Ужо больш за 20 гадоў гэта шматдзетная сям’я грамадзян Расійскай Федэрацыі жыве ў Жабінкаўскім раёне і даўно лічыць яго родным. Іх упартасць акупілася шматкратна: у гэтым сезоне Міхаіл Залатароў і яго сярэдні сын Уладзімір сталі першымі ў раёне, хто заслужыў тытул сямейнага экіпажа-тысячніка. Мы прыехалі да іх, каб даведацца пра сакрэт поспеху, пачуць гісторыю пераезду і ўбачыць, чым яны жывуць сёння.
Не дом, а райскі куток
У 1990-я гады Міхаіл працаваў механізатарам у адной з гаспадарак Курскай вобласці. Усё ішло сваёй чарадой, але ў нейкі момант ён пазнаёміўся з прывабнай украінскай дзяўчынай Тамарай, якая разам са сваёй маці прыехала ў гаспадарку на заробкі.
— Пазнаёміліся, усё неяк закруцілася — і вось мы сям’я. У 1996 годзе ў нас з’явіўся старэйшы сын Анатоль, а яшчэ праз два гады — сярэдні Уладзімір, — з цёплай усмешкай успамінае Тамара.
Членаў сям’і было шмат, а вось з працай пачаліся праблемы.

— У той перыяд у Расіі калгасы пачалі прыходзіць у заняпад, аднак зарабляць грошы неяк трэба было. У Жабінкаўскім раёне ў нас былі знаёмыя, параілі добрае месца працы. Казалі: пераязджайце — не пашкадуеце. Спантанна вырашылі, і ўсё атрымалася, — дзеліцца Міхаіл.
Так у 2003 годзе сям’я Залатаровых разам з дзецьмі (на той момант усе яны ўжо былі грамадзянамі Расіі) пераехалі ў аграгарадок Хмелева Жабінкаўскага раёна. Міхаіл працягнуў працаваць па спецыяльнасці ў ААТ «Хмелева», а Тамара ўладкавалася сюды прыбіральшчыцай.
— Спачатку нам далі стары дом, у якім былі не вельмі камфортныя ўмовы. Мы пражылі ў ім чатыры гады. Пасля атрымалі добры дом, пабудаваны па прэзідэнцкай праграме. На дадзены момант мы яго выкупілі — гэта нерухомасць цалкам наша, — расказвае Міхаіл.
Цяпер дом Залатаровых нагадвае сапраўдны райскі куток. Двор патанае ў яблынях і грушах, з-за галін якіх выглядаюць казачныя садовыя фігуры. Ёсць і свая гаспадарка: карова, бык, тры парасяці, куры-бройлеры, сабакі, каты... Міхаіл часта жартуе, што ў іх дом — самы сапраўдны гадавальнік.
Усім абзавяліся, з суседзямі пасябравалі
— Ужо адчуваем сябе практычна карэннымі жыхарамі, — гавораць яны.

Аднак прызнаюцца, што спачатку сумавалі па родных краях.
— Бацькі, браты, сёстры — усе там засталіся. Першапачаткова сваякі адрэагавалі неадназначна. Хтосьці падтрымаў, хтосьці адгаворваў ад пераезду. Але праз час усе пераканаліся, што гэта было правільнае рашэнне. Наведваліся да нас у госці, глядзелі, як мы тут размясціліся.
Па іх словах, розніца менталітэтаў пры пераездзе абсалютна не адчувалася:
— Беларусы цалкам свае людзі. Цяпер адчуванне як быццам мы і жылі тут усё жыццё. Ужо і на радзіму асабліва не цягне. У Беларусі ёсць шмат добрага. Тут нібыта больш справядлівасці і больш сацыяльных гарантый.

Да таго ж ужо тут у іх нарадзілася яшчэ двое дзяцей: сын Дзмітрый і дачка Яўгенія. Па бацьку ўсе — грамадзяне Расійскай Федэрацыі. Дзеці выраслі, жывуць асобна, акрамя малодшай дачкі-школьніцы. Тым не менш яны любяць прыязджаць да бацькоў і збірацца разам за адным сталом.
— Больш за 20 гадоў жывём з відам на жыхарства. У пашпартным стале нам заўсёды дапамагалі, падказвалі. Глабальна гэта не дадало ніякіх складанасцяў: мы без праблем выкупілі дом, атрымлівалі ўсе льготы як шматдзетная сям’я, карыстаемся бясплатным медыцынскім абслугоўваннем, — дзеліцца галава сям’і.
«Быў першым — такім і заставайся!»
Міхаіл Залатароў — даволі паспяховы трактарыст-машыніст ААТ «Хмелева». Любоў да сельскай гаспадаркі ён перадаў і сваім дзецям. На ўборачнай разам з бацькам працавалі ўсе тры сыны.
— У каго вольны час быў — адпачынак, канікулы, тыя і адпраўляліся са мной у поле. Чужых людзей у дапамогу ў прынцыпе не браў. Хлопчыкі самі хацелі працаваць. І іх не трэба было неяк дадаткова матываваць — яны ў нас прывыклі да фізічнай працы, — гаворыць Міхаіл. — Сёлета была цяжкая ўборачная, але калі плячо ў плячо бацька і сын, то і працаваць лягчэй. Як гэту тысячу дабраў, жонка сказала: «Быў першым, такім і заставайся — да канца ідзі!»
Гэтыя словы гучаць як дэвіз, з якім сям’я Залатаровых ідзе па жыцці. Яны прыехалі ў Беларусь у пошуках працы, а знайшлі сапраўдны дом, дзе табе заўсёды рады, дзе поспех дастаецца тым, хто ідзе да канца плячо ў плячо.

Лізавета ГОЛАД