Па словах старшыні Мінгарвыканкама Уладзіміра Кухарава, які ўзяў удзел у адкрыцці спаборніцтваў, радуе, што ўсе дыстанцыі на Мінскім паўмарафоне папулярныя. Спаборніцтвы сабралі рэкордную за апошнія гады колькасць удзельнікаў. Нікога не палохае дажджлівае надвор’е. Падчас старту было бачна, што ўдзельнікі настроены на перамогу і барацьбу. Гэтыя людзі трэніруюцца, рыхтуюцца і паказваюць правільны прыклад. Мінскі паўмарафон стаў візітнай карткай горада. Упэўнены, што з кожным годам удзельнікаў будзе станавіцца ўсё больш. А Мінск гатовы арганізаваць бегавую падзею на высокім узроўні. І зараз мы з Беларускай федэрацыяй лёгкай атлетыкі правялі вялікую работу, каб удзельнікам было камфортна на дыстанцыі і пасля яе.
На галоўнай дыстанцыі ў 21 км 97 м перамогу сярод мужчын з часам 1 гадзіна 4 хв. 23 сек. атрымаў Боай Маганга з Танзаніі. Другім стаў бягун з Расіі Дзмітрый Сойка, тройку прызёраў замкнуў беларускі спартсмен Уладзіслаў Прамаў.
У жаночым забегу перамогу вырвала кенійка Хільда Кіптум (1:11:13), якая на долю секунды апярэдзіла сваю суайчынніцу Сінтыю Кагеі. Бронзавую ўзнагароду заваявала беларуска Таццяна Шабанава, якая разам з Уладзіславам Прамавым таксама выйграла тытул чэмпіёна Беларусі ў паўмарафоне.
На дыстанцыі 10 км найлепшым у мужчын стаў беларускі атлет Арцём Барабаншчыкаў (30 хв. 52 сек.). Залаты медаль сярод жанчын заваявала прызёр нядаўняга чэмпіянату краіны на гэтай дыстанцыі Вераніка Важнік, якая паказала вынік 35 хв. 53 сек.

— Эмоцыі перапаўняюць, — заявіў Арцём. — Я выступаў раней на дыстанцыі 5, 10 і 21,097 км. Але не перамагаў. А хацелася. Сёння гэта адбылося. Найважнейшае, што атрымалася прадэманстраваць, — моцны і прыгожы бег. На дыстанцыі цяжкасцяў не адчуў. Атрымалася адарвацца ад пераследнікаў. Адпачываць не было калі — даводзілася працаваць і працаваць. Бегам пачаў займацца 16 гадоў таму. Цяпер працую трэнерам па лёгкай атлетыцы ў спартшколе горада Крупкі.
Бегуны стартавалі каля стадыёна «Дынама» на вуліцы Кірава, а фінішавалі на дарожцы галоўнай лёгкаатлетычнай арэны краіны.
Варта адзначыць, што на гэты раз быў значна павялічаны прызавы фонд.

Пераможцы забегаў на 21,1 км папоўнілі свае рахункі на $3000 у эквіваленце. Акрамя таго, прадстаўніца Кеніі Хільда Кіптум дадаткова зарабіла $1000 за рэкорд трасы.
Прычым яна перасягнула папярэдняе найлепшае дасягненне, устаноўленае беларускай Нінай Савінай, адразу на 11 секунд (1:11:13).
Мінскі паўмарафон, які прайшоў, стаў для кожнага сваім. Рознымі былі мэты, дыстанцыі і тэмп. Але настрой за фінішнай прамой аб’ядноўваў усіх. Надвор’е магло дадаць бегунам выпрабаванняў, але не змагло перашкодзіць ні вынікам, ні галоўнаму — атмасферы вялікага спартыўнага свята.