«Праз пакаленне не павінна было застацца беларусаў»
Паводле ўсіх міжнародных дамоў, польскія ўлады не мелі права ўціскаць нацыянальныя меншасці. Польшча стала незалежнай дзяржавай 11 лістапада 1918 года. Пасля
заканчэння Першай сусветнай вайны была абвешчана Польская Рэспубліка.
Згодна з Версальскім мірным дагаворам і «Малым Версальскім дагаворам», што ўступілі ў сілу ў 1919 годзе, Польшча была абавязана прыняць палажэнні, якія датычацца абароны і садзейнічання бесперашкоднаму развіццю нацыянальных меншасцяў. Напрыклад, у 7 і 8 артыкулах «Малога Версальскага дагавора» выразна гаварылася, што грамадзяне, незалежна ад расавых, этнічных і рэлігійных прыкмет, роўныя перад законам і маюць тыя ж агульныя правы, што і ўсе астатнія. Але на практыцы ўсё было зусім не так.
— Спачатку на заканадаўчым узроўні ніхто нічога не забараняў, інакш гэта супярэчыла б міжнародным пагадненням. Таму польскія ўлады шукалі іншыя спосабы, каб выкараніць беларускую адукацыю, — тлумачыць гісторык. — Бо мэта была адна — цалкам асіміляваць беларускае насельніцтва. Акупанты былі перакананыя: той, хто кантралюе школу сёння, заўтра будзе кантраляваць народ. Праз пакаленне не павінна было застацца беларусаў, усе яны мусяць стаць палякамі і падзяляць каштоўнасці Рэчы Паспалітай. Беларуская мова не ўспрымалася як мова нацыі, яе адносілі да польскага дыялекту, які проста трэба было выцесніць з ужытку.
Палітыка польскай адміністрацыі была накіравана на ажыццяўленне дзяржаўнай асіміляцыі насельніцтва Заходняй Беларусі. Згодна з мемарыялам «Стан беларускага пытання на ўсходніх тэрыторыях» Дэпартамента па справах Усходніх зямель Міністэрства замежных спраў Польшчы ад 30 ліпеня 1920 г., першараднай задачай ставілася паланізацыя насельніцтва каталіцкага веравызнання, а беларускі рух мог бы развівацца толькі ў раёнах з пераважна праваслаўным насельніцтвам, каб «нейтралізаваць там рускі ўплыў». Пад першас-
ную асіміляцыю павінны былі трапіць землі, якія аддзялялі Віленскі край і цэнтральную Польшчу, у першую чаргу — Гродна і Ліда. Таму не магло быць і гаворкі пра арганізацыю там беларускіх школ.
Перакрывалі кісларод
У пачатку 1920-х гадоў на тэрыторыі Заходняй Беларусі польскія ўлады праводзілі палітыку ліквідацыі беларускіх школ праз адміністрацыйны ціск на падставе недахопу фінансавання або неадпаведнасці санітарным нормам. Падобныя меры дазвалялі фармальна выконваць міжнародныя абавязацельствы, пазбягаючы прамых заканадаўчых забарон на нацыянальную адукацыю.
Яшчэ адзін крок — увядзенне двухмоўных (утраквісцкіх) школ. Яны сталі галоўным юрыдычным і практычным інструментам, з дапамогай якога польскія ўлады ліквідавалі беларускую пачатковую адукацыю. З прыняццем законаў «Аб мове...» (вядомы як «закон Грабскага») і «Некаторых палажэнняў арганізацыі адукацыі» і ў 1924 годзе сітуацыя пагоршылася. Напрыклад, для адкрыцця беларускай установы адукацыі неабходна было сабраць мноства подпісаў бацькоў. Аднак мясцовая адміністрацыя і паліцыя аказвалі ціск на тых, хто падпісаўся, запалохваючы іх або анулюючы заявы па фармальных падставах. Улады забаранялі склікаць сходы мясцовага насельніцтва для абмеркавання пытанняў арганізацыі школ на роднай мове.
І гэта далёка не поўны спіс усіх мер, якія прымяняліся для ліквідацыі беларускай сістэмы адукацыі.
У 1922/1923 навучальным годзе ў Заходняй Беларусі было каля 400 беларускіх школ. Да 1930 года іх засталося менш за 30. Сітуацыя пагоршылася пасля прыходу ў 1926-м да ўлады Юзэфа Пілсудскага. Ён і яго прыхільнікі ўзялі курс на жорсткае сціранне любога іншадумства. У Заходняй Беларусі гэта вылілася ў маштабныя палітычныя рэпрэсіі, арышты і адміністратыўны тэрор, накіраваны супраць беларускага нацыянальнага руху.

«Хлопца павесілі»
Нягледзячы на тое, што школы і гімназіі — гэта дзеці і падлеткі, тут таксама назіралася супраціўленне польскім уладам. Так, Нясвіжская беларуская гімназія працавала таемна з 1923-1924 гг. Акупанты больш за ўсё баяліся менавіта гімназій, бо там вучыліся падлеткі і больш дарослыя людзі. На пачатак 1920-х на тэрыторыі Заходняй Беларусі было 7 беларускіх гімназій: ў Вільні, Навагрудку, Гродна, Нясвіжы, Гарадку, Клецку і Радашковічах.
У першай палове 1930-х яны ўсе былі зачыненыя. Застаўся толькі маленькі кавалачак беларускасці — Віленская гімназія, якая ў 1934 годзе стала філіялам Польскай дзяржаўнай гімназіі.
— Моладзь змагалася за культуру і гісторыю. Адбываліся сутычкі з паліцыяй, арышты, шмат хто бег у БССР ці іншыя краіны, — расказвае Кірыл Ананька. — Калі я даследаваў гэту тэму, некаторыя задакументаваныя факты вельмі ўразілі. Напрыклад, у Навагрудскім ваяводстве адбылася сутычка мясцовых жыхароў, сярод якіх былі і вучні беларускай гімназіі, з паліцыяй. Некалькі чалавек яны схапілі, але асабліва не пашанцавала Аляксандру Мальцу. Яго прыгаварылі да смерці. Хлопца павесілі, яму было ўсяго 16. І ён не быў нейкім крымінальным злачынцам, забойцам ці злодзеем. Ён проста хацеў быць беларусам.... Нягледзячы на ўсю небяспеку, моладзь актыўна далучалася да нацыянальнага руху, напрыклад, вучань Віленскай беларускай гімназіі Іван Бурсевіч збіраў пасылкі для арыштаваных, выносіў канфіскаваныя нумары беларускіх часопісаў да таго, як іх забяруць цэнзурныя органы.
Падчас даследаванняў мой суразмоўца высветліў, што польскія ўлады настолькі сур’ёзна ўспрымалі тэму адукацыі, што падсылалі шпіёнаў ва ўстановы адукацыі і гурткі. Завербаваныя сачылі і дакладвалі, а таксама ўносілі разлад, спецыяльна правакавалі канфлікты. Усё гэта было дзеля таго, каб раз’яднаць беларусаў.
Змагаліся нягледзячы ні на што
Кірыл Ананька ўжо 10 гадоў займаецца навукова-гістарычнай дзейнасцю, і ён заўсёды адчуваў асаблівую цікавасць да Заходняй Беларусі ў міжваенны перыяд. Як адзначыў мой суразмоўца, гэта ўнікальны перыяд беларускай гісторыі, нацыянальнай барацьбы і культурнага кантрасту. Не так даўно ён абараніў кандыдацкую дысертацыю, якая прысвечана дзейнасці беларускіх гімназій. Беларусы змагалася нягледзячы ні на што, многія імёны назаўжды ўпісаны ў гісторыю нацыянальнага супраціўлення Беларускія навучальныя ўстановы сталі адным з нацыянальна-культурных цэнтраў міжваеннай Заходняй Беларусі ва ўмовах паланізацыі. Велізарная роля ў гэтай справе належала таксама і настаўнікам. Кампазітары Рыгор Шырма, Антон Валынчык, Альбін Стэповіч, беларусазнаўцы Аляксандр Шумскі, Язэп Шнаркевіч, мастак Язэп Драздовіч і іншыя педагогі актыўна садзейнічалі развіццю творчых здольнасцяў маладога пакалення беларусаў. Асветніцкая праца не абмяжоўвалася сценамі гімназій. Педагогі і навучэнцы арганізоўвалі канцэрты, тэатральныя пастаноўкі, лекцыі, у тым ліку і для мясцовых жыхароў наваколля Вільні, Навагрудка, Радашковічаў і Клецка. Некаторыя выпускнікі беларускіх гімназій у будучым сталі «рухавікамі» беларускай навукі і культуры: паэты Валянцін Таўлай, Максім Танк (Яўген Скурко), дзеячы падпольнага руху: журналіст Якуб Міско і паэт Анатоль Іверс (Іван Міско), кампазітар Аляксандр Шыдлоўскі, вучоны-фізік Леанід Барысаглебскі і іншыя. Адзін з былых вучняў Клецкай беларускай гімназіі Міхаіл Мінкевіч у 1968–1985 гадах займаў пасаду Міністра асветы БССР.
Ніхто з іх ні на якіх умовах не пакідаў свайго роднага, беларускага. Да апошняга на тэрыторыі Заходняй Беларусі былі агеньчыкі супраціву. Аб гэтым раскажам далей.
Вераніка КАЗЛОЎСКАЯ