Традыцыя, закладзеная Прэзідэнтам
Асноўнымі тэмамі свята сёлета сталі 85-я гадавіна пачатку Вялікай Айчыннай вайны, Год беларускай жанчыны, юбілеі класікаў беларускай літаратуры і пяцігодка
якасці.

Урачыстае адкрыццё XXXІІІ Дня беларускага пісьменства адбылося на галоўнай плошчы горада. Намеснік Прэм’ер-міністра Наталля ПЯТКЕВІЧ зачытала віншаванне ад
Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі.
— У кожным кутку Беларусі ёсць свае вытокі з асаблівай гісторыяй. Краіна ў нас кампактная, але такая розная па культуры побыту і традыцыях нават у межах адной часткі, — адзначыла Наталля Пяткевіч. — Гэта на самай справе вельмі добра, што Дні беларускага пісьменства праводзяцца ў розных кутках краіны, дзе мы можам гэта свята адчуць па-асабліваму. Летась былі ў Лідзе, сёлета — у Касцюковічах. Кожны раз у свяце ёсць сваё адценне.
На яе погляд, рашэнне праводзіць Дзень беларускага пісьменства ў невялікіх гарадах — правільнае:
— У дадзеным выпадку скажу як член урада з эканамічнага пункту гледжання. У свой час кіраўнік дзяржавы даў старт «Дажынкам» — гэта быў спосаб прывядзення ў парадак кожнага населенага пункта, дзе адбывалася свята. І вось мы такімі святамі, як «Дажынкі», Дзень беларускага пісьменства, «Вытокі», па сутнасці, выраўноўваем умовы жыцця, арганізацыі вольнага часу. Таму такія святы трэба праводзіць у невялікіх гарадах. Гэта надае ім асаблівую каштоўнасць. Нават у сілу таго, што горад кампактны, усё будзе адчувацца нашмат ярчэй.
Наталля Пяткевіч падкрэсліла і важнасць таго, што любоў да літаратуры, друкаванага слова перадаецца моладзі:
— Сёння мы бачым беларускіх маладых аўтараў, якія ўносяць новыя традыцыі, свае адценні. Самае галоўнае, што яны працягваюць усё гэта і што ім цікава. Відаць, што ўсе намаганні, якія прадпрымаюцца дзяржавай па стымуляванні, тыя магчымасці, якія даюцца для таго, каб яны тварылі, прыносяць плён, пачынаючы ад адукацыі і заканчваючы матэрыяльнай падтрымкай пры выданні. Такой стымулюючай мерай выступае і гэта свята.

У сваю чаргу міністр інфармацыі Дзмітрый ЖУК у размове з журналістамі заявіў, што прыгажосць беларускай мовы відавочная — яна прыгожая і мілагучная:
— А само свята можна апісаць некалькімі словамі — гэта духоўна, асэнсавана, святочна і з настроем. Гэта ўсмешкі на тварах гасцей і ўдзельнікаў. Дзень беларускага пісьменства — адна з тых традыцый, якая была закладзена Прэзідэнтам і якая шчыльна ўкаранілася. Яна аб’ядноўвае не толькі пакаленні, а ўсю краіну праз нашы беларускія словы, праз нашы духоўнасць і традыцыі.
Міністр таксама расказаў, якія сюжэты твораў лічыць цікавымі:
— Пісаць заўсёды трэба пра чалавека, пра яго лёс, выбар і пра тое, як ён сябе адчувае, якія мэты ставіць перад сабой і як іх дасягае. Гэта самыя цікавыя гісторыі. Цяпер у Беларусі шмат маладых аўтараў. Хтосьці піша на рускай мове, хтосьці — на беларускай. І гэта вельмі добра. Яны вельмі цікавыя маладыя людзі, са сваім пунктам гледжання і разуменнем свету. Усе яны таленавітыя, розныя і цікавыя.
Літаратурны Алімп
Уразіла сваёй насычанасцю канцэртная праграма адкрыцця свята — з дапамогай песень і танцаў артысты віртуозна раскрывалі перад гледачамі асаблівасці беларускага культурнага кода. Аднак самым хвалюючым і доўгачаканым момантам мерапрыемства стала ўручэнне ўзнагарод лаўрэатам Нацыянальнай літаратурнай прэміі.

Сярод паэтычных зборнікаў найвышэйшую ўзнагароду атрымала кніга «Котра» Вольгі Русілка. У прозе найлепшым прызнаны твор Навума Гальпяровіча «Чырвоны мост». Драматургічную пальму першынства забраў Анатоль Зэкаў з п’есай «Двор пад буслінымі крыламі». У публіцыстыцы не аказалася роўных Ігару Марзалюку і яго кнізе «Кроў на белым тле. Беларускія калабарацыяністы ў часы акупацыі БССР». Дзмітрый Радзівончык стаў лаўрэатам у намінацыі літаратурнай крытыкі і літаратуразнаўства дзякуючы працы «Масты і берагі. Нарэшце я зразумеў, як гэта працуе...» Дзіцячая і падлеткавая літаратура таксама атрымала свайго чэмпіёна — кнігу Генадзя Аўласенкі «Як Вадзянік з людзей жартаваць спрабаваў». А найлепшым дэбютам года прызнаны «Запіскі юнай хірургіні» Паліны Корневай. Дарэчы, нам удалося паразмаўляць з гэтым паспяховым маладым аўтарам.
Паліна КОРНЕВА вучыцца на 5-м курсе лячэбнага факультэта БДМУ. Тым не менш пісаць яна пачала ўжо з 17 гадоў:
— Гэта самы плённы з усіх маіх зборнікаў. У яго ўвайшлі ўсе творы, якія на дадзены момант у мяне ёсць. Над яго стварэннем вялася работа на працягу больш чым трох гадоў. Нягледзячы на назву, тут сабраны творы самай рознай тэматыкі, а не толькі медыцынскай, як можа здацца на першы погляд.

На пытанне, чаму яна абрала такую прафесію, Паліна Корнева адказала:
— У мяне ёсць адчуванне, што ў мінулым жыцці я была медыкам. Інакш ніяк не магу растлумачыць цягу да гэтай сферы. У маёй сям’і няма ўрачоў, ніхто з блізкіх сваякоў не звязаны з медыцынай, але з самага ранняга дзяцінства я памятаю, што хацела быць урачом. Да таго ж у 9-м класе мне прарочылі лёс альбо журналіста, альбо літаратара. Я казала, што аб’яднаю ў сабе гэта. Так і атрымалася.
Падзяліўся сваімі ўражаннямі і пераможца ў намінацыі «Найлепшы твор літаратурнай крытыкі і літаратура-знаўства» Дзмітрый РАДЗІВОНЧЫК:
— Пачуцці перапаўняюць! Я апынуўся ў славутай камандзе лаўрэатаў дзякуючы гэтай найвышэйшай літаратурнай узнагародзе. Гэта вялікі гонар, але і вялікая адказнасць.
Я стаўлюся вельмі спакойна да рознага кшталту спаборніцтваў, конкурсаў — трэба ўмець і перамагаць, і прайграваць. Але тут справа іншая. Ёсць такі прынцып, я лічу яго сваім жыццёвым і творчым крэда: усё пачынаецца са свайго. Гэта і ідэя патрыятызму, і працяг асветніцкіх традыцый Беларусі.
Сваю кнігу «Масты і берагі. Нарэшце я зразумеў, як гэта працуе...» Дзмітрый прысвяціў творчасці калег-пісьменнікаў Гродзеншчыны:
.jpg)
— Я добра знаёмы з творчасцю кожнага. Мая кніга — спроба завастрыць увагу на такой з’яве, як мастацкая камунікацыя. Мы бачым, колькі намаганняў прыкладвае дзяржава, колькі падзей адбываецца вакол літаратуры, але самая галоўная падзея і самы галоўны ўдзельнік творчага і літаратурнага працэсу — гэта чытач. У сённяшнім зменлівым свеце адбываюцца метамарфозы і з літаратурнай крытыкай. Сучасная крытыка, на мой погляд, выхоўвае чытача — дасканалага, узнёслага, зацікаўленага, неабыякавага, новага прагрэсіўнага чалавека — нашага суайчынніка.
Святло «Звязды»
Ад галоўнай плошчы вялікі струмень людзей накіроўваўся па вуліцы Ленінскай. Там разгарнуліся фестываль кнігі і прэсы, тэматычная інтэрактыўная прэзентацыя рэгіёнаў Магілёўскай вобласці, ведамасныя і галіновыя павільёны. Дарэчы, Выдавецкі дом «Звязда» быў прадстаўлены не толькі там, але і асобна на дзіцячай пляцоўцы.
— Сёлета на Дзень беларускага пісьменства мы прывезлі серыю кніг лаўрэатаў Нацыянальнай літаратурнай прэміі, якія выйшлі з пачатку гэтага года. Усяго гэта 10 кніг такіх аўтараў, як Мікола Чарняўскі, Уладзімір Мазго, Влада Альхоўская, Алесь Марціновіч і іншыя. Акрамя таго мы прадставілі шырокі спектр літаратуры па пазакласным чытанні і вельмі вялікі асартымент дзіцячай літаратуры, — падзялілася намеснік дырэктара Выдавецкага дома «Звязда» Святлана ГАНЦАРЭВІЧ.

Таксама яна расказала, што ў выдавецтва ёсць добрая традыцыя, звязаная з Днём беларускага пісьменства: рабіць кнігі, прысвечаныя раёнам, дзе праходзіць свята:
— Сёлета Дзень беларускага пісьменства — у Касцюковічах, таму Выдавецкі дом «Звязда» сумесна з Магілёўскім аблвыканкамам выпусцілі спецыяльнае інтэрактыўнае выданне для дзяцей — «Касцюковічы — мой родны край». Гэта яркі 48-старонкавы краязнаўчы дапаможнік, цалкам адаптаваны для дзяцей малодшага школьнага ўзросту. У кнізе сабраны займальныя факты пра прыроду, багатую гісторыю, традыцыі і культуру Касцюковіцкага раёна. Выданне было падрыхтавана як падарунак для падрастаючага пакалення — кожны першакласнік Касцюковіч і Касцюковіцкага раёна атрымаў асобнік на ўрачыстых лінейках 1 верасня.

Безумоўна, пунктам прыцягнення стаў музей рэдкай кнігі ў рамках Дня беларускага пісьменства. Пад яго ў спецыяльным павільёне на цэнтральнай плошчы адвялі больш як трыста квадратных метраў. Тут сабралі ўнікальныя помнікі кнігадрукавання з усёй краіны — ад Брэсцкай Бібліі і старажытных старадрукаваных выданняў да стараславянскіх рукапісаў і рарытэтаў, якія захоўваюцца ў бібліятэках розных рэгіёнаў краіны. Асабліва ўражлівую экспазіцыю прадставілі Нацыянальная бібліятэка, бібліятэка Адміністрацыі Прэзідэнта, іншыя музеі і кніжныя зборы, звязаныя з гісторыяй літаратуры.


Зусім побач размясцілася і скульптурная кампазіцыя «Алесь і Алеся», устаноўленая ў Касцюковічах да Дня беларускага пісьменства. У аснову вобраза ляглі лірычныя творы народнага паэта Беларусі Аркадзя Куляшова. Таксама адзін з дамоў горада ў мікрараёне Маладзёжным упрыгожыў новы мурал «Майстры роднага слова» — на ім намаляваны партрэты Аркадзя Куляшова, Івана Чыгрынава і Алеся Пісьмянкова.

Увогуле ўся праграма свята была напоўнена творчымі сустрэчамі, прэзентацыямі кніжных навінак, выстаўкамі, квэстамі і інтэрактывамі. Так, у гульнявой форме нават самыя маленькія госці свята маглі даведацца крыху больш пра гісторыю пісьменства і літаратуру.

Да сустрэчы ў Маладзечне!
Важным мерапрыемствам стаў і святочны гала-канцэрт. Менавіта там раскрылася галоўная інтрыга: куды ж адправіцца Дзень беларускага пісьменства ў наступным годзе? У адпаведнасці з найлепшымі традыцыямі свята, старшыня Касцюковіцкага райвыканкама Наталля АСМАЛОЎСКАЯ перадала вымпел сталіцы Дня беларускага пісьменства старшыні Маладзечанскага раённага выканаўчага камітэта Паўлу ГУБКУ. Такім чынам, Дзень беларускага пісьменства ў 2027 годзе пройдзе ў Маладзечне.
Лізавета ГОЛАД,
фота аўтара