Безумоўна, на вынікі сельскагаспадарчай дзейнасці вялікі ўплыў аказваюць капрызы надвор’я, а ў апошнія гады ўсё выразней праяўляюцца глабальныя змены клімату. Тым не менш харчовая бяспека і стабільнасць аграрнага сектара ў немалой ступені залежаць ад стану зямельных рэсурсаў. Гэта нават стала асноўнай тэмай міжнароднай навуковай канферэнцыі, прысвечанай 95-годдзю Інстытута глебазнаўства і аграхіміі НАН Беларусі.
Залаты запас
Пра тое, што беларускія землі патрабуюць асаблівага падыходу і становяцца ўрадлівымі толькі дзякуючы цяжкай працы, гаварылася яшчэ ў ХІХ стагоддзі. Так, у кнізе «Гістарычныя звесткі аб заўважных месцах у Беларусі» гісторык і ваенны тапограф Міхаіл Карніловіч у 1855 годзе пісаў: «Па агульным меркаванні, зямлю ў Беларусі лічаць малаўраджайнай, яе неўрадлівасць многія адносяць да дрэннай і халоднай глебы, якая перашкаджае добраму росту хлебных раслін. З тым, што глеба халодная, не спрачаюся, але каб сама глеба была неўрадлівай, не магу пагадзіцца...»
Сапраўды, без асаблівай зарадкі зямлі-карміцелькі немагчыма было б атрымаць тых ураджаяў, якімі сёння ганарыцца наша краіна. Маніторынг стану глеб, рацыянальнае выкарыстанне, ацэнка і ўзнаўленне іх урадлівасці, аптымізацыя аграхімічных уласцівасцяў — адны з найважнейшых кірункаў даследаванняў вучоных. Развіццё высокаінтэнсіўнага земляробства магчыма толькі на глебах з высокім узроўнем урадлівасці, якую можна «задаваць» дзякуючы тэхналогіям вырошчвання і навукова абаснаваным дозам унясення ўгнаенняў.
На тэрыторыі Беларусі пераважаюць дзярнова-падзолістыя глебы (больш за 90 %), небагатыя па элементах сілкавання. Дзякуючы прадуманым падыходам удалося ўзняць іх урадлівасць. Сёння аграхімічныя паказальнікі каля 30 % нашых глеб адпавядаюць аптымальным значэнням. Адна з праблем, якую трэба было вырашаць, — высокая кіслотнасць глеб, і без яе раскіслення мінеральныя ўгнаенні проста не будуць працаваць. Дзякуючы вапнаванню гэту праблему ўдаецца трымаць на кантролі. Але, як заўважыў акадэмік Віталь Лапа, сістэма вапнавання кіслых глеб распрацоўвалася яшчэ ў 1970-я гады, і ў наш час яна патрабуе пэўных карэкціровак. Напрыклад, трэба разгледзіць, ці мэтазгодна яе праводзіць на тых землях, дзе прыбаўка ўраджайнасці ніжэйшая за выдаткі на вапнаванне.
Неабходна знаходзіць падыходы да зніжэння выдаткаў на раскісленне глеб, вывучаць эфектыўнасць выкарыстання новых форм меліярантаў, напрыклад грануліраванай даламітавай мукі. У савецкія часы, калі колькасць кіслых земляў перавышала 5 мільёнаў гектараў, каб павысіць іх урадлівасць, гэту праблему трэба было вырашаць хутка. Сёння могуць быць запатрабаванымі меліяранты, якія дзейнічаюць «павольна». Так, яны, можа, даражэйшыя, але эканомію дазваляюць атрымаць на захоўванні, тэхналогіях і скарачэнні колькасці ўнясенняў.
Новыя задачы
Перад вучонымі стаяць і новыя задачы. Змянілася структура пасяўных плошчаў. Калі раней глебы рыхтаваліся і нарматывы закладваліся больш пад збожжавыя, цяпер трэба ўлічваць, як шмат сеецца інтэнсіўных культур, цукровых буракоў, рапсу. Новыя беларускія сарты збожжавых маюць высокі патэнцыял ураджайнасці, напрыклад, у азімай пшаніцы ён можа быць да 100 цэнтнераў з гектара. Сярэдняя ўраджайнасць збожжавых і зернебабовых летась па краіне склала 38 ц/га (і гэта пры спрыяльных кліматычных умовах). Важна ствараць умовы для таго, каб патэнцыял сартоў максімальна раскрываўся, улічваць, колькі сучасныя культуры выносяць сілкавання з ураджаем.
