Пытанне ў сетках не закрылася і праз год. Хтосьці лічыць, што без адпаведнага дарожнага знака разметку можна і не заўважыць. Кагосьці не задавальняе спосаб аплаты.
А хтосьці проста «супраць усяго». Што да мяне і большасці законапаслухмянага насельніцтва — любое новаўвядзенне, якое спрыяе навядзенню парадку, асабліва ў дарожна-транспартных пытаннях, прымальна і нават неабходна. А для тых, хто нешта прапусціў, мы вырашылі расставіць усе кропкі над «і» з дапамогай кампетэнтнага ў гэтай справе спецыяліста.
Новы элемент у сістэме
Сіняя разметка — новы элемент у сістэме арганізацыі дарожнага руху, які сёння актыўна ўкараняецца ў Беларусі, адзначае дырэктар дзяржаўнай установы «Паркоўкі сталіцы» Міхаіл ФІЛІПАЎ:
— Пазначыць такое месца сінім колерам — не чыйсьці капрыз. У правілах дарожнага руху прапісана: зоны для прыпынку і (або) стаянкі транспартных сродкаў, дзе дзейнічаюць пэўныя абмежаванні, могуць дадаткова пазначацца сінім колерам.
Па яго словах, сіняя разметка на дарозе выкарыстоўваецца для выразнага візуальнага абазначэння платных парковак:
— Гэта спрашчае навігацыю для вадзіцеляў і дазваляе адразу зразумець, дзе неабходна аплаціць стаянку. У адрозненне ад белай разметкі, якая рэгулюе рух на дарогах, або жоўтай, папераджальнай аб абмежаваннях на стаянку, сіняя перарывістая лінія сканцэнтравана выключна на парковачнай прасторы.
Пры гэтым такая разметка не з’яўляецца абавязковай. Пакуль. Бо прыкладна 1,5 года таму Мінгарвыканкам прыняў рашэнне аб неабходнасці нанясення на ўсіх платных паркоўках сіняй разметкі.
— І гэта рашэнне сёння выконваецца на ўсіх паркоўках, якія ўводзяцца ў эксплуатацыю. А белая разметка паступова пераафарбоўваецца ў сіні колер, — канстатаваў Міхаіл Мікалаевіч.
Раніцай — грошы, вечарам — крэслы
Самае частае пытанне ў абмеркаваннях — нязручнасць аплаты. Маецца на ўвазе, што за паслугу на адкрытых паркоўках трэба плаціць адразу, а не падчас выезду, як гэта робіцца на закрытых стаянках.
На самай справе ніякіх праблем тут няма, калі пад рукой ёсць гаджэт, упэўнены Міхаіл Філіпаў:
— Вадзіцель паркуе аўтамабіль і аплачвае хоць бы адну гадзіну, якая, у залежнасці ад зоны паркоўкі, каштуе 1 або 2 рублі. На тэрыторыі Верхняга горада плата большая — кошт першай гадзіны складае
7 рублёў, кожнай наступнай — 3 рублі. Праз 50 хвілін яму прыйдзе СМС з напамінам, што час заканчваецца. Некалькі клікаў у смартфоне — і час альбо працягваецца, альбо чалавек спяшаецца да сваёй машыны, каб вызваліць месца на паркоўцы. Акрамя таго, у нас паспяхова працуе мабільны дадатак, у якім сабрана ўся неабходная інфармацыя — ад інтэрактыўнай карты парковак да гнуткіх спосабаў аплаты.
15 хвілін на роздум
Міхаіл Філіпаў таксама праінфармаваў, што для вадзіцеляў прадугледжаны 15-хвілінны інтэрвал, на працягу якога карыстальнік абавязаны зрабіць аплату (перадаплату).
Калі час знаходжання аўтамабіля на паркоўцы не перавышае 15 хвілін, аплата не спаганяецца.
— Акрамя магчымых спосабаў можна выкарыстоўваць альтэрнатыўныя варыянты аплаты — з дапамогай SMS, USSD-запыту, сістэмы АРІП або мабільнага сэрвісу «Аплаці». А з нядаўняга часу разлічыцца за паркоўку можна наўпрост праз мабільны дадатак M-Belarusbank, — тлумачыць спецыяліст.
Аўтаўладальнікам важна ведаць, што калі па заканчэнні кантрольнага 15-хвіліннага часу ў праграмна-тэхнічным комплексе адсутнічае інфармацыя аб плацяжы, першасная фіксацыя аўтамабіля аўтаматычна пераходзіць у статус пацверджанага парушэння правіл карыстання паркоўкай. У такім выпадку з вадзіцеля акрамя кошту паркоўкі спаганяецца дадатковая плата ў памеры адной базавай велічыні (сёння гэта 45 рублёў).
З вачэй далоў?..
Даволі часта ў месцах адкрытых парковак можна ўбачыць выкінутыя кіроўцамі жоўтыя квітанцыі аб аплаце.
— Такога больш не будзе, — папярэджвае Міхаіл Філіпаў. — З 1 верасня гэтага года жоўтыя апавяшчэнні больш не раскладваюць. Цяпер аўтаўладальнік будзе атрымліваць СМС-паведамленні аб парушэннях правіл аплаты паркоўкі ў асабістым кабінеце — калі ён там зарэгіструе свой аўтамабіль, пацвердзіць права на атрыманне даных аб транспартным сродку і дазволіць атрыманне апавяшчэнняў на свой мабільны тэлефон.
Міхаіл Мікалаевіч тут жа ўдакладняе, што калі вадзіцель не пагасіў запазычанасць добраахвотна, аператар паркоўкі поштай накіроўвае афіцыйную пісьмовую прэтэнзію на адрас рэгістрацыі ўласніка транспартнага сродку. У ёй паказваецца месца і час паркоўкі, калі не была праведзена аплата, запатрабаваныя да аплаты паркоўкі грашовыя сродкі, а таксама сумы плацяжоў, якія спаганяюцца пры неаплаце паркоўкі.
— Калі аўтаўладальнік не пагасіць запазычанасць, наша прадпрыемства ў дачыненні да такога неплацельшчыка накіруе ў суд іскавую заяву аб прымусовым спагнанні неабходных сум з ускладаннем на вінаватую асобу яшчэ і судовых выдаткаў, — папярэджвае Міхаіл Філіпаў. — І, паверце, усё гэта абернецца для ўладальніка транспартнага сродку такімі фінансавымі стратамі, якія значна перавысяць кошт самой паркоўкі.
Каму плаціць не трэба
Як вынікае з інфармацыі, якую агучылі спецыялісты дзяржаўнай установы «Паркоўкі сталіцы», ёсць у нас катэгорыі грамадзян і арганізацый, якія маюць права карыстацца платнымі стаянкамі на бязвыплатнай аснове. Што гэта за катэгорыі?
З ліку грамадзян да іх адносяцца інваліды І і ІІ груп і інваліды ІІІ групы з парушэннем апорна-рухальнага апарата, а таксама асобы, якія перавозяць такіх інвалідаў або дзяцей-інвалідаў.
Плата за паркоўку не спаганяецца на аўтамабільных паркоўках, якія размешчаны на рынках, каля гандлёвых аб’ектаў і аб’ектаў сацыяльна-культурнага прызначэння ў межах, вызначаных мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі.
Вызваляюцца ад платы за паркоўку аўтамабілі аператыўнага прызначэння пры выкананні супрацоўнікамі ўпаўнаважаных дзяржаўных органаў (арганізацый) ускладзеных на іх задач і функцый. У гэтым спісе — транспартныя сродкі, якія выкарыстоўваюцца пры забеспячэнні абараназдольнасці, правапарадку, ліквідацыі надзвычайных сітуацый, аказанні медыцынскай, у тым ліку хуткай медыцынскай дапамогі, правядзенні санітарна-супрацьэпідэмічных мерапрыемстваў, некаторыя іншыя катэгорыі.
Алена ВІНАГРАДАВА