У самым заходнім горадзе Беларусі — Высокім, — дзе жыве крыху больш за пяць тысяч чалавек, 23 мясцовыя жыхары прайшлі праз афганскую вайну. Адзін з іх узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі пасмяротна. Іх подзвіг доўгі час не быў адзначаны нават памятным знакам. Сітуацыю змяніла грамадзянская ініцыятыва, якая аб’яднала ўладу, бізнес і звычайных жыхароў.
Ініцыятарам стварэння памятнага знака выступілі самі воіны-афганцы. Яны звярнуліся да дэпутата раённага Савета Дзмітрыя Зайцава з просьбай увекавечыць памяць пра землякоў.
— Да нас у Савет дэпутатаў звярнуліся ветэраны афганскай вайны, — расказвае Дзмітрый Алімавіч. — Мы выйшлі з ініцыятывай у абласны Савет дэпутатаў і перамаглі ў абласным конкурсе.
Работы пачаліся хутка. Выбралі месца — пустку ў цэнтры горада, побач з гарадскім скверам, дзе ўжо ёсць мемарыял воінам і партызанам Вялікай Айчыннай вайны і Алея Герояў.

— Мы зрабілі даволі шмат: ачысцілі тэрыторыю, паклалі тратуарную плітку, усталявалі камень вагой больш за 9 тон. На камень прымацавалі шыльду з гербам горада і каванымі кветкамі, — дадае Дзмітрый Зайцаў. — Дадаткова паставілі лаўкі і сонечныя ліхтары для падсветкі, каб цалкам добраўпарадкаваць месца. Дапамагалі ўсе: школьнікі, студэнты каледжа, самі ветэраны і мясцовыя жыхары.
Урачыстае адкрыццё адбылося 28 ліпеня — у дзень вызвалення Высокага ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
— Гэта быў сапраўды народны мітынг, — успамінае дэпутат. — Прыехалі афганцы не толькі з Высокага, але і з суседніх раёнаў. Было шмат людзей, урачыстая атмасфера. Мы адкрылі знак, усклалі кветкі.
Адным з галоўных ініцыятараў і актыўных удзельнікаў праекта стаў мясцовы жыхар Васіль Марынчук. Былы ваенны, удзельнік баявых дзеянняў у Афганістане, ён яшчэ ў 90-х, калі было 33 гады, выйшаў на пенсію па выслузе гадоў, але не перастаў быць карысным для роднага горада.
Ён асабіста зрабіў грашовы ўнёсак, кантраляваў ход будаўніцтва, а галоўнае — выкаваў герб горада з металу.
— У мяне была свая прыватная кузня, майстар выкаваў герб. Акрамя таго, знайшоў у сваіх запасах каваныя ружы, якімі ўпрыгожылі памятны знак. Я лічу, што гэта наша агульная справа. Мы павінны памятаць, што нашы землякі выконвалі інтэрнацыянальны абавязак, і некаторыя аддалі жыццё.

Сам Васіль Васільевіч праходзіў службу ў 181-м мотастралковым палку ў Кабуле ў 1986–1988 гадах. Ён мае медалі «За адвагу» і «За баявыя заслугі». Яго сын — падпалкоўнік, начальнік фінансавай службы Брэсцкага пагранічнага атрада. Унучка вучыцца на другім курсе Ваеннай акадэміі на спецыяльнасці «Міжнародныя адносіны, перакладчык». Такім чынам, у сям’і ўжо тры пакаленні вайскоўцаў.
— Мы будзем памятаць подзвіг землякоў і той доўг, які яны аддалі Радзіме. У асноўным, вядома, людзі ставяцца станоўча. Такое месца патрэбна, каб маладыя ведалі сваіх герояў, — гаворыць былы афганец.
Гарадскія ўлады маюць планы і на будучыню. Налета ў Высокім хочуць стварыць Дошку гонару жыхароў горада на галоўнай плошчы.
— Мы будзем працягваць працаваць у гэтым кірунку, — кажа Дзмітрый Зайцаў. — Бо памяць — гэта тое, што робіць нас людзьмі.
У Высокім цяпер ёсць месца, дзе жыхары і госці горада могуць ушанаваць памяць землякоў, якія з гонарам выконвалі свой абавязак. І гэта месца з’явілася дзякуючы неабыякавым людзям, якія аб’ядналі намаганні дзеля агульнай справы.
- Агульны каштарыс склаў 25 тысяч беларускіх рублёў. 10 % сабралі праз ахвяраванні — далучыліся прадпрыемствы, арганізацыі і звычайныя жыхары. Людзі з задавальненнем адгукнуліся, і мы сабралі патрэбную суму.
Надзея ЗУЕВА
Фота kamenec.by