Top.Mail.Ru
0

Усё пачынаецца з сям’і. У гэтым упэўнена шматдзетная маці і пераможца конкурсу «Краса Беларусі — 2024» Вольга Ціханенка


У кожнага свята ёсць свае вытокі, свая перадгісторыя. У гэтым плане Дзень народнага адзінства вельмі паказальны. Ён не толькі нагадвае нам аб горкіх уроках мінулага і радасці ўз’яднання разарваных тэрыторый і агульных каранёў адзінага народа. Гэта яшчэ і яскравае сведчанне таго, што сам народ — паняцце не абстрактнае. Гэта канкрэтныя людзі, іх радаводы, лёсы.

Прысуд доктара

Вольга Ціханенка — шматдзетная мама, былы судовы эксперт. А паўдзельнічаць у конкурсе «Краса Беларусі — 2024», у якім яна і перамагла, вырашыла не дзеля спартыўнага інтарэсу:

— Я свядома ступіла на гэты шлях, каб дэманстраваць прыгажосць беларускай жанчыны і мацярынства. Тытул і карона застаюцца на сцэне, а ўнутры з намі — мудрасць, грацыя, вопыт і вера. Таму гэта не проста тытул — гэта вынік сур’ёзнай працы.

Цікава, што стаць шматдзетнай мамай яна і не марыла:

— Заўсёды чамусьці думала, што ў мяне будзе двое дзяцей — дзве дзяўчынкі. Аднак лёс, Бог распарадзіліся інакш — і я стала шчаслівай мамай трох цудоўных дзяўчынак!

Дарэчы, словы пра шчасце мацярынства ў дачыненні да яе — далёка не дзяжурная фраза. Калісьці Вольга пачула страшныя словы ад аднаго доктара пра тое, што яна ніколі не зможа мець дзяцей:

— Я жыла з гэтым некаторы час, мяне гэта вельмі палохала...

Сустрэча ў метро

Вольга паступіла ў Акадэмію МУС Беларусі і па абмене вопытам паехала вучыцца ў Маскву — ва ўніверсітэт МУС Расійскай Федэрацыі, які скончыла з адзнакай.

Па яе словах, яна правяла цудоўныя пяць гадоў у дружалюбнай краіне — сярод людзей, родных сэрцу і духу. Вучылася на факультэце падрыхтоўкі замежных спецыялістаў, дзе былі курсанты з Таджыкістана, Азербайджана, Манголіі, В’етнама, Малдовы, Грузіі, Арменіі. Фактычна большая частка — выхадцы з былога Савецкага Саюза. Таму, акрамя прафесіяналізму, Вольга атрымала ўнікальную магчымасць пазнаёміцца з культурамі розных краін і народаў. 

І гэта дапамагае ёй і цяпер падтрымліваць міжнародныя сувязі.

А з будучым мужам Уладзімірам пазнаёміліся выпадкова — у метро. Гэта здарылася ў 2012-м. Ён падышоў да яе з пытаннем: «Дзяўчына, ці не будуць падлягаць адміністрацыйнай ці, не дай Бог, крымінальнай адказнасці мае дзеянні, калі я проста паспрабую даведацца, як вас завуць?» Вольга была ў форме — ехала ў Акадэмію МУС. Такім чынам лёс пачаў пісаць гісторыю іх сям’і.

— У гэты дзень, 8 ліпеня, стаяла вар’яцкая спёка, — успамінае Вольга. — Дарэчы, у календары на яго прыпадае Дзень сям’і, любові і вернасці па славянскіх традыцыях.

Уладзімір быў супрацоўнікам Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, заканчваў камандна-інжынерны інстытут. І вось так яны, напэўна, на агульнай тэме службы і маладосці стварылі сям’ю. Даволі хутка, насуперак дыягназу доктара, у іх нарадзілася першая дачка.

Тры кветачкі — Васіліса, Ясенія і Герда

Вольга больш за 20 гадоў працавала экспертам — спачатку ў Міністэрстве ўнутраных спраў, потым у Дзяржаўным камітэце судовых экспертыз. 

А Уладзімір, калі ўжо сышоў са службы, вырашыў асвойваць альтэрнатыўныя крыніцы электраэнергіі, у прыватнасці, у роднай вёсцы Вольгі паставіў сонечную станцыю. Цяпер ён таксама шчыльна займаецца гэтым кірункам.

У аграгарадку Прылукі сям’я пабудавала кватэру. Тут адкрылася новая школа, і Ціханенкі з задавальненнем асвойваюць загараднае жыццё.

Іх старэйшую дачку завуць Васіліса. Яна ходзіць у шосты клас і мае разнастайны спектр інтарэсаў: займаецца самба, тхэквандо, дзюдо, гуляе ў шахматы, перыядычна спрабуе іграць на гітары, укулеле. Перамагала ў розных міжнародных спаборніцтвах.

Сярэдняя дачка Ясенія — таксама рознабаковая развітая асоба. Яна і спявае, і танцуе, і малюе, і выдатніца. Займалася гімнастыкай, лёгкай атлетыкай. У яе вельмі добрыя паказчыкі, знаходзіцца ў алімпійскім рэзерве.

Малодшая дачка, пяцігадовая Герда, — самая вялікая радасць у бацькоў. Дзяўчынка займалася гімнастыкай, добра спявае і малюе.

Вольга лічыць, што новае пакаленне вельмі цікавае:

— У іх незвычайны погляд на нейкія простыя, здавалася б, рэчы. Я ніколі так не разважала, як яны. Сама заўсёды ішла ў стандартным рэчышчы. Мне здавалася, гэта адзіная ісціна. А побач з імі я сама па-іншаму на свет стала глядзець.

«Вялікая сям’я — пытанне стратэгічнай бяспекі»

На пытанне, ці параіла б яна нараджаць больш дзяцей маладым, Вольга адказвае:

— Няхай сем’і будуць вялікімі, аднак нараджэнне дзяцей павінна быць вельмі ўсвядомленым. Лічу, што гэта пытанне стратэгічнай бяспекі, пытанне нашай будучыні. Чым больш будзе насельніцтва нашай краіны, тым вышэй верагоднасць таго, што нам будзе прасцей рухацца ў правільным кірунку, развіваць розныя галіны. Столькі яшчэ ўсяго нашым дзецям трэба будзе развіваць. І чым больш будзе нас, носьбітаў нашай культуры, нашых родных моў — і рускай, і беларускай, — чым больш будзе дзяцей і чым больш усвядомленае будзе бацькоўства, тым большая верагоднасць, што мы ўкладзём у дзяцей фундаментальныя правільныя каштоўнасці. І яны будуць прытрымлівацца нашых настаўленняў, традыцый і, адпаведна, будуць ствараць больш стабільную, моцную дзяржаву.

Закранула Вольга Ціханенка і тэму дапамогі дзяржавы шматдзетным сем’ям:

— Я нават ужо не ведаю, што яшчэ можна папрасіць. Дзяржава вельмі актыўна дапамагае. Прадугледжана другое харчаванне ў школе, палова аплаты падручнікаў, ільготы на харчаванне ў дзіцячым садку. І бясконцая колькасць ільгот. Божа, як жа нам шанцуе! Што яшчэ? Можа, ужо і хопіць дапамог (смяецца). Гэта ж такая сур’ёзная нагрузка на бюджэт. Таму пра гэта таксама трэба думаць.

Не проста дата ў календары

У сям’і Ціханенкаў ёсць традыцыя па выхадных ездзіць у родную вёску Аброва Івацэвіцкага раёна — там нарадзілася Вольга. А таксама адзначаць святы дома. Для іх сям’і Дзень народнага адзінства — не проста дата ў календары. Гэта свята, якое яны сустракаюць разам, усёй сям’ёй і якое займае ў іх жыцці асаблівае месца.

— Гэта яшчэ адна нагода паўтарыць з дзецьмі гісторыю, — кажа Вольга. — Дзень народнага адзінства з’яўляецца для нас пераможным святам. 

У ім закладзены вельмі глыбокі сэнс. Гісторыю пішуць пераможцы. І перамогі — гэта не заўсёды гучныя радкі ў падручніках. Сапраўдная перамога — гэта пераадоленыя страхі, гэта складаны выбар застацца вернымі самім сабе, сваёй культуры, сваёй мове.

А яшчэ для сям’і Ціханенкаў гэта свята — не проста ўспамін пра падзеі 1939 года. Гэта напамін пра тое, што адзінства — гэта не дадзенасць, а выбар, які робіцца кожны дзень. І пачынаецца ён з простай сямейнай традыцыі: сабрацца разам, успомніць, пагаварыць, а потым выйсці ў горад і адчуць сябе часткай чагосьці вялікага.

— Няхай нашы дзеці не ведаюць, што такое раз’яднанасць, што такое раздробленасць. Няхай нашы граніцы будуць моцнымі, нашы сэрцы будуць поўныя любові і імкнення да таго, каб захоўваць мір на зямлі! — жадае Вольга.

Сям’я Ціханенкаў — жывы прыклад таго, што адзінства пачынаецца з простага: з любові да сваіх блізкіх, з павагі да гісторыі, з гатоўнасці быць разам. Бо калі мы разам — мы сіла. І гэта сіла — у кожным доме, у кожнай сям’і, у кожным сэрцы.

Надзея ЗУЕВА

Фота Валерыя КАРТУЛЯ


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю