапанаваць тэхніку БЕЛАЗ і МАЗ. «З губернатарамі абмяркоўваліся мультыбрэндавыя цэнтры. У прынцыпе ў нас на ўзроўні ўрада праграма да 2030 года распісана. Вядома, кожны губернатар просіць паскорыць адкрыццё гэтых аб’ектаў. Але тут пытанне эканамічнай мэтазгоднасці. І пытанне канкурэнцыі», — адзначыў ён. — Невялікія ручайкі складаюцца ў вялікую раку эканамічнага супрацоўніцтва. Як правільна гаворыць Прэзідэнт, для нас сёння няма маленькіх і буйных рэгіёнаў, значных і нязначных. Мы павінны працаваць з усімі. Канкурэнцыя на Далёкім Усходзе каласальная. Наша задача — змагацца за сваю нішу, за свае інтарэсы з улікам палітыкі далёкаўсходніх губернатараў, якія ставяцца да нас вельмі па-добраму і хочуць з намі супрацоўнічаць. Наша задача гэтым момантам скарыстацца«.
Дзмітрый Крутой прывёў у прыклад Яўрэйскую аўтаномную вобласць. Гэта невялікі рэгіён, усяго 140 тысяч жыхароў, аднак нават туды выконваліся пастаўкі прадукцыі БЕЛАЗ, МАЗ і МТЗ.
Другая важная тэма — інфраструктурныя праекты. «Гэта і грамадскі транспарт, пасажырская тэхніка, развіццё жыллёва-камунальнай гаспадаркі, тэма водаачысткі, водападрыхтоўкі, неверагодна злабадзённая для далёкаўсходніх гарадоў. Ёсць прыклады ўдзелу нашых вядучых вытворцаў, прыватных і дзяржаўных, і вялікі запыт на гэту гісторыю. Наша задача — выйсці на дакладныя планы па пастаўцы адпаведнага абсталявання. А калі гэта інжынерныя рашэнні — то на рэалізацыю праектаў пад ключ. Калі браць аналогію з машынабудаваннем, гэта афсетныя кантракты, толькі гэта ў сферы ЖКГ або водападрыхтоўкі», — абазначыў Дзмітрый Крутой.
Сярод іншых перспектыўных кірункаў для супрацоўніцтва — лясная гаспадарка, лесанарыхтоўка, дрэваапрацоўка, пажарная тэхніка. «Мы спрабавалі на прыкладзе Прыморскага края, дзе ў пілотным рэжыме працуюць нашы лесанарыхтоўчыя машыны. Але, вядома, складаны рэльеф, складаныя ўмовы. Асабліва цяпер, у сезоны дажджоў, або ў мінулыя гады, калі, наадварот, былі пажаранебяспечныя сезоны. Аднак наша тэхніка паказвае сябе добра, не горш за заходнія аналагі. Думаю, тут нашы продажы такой прадукцыі таксама будуць павялічвацца», — дадаў кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта.
У час сустрэч з губернатарамі расійскіх рэгіёнаў акцэнт быў зроблены на тэме спецыялізаваных крам беларускіх прадуктаў. «Тут ёсць некалькі сетак (з беларускімі таварамі. — „Зв.“), якія працуюць, можа, нават у дакор нам, беларусам, якія не змаглі стварыць са сваімі заснавальнікамі такія збытавыя структуры на Далёкім Усходзе. А расійскіх заснавальнікаў не палохаюць ні адлегласць, ні лагістыка, ні нейкія складанасці з пастаўкамі: яны выдатна наладзілі ўсе мадэлі, і гэта ўсё выгадна. Адзінае пытанне — няхватка прадукцыі. Мы гэту праблему таксама выправім: з’явіліся аптова-размеркавальныя цэнтры, ёсць у нас добрыя хабы ў Цэнтральнай Расіі і ў Сібіры. Быў бы попыт, а ўсё астатняе мы забяспечым. Можна толькі падтрымаць імкненне расіян пашыраць сетку гэтых харчовых крам на Далёкім Усходзе. Прыемна чуць добрыя водгукі, добрыя характарыстыкі нашай харчовай прадукцыі», — адзначыў Дзмітрый Крутой.
Сярод іншых актуальных тэм для Далёкага Усходу — ІT і беспілотнікі. «Тут абкатваюцца многія рашэнні, якіх няма ў Цэнтральнай і Заходняй Расіі, — у галіне разумных гарадоў, інтэлектуальных сістэм. Гэта выклікана вельмі простай акалічнасцю: 40 % тэрыторыі Расіі займае Далёкі Усход, і вельмі нізкая шчыльнасць насельніцтва. Для таго каб займацца маніторынгам пажарнай абстаноўкі ў лясах, вядома, патрэбны беспілотнікі, і яны тут развіваюцца паспяхова. Рэгіёну цікавы наш вопыт. У плане развіцця сістэм разумнага горада, лічбавых і беспілотных сістэм у нас ёсць адпаведныя кампетэнцыі. Думаю, з многімі губернатарамі мы таксама будземгэта паспяхова развіваць», — рэзюмаваў кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта.
Паводле БелТА