Брэсцкі рэгіён першым у краіне пачаў ушаноўваць працаўнікоў сяла. У суботу ў Жамчужным, што недалёка ад Баранавічаў, з размахам прайшло абласное свята хлебаробаў. Асабліва сімвалічна, што аграгарадок стаў адзіным сельскім населеным пунктам у краіне, які ўдастоіўся гонару прыняць маштабны абласны фестываль. Акрамя таго, сёлета свята адзначае трыццацігоддзе з дня адраджэння — упершыню з рэспубліканскім размахам «Дажынкі» прайшлі ў Століне і з тых часоў традыцыйна завяршаюць жніво ў кожнай вобласці.
«Плён прыносіць зладжаная праца»
Старшыня Брэсцкага аблвыканкама Пётр ПАРХОМЧЫК адзначыў, што гісторыя «Дажынак» — пра тых, хто выбраў справай свайго жыцця працу на зямлі, гатовы спрачацца з прыродай за кожны пагодлівы дзень, асвойваць новую тэхніку і тэхналогіі для высокага ўраджаю.
«Плён прыносіць зладжаная праца аграномаў, механізатараў, камбайнераў, вадзіцеляў, кіраўнікоў гаспадарак і раёнаў, — падкрэсліў кіраўнік вобласці. — Брэсцкая вобласць сёлета атрымала больш як 1,4 мільёна тон збожжа. Добрую дынаміку па зборы збожжавых атрымалі палескія рэгіёны. Да мінулага года звыш 24 тысяч тон дадаў Лунінецкі раён, больш за 10 тысяч тон — Пінскі, 9 тысяч тон — Столінскі. Плюс 7 тысяч тон — у Ганцавіцкага раёна. Гэта ўсё яшчэ раз пацвярджае, што распрацаваная па даручэнні Прэзідэнта і зацверджаная ўрадам Праграма развіцця раёнаў Прыпяцкага Палесся на 2025 — 2030 гады дае добры вынік.

У паўднёва-заходнім рэгіёне сёлета ўрадзіў азімы рапс. Яго валавы намалот — каля 237 тысяч тон. Ён перасягнуў леташні на трэць, ураджайнасць вырасла на 6,5 цэнтнера. Годны вынік, прычым дадалі ўсе без выключэння раёны».
Пётр Пархомчык акцэнтаваў увагу, што за кожнай тонай хлеба стаяць канкрэтныя людзі, прафесіяналы, чыёй справай жыцця стала сельская гаспадарка. «На ўборачнай дапамагала аграрыям вялікая каманда людзей, якія працуюць у іншых сферах, — заўважыў губернатар. — Вельмі важна, што аграрныя традыцыі з кожным годам упэўнена прымае наша моладзь. Нароўні з вопытнымі аграрыямі працавалі 111 маладзёжных і 141 сямейны экіпажы, 171 малады вадзіцель. Годна папрацавалі рабяты са студэнцкіх атрадаў. У Год беларускай жанчыны ў складзе экіпажаў на збожжаўборачных камбайнах адпрацавалі 27 дзяўчат. Малайцы! Як заўсёды, гатовыя падставіць плячо ў любой справе».
«На Брэстчыне людзі ўмеюць, могуць і ведаюць, як працаваць»
У ліку ганаровых гасцей свята — намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Дзмітрый МАТУСЕВІЧ, які адзначыў сёлетні нядрэнны каравай у Брэсцкай вобласці.
«Да сённяшняга дня Брэсцкая вобласць у асноўным завяршыла ўборку збожжавых, зернебабовых і рапсу, але ёсць яшчэ шмат іншых задач, — падкрэсліў Дзмітрый Матусевіч. — Уклад рэгіёна значны — больш за 1,6–1,7 мільёна тон збожжа. Гэта высокі паказчык. Ураджайнасць таксама нядрэнная».

Намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта таксама звярнуў увагу, наколькі далёка наперад ступіла сельскагаспадарчая галіна ў сваім развіцці за гады незалежнасці краіны.
«Нашы людзі добра працуюць, умеюць працаваць, забяспечаны тэхнікай. Самае галоўнае, як мне здаецца, ужо на працягу шэрагу гадоў я назіраю за гэтым працэсам: тое, што мы сталі прамысловай вытворчасцю. Гэта не старая сельская гаспадарка, калі за трохтысячныя надоі малака давалі званне Героя Савецкага Саюза і ордэн Леніна. Цяпер надоі звыш шасці, а на Брэстчыне, бывае, і больш за дзесяць тысяч кілаграмаў. Гэта гаворыць аб тым, што людзі разумеюць свой уклад, працуюць, зарабляюць. Прырода ў большасці выпадкаў спрыяе таму, хто імкнецца. Таму і такі хлеб, і такі рапс, будзем спадзявацца, што і кукуруза будзе выдатная.
Вядома, мы на „Дажынках“ заўсёды засяроджваемся на працы раслінаводаў, камбайнераў, механізатараў. Але ў забеспячэнні харчовай бяспекі вялікі ўклад і жывёлаводаў. Сёлета спаўняецца 50 гадоў „Савушкіну прадукту“, які, па сутнасці, перапрацоўвае чвэрць малака ў краіне. І ў яго інвестыцыйныя планы не спыняюцца. Ён ідзе далей у Аршанскі раён, таксама ўзяў да сябе і абяцае мадэрнізаваць да першага квартала наступнага года Полацкі малочны завод. Можна ўкласці грошы, розныя інвестыцыі, станкі, абсталяванне, але калі няма кампетэнцый і няма людзей, якія ведаюць, як працаваць, то нічога не выйдзе. Гэта самае важнае. І вось на Брэстчыне людзі ўмеюць, могуць і ведаюць, як працаваць».
«Думаю, што аграрыі Брэстчыны пакажуць чарговы раз добры вынік»
Намеснік Прэм’ер-міністра Беларусі, упаўнаважаны Прэзідэнта па Брэсцкай вобласці Юрый ШУЛЕЙКА падчас свята зачытаў прывітальны адрас кіраўніка дзяржавы аграрыям першага рэгіёна.
Акрамя таго, у сваім выступленні віцэ-прэм’ер адзначыў важкі і стабільны ўклад Брэсцкай вобласці ў забеспячэнне харчовай бяспекі краіны.

«Вядома, надвор’е (менавіта сёлетняя спякота) перашкодзіла рэгіёну выканаць план больш, — заўважыў Юрый Шулейка. — Але ўсё роўна пасля заканчэння ўборкі разам з кукурузай, думаю, што аграрыі Брэстчыны пакажуць чарговы раз добры вынік. Прэзідэнт нам паставіў задачу збіраць 12 мільёнаў тон збожжавых і зернебабовых разам з кукурузай. Думаю, што сёлетні ўраджай будзе не меншы за ўзровень мінулага года. Але сёння ўжо трэба думаць, які ўраджай будзе ў наступным годзе. І мы ставім сабе задачу сабраць не менш за 12 мільёнаў тон збожжа. Таму аграрыі працуюць, каб паспець укласціся ў аптымальныя тэрміны. Уборка сёння (5 верасня. — „Зв.“) практычна завершана. Усе культуры, якія ўбраны, мы ўжо сеем, занятыя масавай нарыхтоўкай сіласу. У далейшым будзем прыбіраць кукурузу на зерне. У канчатковым выніку павінны атрымаць дастаткова важкі ўраджай, які адназначна будзе вышэйшы за 11 мільёнаў тон, для таго, каб харчовая бяспека нашай краіны па-ранейшаму заставалася на высокім узроўні».
Шэсце святочнай калоны, новыя арт-аб’екты і арыгінальныя падворкі
Гасцінна Баранавіцкая зямля сустрэла не толькі высокіх гасцей, а ўсіх, хто захацеў далучыцца да гэтай душэўнай падзеі.
З самай раніцы на Цэнтральнай вуліцы ў аграгарадку разгарнулі гандаль павільёны, якія абысці бокам амаль не ўяўлялася магчымым, — так вабіў пах шашлыкоў, смажаных каўбасак, выпечкі з палатак грамадскага харчавання.

Атмасферу ўсеагульнага свята таксама стваралі падворкі раёнаў — арыгінальна аздобленыя, гасцінныя, асаблівыя. Так, напрыклад, на падворку Баранавіцкага раёна маленькіх гасцей сустракалі жывёлы з мясцовага парку. На падворку Ляхавіцкага раёна праводзілі майстар-клас па ткацтве паясоў у старадаўняй беларускай тэхніцы. Ганцавіцкі падворак прадставіў берагінь і здзівіў «аграрыем 2037 года» — дзіцем на дзіцячым трактары, які плануе ў будучыні працаваць у сельскай гаспадарцы.
Для свята таксама арганізавалі фотазоны з аб’ёмнымі ягадамі, салодкім паветраным шарам, кукурузна-бульбяныя «крыжыкі — нулікі», яблычна-бульбяныя шашкі, лабірынт з сена для дзяцей.
У абед стартавала шэсце святочнай калоны. Дэлегацыі раёнаў Брэстчыны прайшліся па вуліцах аграгарадка — героі жніва, найлепшыя аграномы, хлебаробы, камбайнеры, вадзіцелі. Дзякуючы іх майстэрству, працавітасці і самааддачы першы рэгіён дасягнуў значных вынікаў: Брэсцкая вобласць у 2026 годзе першай у краіне завяршыла жніво, намалот склаў 1 мільён 636 тысяч тон збожжа і алейнага семя рапсу, сярэдняя ўраджайнасць — 40,7 цэнтнера з гектара.
Адразу пяць раёнаў сабралі больш як 100 тысяч тон збожжа.
Мясцовыя жыхары, якія прысутнічалі на свяце, адзначылі, што Жамчужны падчас падрыхтоўкі да «Дажынак» моцна змяніўся. Вікторыя КУЗМІЧ і Вікторыя ЯРМОШЫК, як паведаміла БелТА, — родам з гэтага аграгарадка. Дзяўчаты падзяліліся сваімі ўражаннямі:
«Вельмі класна! Святла ў цёмны час сутак стала больш, дамы ўпрыгожылі ўзорамі. Работы ішлі даўно — мы ўсё гэта бачылі. На падворках паспелі паспрабаваць ёгурт і сыр. Хочацца ўсё абысці».

Сяргей ДЫДЫШКА прыехаў з жонкай і сынам з Баранавічаў. «Арганізавана ўсё добра, відаць, што праведзена вялікая работа, — падзяліўся думкамі мужчына. — Мы спецыяльна прыехалі на „Дажынкі“ паглядзець, як тут усё ўладкавалі. Дзяўчаты з кожнага раённага падворка спяваюць прыгожа. Увечары тут будзе яшчэ весялей».
Наталля і Генадзь НІКАНЮК з Баранавічаў таксама адзначылі перамены. «Абышлі ўсё і ўбачылі шмат новых арт-аб’ектаў, — расказалі яны. — Вось, напрыклад, тут з’явілася не проста клумба, а жар-птушка з узорам з кветак. Плітка на дарозе выкладзеная, зручна ўсё. Мы купілі цэлы заплечнік прадуктаў мясцовай вытворчасці і сувеніраў рамеснікаў. Жамчужны моцна змяніўся».
Увечары для ўсіх удзельнікаў свята арганізавалі канцэрт, а завяршылася праграма маляўнічым феерверкам. І, дарэчы, стала вядома, што ў наступным годзе гаспадаром свята працаўнікоў сяла стане Столінскі раён. Да новых сустрэч!
Фота БелТА