Top.Mail.Ru
0

«Білі за тое, што ён гаварыў на сваёй, беларускай мове»

07.09.2026 | 10:22

У вераснёўскіх падшыўках «Звязды» 1939 года знаходзім жывыя сведчанні вызваленых ад прыгнёту людзей. Беларусы радасна сустракалі чырвонаармейцаў і дзяліліся з імі тым, што давялося перажыць «за польскім часам».


У гарадах і мястэчках, куды заходзіла Чырвоная Армія, ствараліся часовыя ўпраўленні, рабочыя дружыны, наладжваўся гандаль, медыцынскае абслугоўванне, адкрываліся школы, дэманстраваліся савецкія кінафільмы. Натоўпы людзей збіраліся каля гучнагаварыцеляў, каб паслухаць апошнія навіны. Людзі разбіралі прывезеныя ім газеты, перадавалі іх з рук у рукі. Дарэчы, «Звязды» на Заходнюю Беларусь ужо ў верасні 1939 года паступала 30 тысяч экзэмпляраў.

У гарады здалёк ішлі сяляне, каб даведацца, што адбываецца, як працаваць далей, што будзе з памешчыцкай зямлёй. «Звязда» паведамляла, што 20 верасня на гарадскім мітынгу ў Стоўбцах прысутнічала 25 тысяч чалавек, з іх 5 тысяч вясковага насельніцтва. Людзі дзяліліся сваімі гісторыямі. Супрацоўнік дэпо расказаў , што «яго білі за тое, што ён гаварыў на сваёй, беларускай мове», чорнарабочы — што яго як беларуса не дапускалі да самай простай работы. Селянін са слязамі на вачах абдымаў чырвонаармейцаў і расказваў аб галечы, што ўжо тры месяцы, як у яго хаце не было кавалка хлеба, прыходзілася жабраваць, хадзіць з торбай. 25-гадовы пячнік цікавіўся, ці зможа паступіць у навучальную ўстанову.

Радасна Чырвоную Армію сустракалі ў Навагрудку: «Усе ўпэўнены, што зараз іх ніхто не адарве ад вялікага Совецкага Саюза, што пад магутнай абаронай совецкай краіны ім не прыйдзецца больш ні галадаць, ні цярпець ад бяспраўя і нацыянальнага гнёту, ні марнець у змроку невуцтва».

Дацямна 22 верасня працавала часовае ўпраўленне ў Баранавічах, да таго ж адбыліся сходы чыгуначнікаў і настаўнікаў. «Жанчыны, якія прысутнічаюць на сходах, задаволены, што яны могуць працаваць на роўні з мужчынамі і зарабляць як мужчыны».

«Літаральна ўсё насельніцтва мястэчка Радашковічы высыпала на вуліцу... Як толькі байцы спыняюцца, іх акружаюць сотні людзей, кожны хоча моцна паціснуць руку байцу. Завязваецца гутарка. Гавораць свабодна, шчыра, расказваюць аб фактах здзекаў памешчыкаў над сялянамі, аб збіваннях». Аўтары «Звязды» адзначаюць, што «сяляне босыя ў старым адзенні. Многія просяць прабачэння, што яны дрэнна апрануты».

Падобныя паведамленні ішлі са Слоніма, Ваўкавыска, Маладзечна, Ліды, Краснага ды іншых населеных пунктаў. Кожная сустрэча — скаргі, просьбы, пытанні, надзеі. Сяляне расказвалі, што не маглі ні дроў нарубіць, ні нават галля ў лесе назбіраць, а за паход у ягады трэба было набываць «квіт»; яны не маглі паверыць, калі чулі, што цяпер і лясы, і зямля будуць належыць ім. Беспрацоўныя звярталіся з просьбай дапамагчы знайсці работу. Дырэктар школы Пётр Нехвацюк, які разам з настаўнікамі ў Баранавічах з прыходам савецкай улады ўзяўся за наладжванне школьнай работы і арганізацыю вучобы па-беларуску, расказаў, што вялікая група настаўнікаў-беларусаў была гвалтоўна перавезена ў цэнтральную Польшчу, што беларуская мова зганялася не толькі са школ, але і з усіх урадавых устаноў, што польскія ўлады абавязалі духавенства праваслаўных цэркваў весці пропаведзі толькі на польскай мове. «Паўтара года назад у нас, у Баранавічах, адбыліся выбары гласных у гарадскі магістрат. У часе выбараў нярэдка збівалі кандыдатаў, якія былі няўгодны ўладам. Збівалі таксама і выбаршчыкаў, якія маглі галасаваць за няўгодных уладам кандыдатаў».

Настаўніца са Стоўбцаў расказала, што «вучняў збівалі за тое, што яны гаварылі на роднай беларускай мове», што ў гімназію «дзяцей не прымалі па «не заможнасці». У школах выкладалі на польскай мове, у той час як большасць жыхароў — беларусы. З прыходам савецкай улады вырасла колькасць жадаючых вучыцца, бо раней навучанне было платным, не ўсе маглі сабе яго дазволіць. Настаўнікі, якія змаглі прыступіць да работы, радасна дзяліся, што ў першы раз змаглі правесці заняткі па-беларуску.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю