Top.Mail.Ru

За чвэрць стагоддзя ідэя выхаду на поўную энергетычную незалежнасць стала прывычнай рэальнасцю

21.09.2026 | 14:17

Гэтымі днямі Міністэрства энергетыкі адзначае сваё 25-годдзе. Як развіваецца гэта стратэгічна важная для краіны галіна і якіх поспехаў дабілася за гэты час, расказаў журналістам напярэдадні юбілею міністр энергетыкі Дзяніс МАРОЗ.


Кіраўнік ведамства нагадаў, што стварэнне Міністэрства энергетыкі ў пачатку 2000-х гадоў было прадыктавана неабходнасцю вызначэння дзяржаўнай палітыкі па развіцці энергетычнага сектара ў Беларусі. Указ Прэзідэнта аб стварэнні асобнага галіновага міністэрства, падпісаны 24 верасня 2001 года, стаў пачаткам адказу на шэраг сур’ёзных сістэмных пытанняў, якія датычыліся энергетыкі незалежнай краіны.

З імпарцёра — у чыстыя экспарцёры

— За 25 гадоў у Міністэрстве энергетыкі рэалізавана досыць вялікая колькасць дзяржаўных праграм, што дазволілі вырашыць шэраг фундаментальных праблем, з якімі сутыкалася наша краіна на пачатку незалежнасці, — расказаў Дзяніс Мароз. — Напрыклад, у 2001 годзе аб’ём імпарту электраэнергіі складаў каля 8 мільярдаў кВт•г. А ў 2019-м наша краіна ператварылася ў чыстага экспарцёра электраэнергіі і прадала на знешні рынак больш за 2 мільярды кВт•г электраэнергіі. 

Мы стварылі энергетычныя магутнасці, якія выраблялі неабходны аб’ём электраэнергіі для нарастаючых патрэб як унутры краіны, так і за яе межамі.


Вялікая ўвага ўдзялялася развіццю адпаведнай інфраструктуры — будаўніцтву электрычных сетак і мадэрнізацыі. Гэта прыводзіла да значнага зніжэння страт электрычнай энергіі ў размеркавальнай сетцы. Усё гэта адбылося дзякуючы таму, што мы мадэрнізавалі энергетычную інфраструктуру, у першую чаргу тую, якая займаецца генерацыяй электраэнергіі. Прычым гэта інфраструктура была высокаэфектыўнай.

Паралельна развіваецца і газіфікацыя краіны, канстатуе міністр:

— Яшчэ ў пачатку 2000-х зусім невялікая колькасць нашых населеных пунктаў была газіфікавана. Сёння Беларусь з’яўляецца адной з самых газіфікаваных краін у свеце — амаль 85 % кватэр аснашчана прыродным газам. Для гэтага штогод фарміраваліся дзяржаўныя праграмы, будаваліся газавыя сеткі, працягласць якіх цяпер перавышае 69 тысяч кіламетраў — досыць вялікая лічба. Мы і далей будзем займацца развіццём гэтага кірунку ў населеных пунктах, якія ўжо газіфікаваны і маюць прыродны газ на «старце».

БелАЭС — жамчужына энергетыкі

Безумоўна, дасягнуць высокіх паказчыкаў выпрацоўкі і спажывання электраэнергіі, як і высокага ўзроўню энергетычнай незалежнасці было б немагчыма, калі б не дальнабачнае фундаментальнае рашэнне Прэзідэнта аб узвядзенні Беларускай атамнай электрастанцыі.


— У 2021 годзе быў уведзены ў эксплуатацыю першы энергаблок, а на дадзены момант мы маем ужо паспяховую атамную электрастанцыю, якая закрывае 40 % патрэб нашай краіны ў электраэнергіі, — адзначыў міністр. — У пачатку 2000-х гадоў аб’ём яе спажывання складаў крыху больш за 30 мільярдаў кВт•г, а ў 2025-м перавысіў 43 мільярды кВт•г — прырост склаў больш за 30 %. Гэта яшчэ і сведчанне сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны, і росту ўзроўню жыцця насельніцтва.

Аднаўляльныя крыніцы — для нас не выйсце

Спыталі ў міністра пра так званую «зялёную энергетыку» як альтэрнатыўную.

— У нас няма доступу да мора, у нас дастаткова невялікая колькасць сонечных дзён у годзе, адносна невысокія хуткасці ветру, — растлумачыў Дзяніс Мароз, чаму асабліва нельга на яе разлічваць. — Гэта прыводзіць да таго, што каэфіцыент выкарыстання магутнасці аднаўляльных крыніц энергіі адносна невысокі. Ён вагаецца каля велічыні 0,2. Гэта паказвае, што эфектыўнасць працы такіх крыніц аказваецца досыць нізкай. Міністэрства энергетыкі выступае за развіццё нетрадыцыйных і аднаўляльных крыніц энергіі, але мы выступаем і за тое, каб яны не аказвалі ўплыў на тарыфы для эканомікі.

Насельніцтву зручна і выгадна

З тымі прымальнымі тарыфамі на электрычнасць, якія маем сёння, пачалося масавае ўзвядзенне электрадамоў, у тым ліку і ў сельскай мясцовасці. Ці выгад-
на гэта простым спажыўцам? На пытанне адказала само насельніцтва — ростам спажывання электраэнергіі, канстатаваў Дзяніс Мароз:


— Сёння мы бачым рост зацікаўленасці ў выкарыстанні электрычнай энергіі на патрэбы ацяплення і гарачага водазабеспячэння. Штогод аб’ём спажывання электраэнергіі насельніцтвам на гэтыя патрэбы прырастае прыкладна на 40 %. Калі ў 2019 годзе гэтага спажывання практычна не было наогул, то летась мы перавысілі 1,2 мільярда кВт•г. Удумайцеся ў лічбы: з 43 мільярдаў кВт•г у цэлым па краіне 1,2 мільярда кВт•г пайшло толькі на патрэбы насельніцтва ў ацяпленні і гарачым водазабеспячэнні. Факты паказваюць, што людзям гэта сапраўды зручна і выгадна.

На зарадку станавіся!

Зручна і выгадна становіцца сёння мець электрааўтамабіль — іх колькасць імкліва павялічваецца і патрабуе пашырэння зараднай інфраструктуры.

— Яна развіваецца даволі высокімі тэмпамі, — паведаміў міністр. — Калі на пачатак года ў краіне было 2200 зарадных станцый, то сёння — 2700. Да канца года, думаю, мы будзем мець больш за тры тысячы зарадных станцый.


У гэтым плане ў міністэрстве нацэлены дзейнічаць такім чынам, каб дасягнуць 10-працэнтнай колькасці электрычных аўтамабіляў у агульным аб’ёме транспарту ў Беларусі да 2030 года. Гэта азначае, што да гэтага моманту трэба будзе пабудаваць каля 16 тысяч зарадных станцый.

— У цесным кантакце з аператарамі мы развіваем нашу энергетычную інфраструктуру і гэту задачу разам з імі абавязкова рэалізуем, — упэўнены міністр.

Сяргей КУРКАЧ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю