З дастаўкай на месца
Пакуль ёсць час, Яўгенія Клімава расказвае пра спецыфіку работы:
— Падвоз ажыццяўляецца ў адпаведнасці з рашэннем райвыканкама, дзе прапісана, колькі аўтобусаў задзейнічана на падвозе, колькі дзяцей перавозіцца. Усяго ў нас 13 аўтобусаў, якія абслугоўваюць пяць школ і чатыры дзіцячыя садкі. З 2022 года наш аўтобусны парк штогод папаўняецца. У жніўні атрымалі два новыя аўтобусы — адзін на 31 месца, другі — на 16, яны таксама задзейнічаныя.
Самы далёкі населены пункт — Цяцерына, у сярэднюю школу падвозяцца дзеці з Шапялевічаў, да якіх ад Круглага 17 кіламетраў, і з іншых найбліжэйшых да школы населеных пунктаў.
Неўзабаве да школьнай паркоўкі пад’язджае жоўты «МаЗ». З яго выскоквае высокі хлопец. Знаёмімся — гэта вучань 10 класа Аляксей БЕЛАХВОСЦІК:

— На заняткі прыязджаю з вёскі Шупені. У дарозе прыкладна 15 хвілін. Назад ад’езд у 16.00 — заняткі якраз заканчваюцца за пяць хвілін да гэтага. Мне зручна і ўсё падабаецца.
З гэтай вёскі ў круглянскую школу прыязджае і яго сястра пяцікласніца Софья БЕЛАХВОСЦІК. Прызнаецца, што пакуль едзе, назірае за прыродай:
— За акном — дрэвы, палі. А аднойчы ўбачыла нават чорнага бусла, які занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі.
Яшчэ адзін пасажыр школьнага аўтобуса — чацвёртакласнік Марк ЛУЦКОВІЧ — жыве ў Круглым, але далёка ад школы — ісці трэба тры кіламетры. Кажа, што самастойна ездзіць у школу з 2-га класа. Спачатку бацькі суправаджалі, а потым пераканаліся, што сын у надзейных руках. За кожным аўтобусам замацаваны суправаджальнік. Як, напрыклад, лабарант СШ № 2 Алеся САЗАНОВІЧ, якая выйшла з аўтобуса разам з другакласніцай Варай:

— У 8.10 раніцы мы ўжо ў вёсцы Елькаўшчына. Забіраем там дзяцей і едзем на Пасарава, дзе нас чакае Вара, далей вязём малых у дзіцячы садок, а вучняў — у школу. Місія мая вельмі важная — назіраю за бяспекай дзяцей.
Каля школы паркуецца спецыяльны аўтамабіль ад Круглянскага раённага цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі. Дырэктар Наталля КОСЦІНА асабіста прывезла дзяўчынку ў школу:
— Так атрымалася, што Ангеліна аказалася ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, і мы яе ўзялі пад сваё крыло. Вось прывезлі аформіць у школу.
Па словах Наталлі Косцінай, наяўнасць асабістага транспарту дазваляе ўстанове аператыўна дастаўляць дзяцей у пункт прызначэння:
— Гэта дае магчымасць бацькам пакінуць дачку або сына пад наглядам супрацоўнікаў з васьмі гадзін раніцы да шасці вечара. Сёлета ў нас на падвозе 12 дзяцей-інвалідаў. Аўтамабіль вельмі зручны — ззаду ёсць пад’ёмны ліфт для калясак, месцы пашыраныя для таго, каб дзіця з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця магло зайсці, маецца спецыяльнае мацаванне. Побач знаходзіцца выхавальнік, які ведае, як працаваць з такімі дзецьмі.
Зверка гадзіннікаў
Прыблізна каля дзевяці гадзін раніцы падвоз заканчваецца, і вадзіцелі збіраюцца на так званую планёрку — яе праводзіць Яўгенія Клімава. Тут здымаюцца пытанні і па запчастках, і па тэхабслугоўванні, і па выездах. Калектыў дружны, вадзіцелі ўсе вопытныя, добра ведаюць спецыфіку работы, любяць і пажартаваць:
— Раней дзеці па пяць кіламетраў хадзілі ў школу, цяперашнія зусім неспартыўныя сталі, прыходзіцца вазіць.
Генадзь КНЯЗЕЎ — адзін з найбольш вопытных вадзіцеляў, яго працоўны стаж — больш за 35 гадоў. Расказвае, што працаваў і на «пазіках» і на «каўзіках». У калгасе вазіў людзей. Тады і працаўнікі, і вучні ездзілі разам. Цяпер лішніх у аўтобусе быць не павінна.
Алег КАЛАЧ на маршрутах Круглае, Ракушава, Жуніна і Елькаўшчына, Пасарава, Круглае штодзень накручвае 51 кіламетр. Удакладняе, што бываюць і дадатковыя прыпынкі. Напрыклад, дзесьці з’явілася дзіця, якое трэба падвезці ў дзіцячы садок або школу. Вадзіцеляў спецыяльна забяспечваюць спісам рабят, каб яны нікога не забыліся на прыпынку. Калі нехта затрымліваецца, чакаюць.
А калі дзіця захварэла, кіроўцаў загадзя папярэджваюць.
Віктар ЧАПЦОЎ, якога ў калектыве паважаюць за ўменне падняць настрой, лічыць, што вельмі важна быць уважлівым у такой рабоце:
— Вадзіцель школьнага аўтобуса павінен працаваць бездакорна, не дапускаць ДТЗ, інакш могуць і звольніць.

Імёны кіроўцаў аўтобусаў размешчаны ў салоне на бачным месцы. А вось Аляксандр РАШЫЛАЎ замацаваў шыльду са сваім імем яшчэ і на лабавым шкле — здалёк бачна, хто за рулём:
— Вадзіцелем школьнага аўтобуса стаў нядаўна, раней працаваў на грузавой тэхніцы. Гэта звычка адтуль. Прасцей з калегамі па рабоце знаёміцца.
Мікалай САКСОНАЎ працуе на мікрааўтобусе. Прызнаецца, што і работа, і калектыў яму вельмі падабаюцца:
— Дзяцей складана вазіць, бо адказна. Усе розныя, за некаторымі трэба больш уважліва назіраць.
— Усе нашы вадзіцелі — прафесіяналы, — сцвярджае Яўгенія Клімава. — Бяспека дзяцей — перш за ўсё. На аўтобусах устаноўлены абмежавальнікі хуткасці, не павінна быць перавышэння 60 кіламетраў за гадзіну. Суправаджаючыя назіраюць за парадкам у салоне, кантралююць, каб усе дзеці былі прышпіленыя. Па маршрутах аўтобусы раз’язджаюцца ў 7 гадзін раніцы, потым перапынак з 11.00 да 15.00, а затым развоз дзяцей па дамах да 18.00. Але акрамя падвозу дзяцей да ўстановы адукацыі і дадому, у адпаведнасці з планам аддзела адукацыі вадзіцелі яшчэ возяць іх на спартыўныя і культурныя мерапрыемствы, на экскурсіі.
Напаследак скарысталася магчымасцю таксама праехацца на спецыялізаваным аўтобусе. Заўваг няма — крэслы зручныя, салон прасторны, хуткасць аптымальная. Асабіста мне спадабалася.
Транспарт спецабслугоўвання
Раней падвозам дзяцей у школы займаліся непасрэдна аддзелы адукацыі, але з 2020 года паўсюдна створаны Цэнтры па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый. У Круглянскім раёне яго ўзначальвае Васіль МАХАНЬКОЎ:
— Цэнтр працуе ў цесным узаемадзеянні з аддзелам адукацыі. Колькасць дзяцей і спіс населеных пунктаў, куды ажыццяўляецца падвоз, замацаваныя рашэннем выканкама. Мы загадзя пралічылі, у які аўтобус колькі чалавек сядзе, па якім маршруце ён паедзе. Усяго перавозім 398 чалавек.

Намеснік старшыні Круглянскага райвыканкама Анжэла ЛУКАШЭВІЧ сведчыць, што работа па падвозе дзяцей у раёне арганізаваная эфектыўна:
— Перад тым як перайсці на такі фармат работы, мы доўга абмяркоўвалі ўсе нюансы. Стварэнне спецыялізаванага цэнтра дапамагло разгрузіць работу аддзела адукацыі. Працуем у адной звязцы. Цякучасці кадраў няма, людзі ўсе вопытныя, кваліфікаваныя. Апошнім часам дзяцей у сельскай мясцовасці становіцца ўсё менш. Летась дзве ўстановы закрылі, пазалетась — адну, але што рабіць, калі там усяго 23 дзіцяці. Калі рабяты пайшлі ў больш напоўненыя школы, ім стала цікавей вучыцца. У іх з’явілася магчымасць займацца ў розных гуртках і аб’яднаннях. У малых школах такога не было. І бацькі адразу супакоіліся. Школы ў нас цудоўныя, база шыкоўная. І па выкананні ўсіх паказчыкаў у сферы адукацыі мы ў маштабах Магілёўскай вобласці сярод раёнаў да 20 тысяч чалавек насельніцтва апошнія восем гадоў дакладна ў лідарах. Усё робіцца для дзяцей, у тым ліку аўтапарк папаўняецца, — кожны год па два аўтобусы мяняем. А спісаныя перадаём розным дзяржаўным прадпрыемствам. Транспарт яшчэ не дрэнны — тэхагляд па два разы на год праходзім, максімальны тэрмін эксплуатацыі — дзесяць гадоў. Такі аўтобус яшчэ і паслужыць можа. Раней мы перад пачаткам новага навучальнага года глядзелі толькі школы для падпісання пашпартоў гатоўнасці, а цяпер яшчэ і аўтобусы — на наяўнасць адзнакі аб своечасовым праходжанні тэхагляду. Транспартная інспекцыя правярае, каб былі на месцы вогнетушыцелі, аптэчкі, высоўныя прыступкі для маленькіх дзяцей. Сур’ёзных заўваг, як правіла, не бывае, бо гэта датычыцца нашых дзяцей.
Нэлі ЗІГУЛЯ, фота аўтара
г. Круглае