Актуальным застаецца пытанне аптымізацыі балансу фосфару і калію. Акадэмік параўнаў унясенне фінансаў у фосфар як у залаты запас, які не абясцэньваецца. Фосфар можа накоплівацца ў глебе і працаваць на ўраджайнасць і стабільнасць гаспадарак.
Для дасягнення плануемай прадукцыйнасці ў раслінаводстве, захаванні і павышэнні ўрадлівасці сёння патрабуецца ўнясенне мінеральных угнаенняў на ўзроўні 300 кг/га NPK, пры гэтым доля фосфару павінна складаць 45–50 кг/га.
Дзякуючы таму, што інстытут штогод разлічвае навукова-абумоўленую норму выкарыстання ўгнаенняў, аграрыі маюць выдатны інструмент, які дазваляе разлічваць прадукцыйнасць і ацэньваць рэзервы ў павышэнні ўрадлівасці глеб.
Перспектыўныя кірункі
Пошук эфектыўных рэсурсазберагальных тэхналогій выкарыстання макра- і мікраўгнаенняў, распрацоўка новых экалагічна прымальных форм комплексных угнаенняў і біялагічных прэпаратаў, адаптаваных да ўласцівасцяў глеб, — гэта таксама сфера дзейнасці вучоных інстытута.
Несумненна, асноўны сродак, які забяспечвае ўраджайнасць, — мінеральныя ўгнаенні. Сёння важна працаваць над іх якасцю і павышэннем эфектыўнасці ад прымянення. Будучыня — за шматкампанентнымі комплекснымі ўгнаеннямі, якія распрацоўваюцца адрасна пад канкрэтныя культуры. Інстытут глебазнаўства і аграхіміі сумесна з Беларускім дзяржаўным тэхналагічным універсітэтам і Гомельскім хімічным заводам распрацавалі неабходны асартымент. Летась была прынята Праграма па расшырэнні аб’ёмаў вытворчасці і прымянення комплексных мінеральных угнаенняў на перыяд да 2030 года.
Між іншым, колькасць зарэгістраваных у дзяржаўным рэестры сродкаў абароны раслін і ўгнаенняў за апошнія 18 гадоў павялічылася ў 10 разоў. З’яўляюцца розныя гандлёвыя маркі, прэпараты з новымі спалучэннямі, напрыклад, аргана-мінеральныя ўгнаенні на аснове гумінавых кіслот. Але часта навінкі — гэта проста перакамбінацыя існуючых элементаў. Перспектыўны кірунак — біялагізацыя тэхналогій пры падкормцысельскагаспадарчых культур, распрацоўка новых мікрабіялагічных угнаенняў з абаронна-стымулюючым эфектам і выкарыстаннем амінакіслот. Важна распрацоўваць і тэхналогіі, якія дазваляюць захоўваць і павышаць «здароўе» глебы.
Вялікую ўвагу вучоныя Інстытута глебазнаўства і аграхіміі ўдзяляюць кліматычным пытанням. Дзякуючы тэхналогіям можна адаптаваць сельскую гаспадарку пад новыя выклікі. Сёння неабходна распрацоўваць рэкамендацыі па прымяненні мінімальнай апрацоўкі глеб (так званыя No-Till i Strip-Till) для зніжэння негатыўных з’яў, якія выклікаюць засухі.
Пры абследаванні глеб не абысціся без лічбавых тэхналогій. Ужо створана электронная база даных па аграхімічным аналізе глеб. Вядуцца праекты па вывучэнні эфектыўнасці дыферэнцыраванага ўнясення мінеральных угнаенняў, меліярантаў, па стварэнні і адаптацыі метадаў разумнага ўнясення азотных угнаенняў на аснове экспрэс-дыягностыкі, распрацоўцы і ўкараненні інтэлектуальных платформ па дакладным земляробстве.
Алена ДЗЯДЗЮЛЯ
Фота БелТА