Маці падарыла кааператыўную кватэру майму малодшаму брату, які паспеў зарэгістраваць права ўласнасці на яе і неўзабаве памёр. Ён быў грамадзянінам Расіі, пражываў у Эстоніі і меў там від на жыхарства. У яго засталіся жонка і дзве дачкі. Маці пасля яго смерці працягвала пражываць у кватэры, фактычна ўступіла ў спадчыну, аплачвала ўсе рахункі і ўтрымлівала яе. Потым і маці памерла, нерухомасць зараз утрымліваю я. Ці магу я ўступіць у спадчыну і аформіць яе нейкім чынам на сябе?
Ігар, Гомель
Адказвае натарыус Мінскай гарадской натарыяльнай акругі Таццяна НОВІК:
— Вы, з’яўляючыся спадчыннікам пасля смерці маці, маеце права звярнуцца да натарыуса па апошнім месцы яе рэгістрацыі для афармлення правоў на названую маёмасць. Кансультацыю па канкрэтнай спадчыннай справе можна атрымаць у натарыуса, у выкананні якога знаходзіцца (будзе знаходзіцца) спадчынная справа. Трэба памятаць, што тэрмін для прыняцця спадчыны складае шэсць месяцаў з дня смерці спадчынадаўца (вашай мамы). Але варта памятаць, што калі спадчыну пасля смерці Вашага брата прынялі спадчыннікі першай чаргі (жонка, дзеці), то, з’яўляючыся спадчыннікам другой чаргі, вы да ўспадкавання не заклікаецеся.
У нязменным выглядзе
Падкажыце, калі ласка, ці абавязкова ўступаць у спадчыну, калі на ўсю маёмасць была аформлена дароўная?
Наталля, Маладзечна
Адказвае натарыус Мінскай гарадской натарыяльнай акругі Алена РУБІС:
— Пры ўспадкаванні маёмасць памерлага пераходзіць да іншых асоб у нязменным выглядзе як адзінае цэлае і ў адзін і той жа момант (універсальнае правапераемства). У склад спадчыны ўваходзяць усе правы і абавязкі, якія належалі спадчынадаўцу на момант адкрыцця, існаванне якіх не спыняецца з яго смерцю. Калі маёмасці няма, адпаведна і ўспадкоўваць няма чаго.