У дамашняй гульні з магілёўскім «Дняпром» падапечныя Аляксандра Сяднёва адкрылі лік, потым прапусцілі два мячы, а затым тройчы паразілі вароты гасцей і атрымалі трэцюю перамогу запар — 4:2. Магіляўчане не могуць выйграць на працягу дзесяці тураў запар — у іх па пяць паражэнняў і нічыіх.
Футбалісты «Баранавічаў» уступілі ў сябе дома гасцям з «Гомеля» — 0:2. Першы гол забіў найлепшы бамбардзір цяперашняга першынства Цімафей Сіманенка, у актыве якога 11 мячоў. Футбалісты «Віцебска» разграмілі на сваёй арэне жодзінскае «Тарпеда-БелАЗ» з сухім лікам 6:0.
Лідары турніру футбалісты «Іслачы» пасля 14-матчавай бяспройгрышнай серыі пацярпелі паражэнне ў дамашнім матчы з гродзенскім «Нёманам» — 1:2. Для каманды Ігара Кавалевіча гэта пятая перамога ў шасці праведзеных паядынках запар. Мінскае «Дынама» пасля двух паражэнняў перамагло на полі Нацыянальнага футбольнага стадыёна барысаўскі БАТЭ — 2:0. У Мазыры мясцовая «Славія» з лікам 0:1 нечакана прайграла аўтсайдару — наваполацкаму «Нафтану», які не перамагаў шэсць тураў запар. Дзеючы чэмпіён краіны «МЛ Віцебск» разграміў на сваім полі дзяржынскі «Арсенал» 5:1. Бабруйская «Белшына» перамагла ў сябе дома футбалістаў «Мінска» — 2:0.
Становішча ў лідзіруючай групе цяпер наступнае: «Іслач» — 45 ачкоў (22 матчы), «МЛ Віцебск» — 44 (21), «Дынама» (Мінск) — 43 (21), «Дынама» (Брэст) — 40 (23), «Гомель» — 39 (23). Турнірную табліцу замыкае «Нафтан», які набраў 14 ачкоў, у «Дняпра» 16 заліковых балаў, у БАТЭ 18 ачкоў.
Цяпер у чэмпіянаце наступіў перапынак, звязаны з міжнароднымі матчамі нацыянальнай і маладзёжнай зборных Беларусі. Сустрэчы 24-га тура першынства краіны пройдуць 9–11 кастрычніка.