Top.Mail.Ru

У Горках рэалізавалі перспектыўны інвестпраект

21.09.2026 | 10:23

Прадпрыемства «Малочныя горкі» — адно са знакавых у Горацкім раёне, таму яго развіццё ўмацоўвае і агульныя пазіцыі. Днямі тут увялі ў строй новы сырадзельны цэх, які дазволіць прадпрыемству замясціць прадукты, што не з’яўляюцца асабліва прыбытковымі, больш высокамаржынальнымі і павысіць выручку.


Праект рэалізоўваўся з 2023 года ў рамках праграмы «Рэгіянальная ініцыятыва» за кошт уласных, абласных і крэдытных сродкаў. Зроблена шмат складаных будаўнічых работ, закуплена новае абсталяванне. Сыр пластавы ў фармаце «еўраблок», які тут будзе выпускацца, больш запатрабаваны на расійскім рынку. Плануецца пастаўляць яго і ў іншыя краіны, у прыватнасці ва Узбекістан.

— У выніку рэалізацыі праекта плануецца павялічыць вытворчасць сыроў з 2 тысяч тон у 2025 годзе да 7,2 тысячы, — паведаміў дырэктар ААТ «Малочныя горкі» Аляксандр РЫЎКІН. — Прырост выручкі павінен скласці 120 мільёнаў рублёў, у тым ліку рост экспарту складзе 40 мільёнаў долараў. Нас перш за ўсё рухае канкурэнцыя, нам трэба развівацца і зарабляць.


Кіраўнік ААТ «Малочныя горкі» акцэнтаваў увагу на тым, што для загрузкі цэха трэба будзе прыцягваць дадатковую сыравіну:

— На сённяшні дзень прадпрыемства перапрацоўвае каля 350 тон малака ў суткі, але ў далейшым максімальная яго перапрацоўка з улікам уводу новага сырадзельнага цэха і наступнага пашырэння яго магутнасці да 40 тон складзе каля 720 тон малака за суткі.

Па словах старшыні Магілёўскага аблвыканкама Анатоля ІСАЧАНКІ, усё тое, што вырабляе ААТ «Малочныя горкі», запатрабавана не толькі ў Беларусі, але і далёка за яе межамі:

— Асабліва прыемна, што кампанія актыўна развівае сваю сыравінную зону, бо немагчыма выпусціць якасную прадукцыю без надзейнай сыравіннай базы. Я лічу гэта асноўным фактарам.

У цырымоніі ўрачыстага адкрыцця новага цэха таксама бралі ўдзел памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь — інспектар па Магілёўскай вобласці Надзея КАТКАВЕЦ і кіраўніцтва раёна.


Дарэчы, агульныя інвестыцыйныя затраты па рэалізацыі гэтага праекта склалі больш за 35 мільёнаў рублёў.

— Гэта сродкі, закладзеныя ў развіццё не толькі Горацкага раёна, а і ўсёй вобласці, — адзначыў старшыня Горацкага райвыканкама Мікалай АРЛЁНАК. — ААТ «Малочныя горкі» — гэта аснова эканомікі рэгіёна: на яго прыпадае 70 % экспартнай прадукцыі раёна. Сёння прадпрыемства ўкладвае рэсурсы ў развіццё сваёй сыравіннай зоны — сельгасарганізацыі раёна. Гэта дазваляе павялічваць надоі і аб’ёмы малака. У выніку мы чакаем рост выручкі прадпрыемства, а значыць — і даходаў нашых грамадзян.

Нэлі ЗІГУЛЯ, фота аўтара
Горацкі раён

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю