Бульба — гэта не проста культура, а характар, традыцыя і штодзённы клопат людзей. Нядаўна падчас рабочай паездкі ў Шклоўскі раён Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка заўважыў: «Што гэта за бульбашы, якія бульбу не вырошчваюць?» Мы вырашылі паглядзець, як на гэта адказваюць справай, і адправіліся ў Салігорскі раён — у сялянска-фермерскую гаспадарку «Бульбаш-агра». У гаспадарцы цяпер сезон уборкі бульбы. Тут не проста вырошчваюць «другі хлеб», а робяць гэта з разлікам на якасць, захаванне і ўдалую рэалізацыю. Карэспандэнты «Звязды» пабывалі на палях і на складзе, каб пабачыць, як нараджаецца ўраджай.
Пачыналі з 16 гектараў
Кіраўнік гаспадаркі Аляксандр ІСАЕНЯ расказаў пра шлях, які прайшоў разам са сваёй справай. З 2001 да 2009 года ён працаваў аграномам у калгасе. У 2010 годзе разам з жонкай Ірынай, якая па адукацыі бухгалтар, і братам Андрэем, які таксама працуе ў гаспадарцы, пачалі — і вось ужо 17 гадоў гаспадарка Ісаеняў развіваецца. На самым пачатку было 16 гектараў, а сёння ўжо 700. На старце ў фермераў Ісаеняў не было ні тэхнікі, ні памяшканняў. Усё стваралася з нуля: куплялі старыя будынкі, рамантавалі, рабілі сховішчы. Сёння СФГ «Бульбаш-агра» ўваходзіць у пяцёрку самых буйных па зямельнай плошчы ў раёне. «Ёсць гаспадаркі і большыя, але па аб’ёме прадукцыі мы не саступаем», — расказвае Аляксандр Віктаравіч.

Асноўныя культуры, якія тут вырошчваюцца, — гэта буракі, морква і, вядома ж, бульба. З яе пачыналася гаспадарка, і менавіта яна застаецца галоўнай культурай.
«Сёлета пад бульбу адведзена 170 гектараў. Ураджайнасць ранняй бульбы ў сярэднім 30 тон з гектара. Яна ідзе адразу на рэалізацыю пад заяўкі гандлёвых сетак. Цяпер ідзе ўборка позняй бульбы. Ураджайнасць — прыкладна 40 тон з гектара. Чакаецца валавы збор бульбы ў 6 тысяч тон, з іх 2,3 тысячы тон дзяржзаказ. На захоўванне пачынаем закладваць з верасня да кастрычніка», — удакладняе гаспадар.
На пытанне, што самае важнае пры вырошчванні бульбы, Аляксандр Віктаравіч адказвае як аграном з вопытам, што са змяненнем клімату з кожным годам становіцца ўсё больш складана. «Раней была простая тэхналогія — выканаў запланаваныя мерапрыемствы, і прырода сама даглядала. Зараз па-іншаму: хвароб больш, напрыклад фітафтароз бульбы — раней выяўляўся ў ліпені, а цяпер ужо ў пачатку чэрвеня. Таму павялічваецца колькасць хімапрацовак, адпаведна павялічваецца сабекошт. Плюс прымяняем паліў, бо кожны год становіцца сушэй», — тлумачыць гаспадар.

Сялянска-фермерская гаспадарка тры гады таму набыла сістэму паліву: у суткі можа
паліваць прыкладна 8 гектараў і вяртацца назад, а, калі засуха пастаянная, можа працаваць кругласутачна. На пытанне пра бяспеку прадукцыі для здароўя Аляксандр Віктаравіч адказвае ўпэўнена: «Мы стараемся ўжываць біяпрэпараты, якія маюць хуткі перыяд распаду. Усе нормы вытрымліваюцца. Прадукцыя правяраецца ў лабараторыі, у тым ліку на працягу сезона захоўвання».

Праца кіпіць
Едзем у поле, дзе ва ўсю працуюць трактары з бульбаўборачнымі камбайнамі. За рулём аднаго з іх — Аляксей КАМЯК. Ён кіруе энергаёмістым трактарам «Беларус 3522» і з дапамогай бартавога камп’ютара — бульбаўборачным камбайнам. «Забіраю адразу два радкі, плюс ідзе перасыпка — атрымліваецца чатыры. За адзін раз, пераадолеўшы поле ўздоўж, і бункер ужо поўны — каля 8 тон», — тлумачыць механізатар.

Аляксандр Ісаеня дадае, што два камбайны ўбіраюць за працоўны дзень 7–8 гектараў, але ўсё залежыць ад умоў надвор’я.
Уверсе, на бункеры бульбаўборачнай тэхнікі, працуе Аляксандр ГІРЭЛЬ. Галоўная задача — прыбіраць траву, бацвінне, груды, каменні з бульбы, якая паступае ў бункер. У Аляксандра спецакуляры, берушы і пальчаткі. «Гэта, вядома, пыльная работа, — дзеліцца ён. — Аднак і плюсы свае ёсць: добрыя ўмовы, зарплата задавальняе, справядлівы начальнік ды і сям’я заўсёды з гароднінай». Мужчыне 28 гадоў, апошнія два ён працуе ў гэтай гаспадарцы, мае дваіх дзяцей, жыве ў суседняй вёсцы, і, як гаворыць, жыццё на вёсцы яму падабаецца.
Ад поля — да бульбасховішча
Прывезеная з поля бульба трапляе далей у сховішча, дзе праходзіць фінальная дапрацоўка. Самазвал выгружае бульбу ў прыёмна-сартавальны бункер, дзе спіральныя вальцы канчаткова аддзяляюць рэшткі зямлі і дзеляць паток на фракцыі. Аляксандр Ісаеня паказвае, як працуе сартавальны комплекс. Вялізны ангар, які запаўняецца на працягу дня бульбай, увышыню дасягае 4 метраў; у сховішчы змяшчаецца 2,5 тысячы тон. А такіх у гаспадарцы чатыры сховішчы.

На тэрыторыі бульбасартавальнага комплексу сярод працаўнікоў сустракаем Ірыну ІСАЕНЮ — жонку Аляксандра Віктаравіча і, па сумяшчальніцтве, брыгадзіра. Яна расказала, што з мужам абодва мясцовыя, 23 гады разам. У свой час маладымі спецыялістамі прыйшлі ў калгас «Чырвонаслабодскі», атрымалі «прэзідэнцкі» дом, дзевяць гадоў адпрацавалі разам. Як узгадвае Ірына, захацелася ўвасобіць у рэальнасць свае ідэі. «Ну, маладыя, як усе, амбіцыі былі (усміхаецца). У 2010 годзе атрымалі пасведчанне аб дзяржрэгістрацыі нашай фермерскай гаспадаркі».
На пытанне, што самае важнае зараз, у разгар уборкі бульбы, Ірына адказвае: «Надвор’е, людзі і здароўе».
«Мы ў роўных умовах з дзяржаўнымі»
Гаспадарка Ісаеняў паступова пашыраецца: выкупілі закінутыя фермы, старыя сховішчы і нядаўна нават набылі былы кансервавы завод у Чырвонай Слабадзе, каб аднавіць і прыстасаваць пад свае патрэбы. У планах Ісаеняў — з часам наладзіць і перапрацоўку.
Аляксандр Ісаеня падзяліўся: «Зараз мы адгружаем 100 тон бульбы за дзень. Першы год прадалі толькі 60 тон усяго ўраджаю. Сёлета плануем ураджай ужо пад 6 тысяч тон бульбы, але для гэтага спатрэбілася 17 гадоў нялёгкай працы».

Аляксандр Віктаравіч не хавае, што галоўнае ў яго справе — не толькі ўраджай, але і ўмовы, у якіх даводзіцца працаваць. «Мы знаходзімся ў роўных умовах — што дзяржаўнае сельгаспрадпрыемства, што прыватны фермер. Плацім аднолькавыя падаткі. Дзяржава звярнула на нас увагу, і гэта добра. Кожны мае магчымасць займацца фермерскай гаспадаркай з такімі падаткамі. У сельскай гаспадарцы з такімі ўмовамі можна працаваць», — кажа ён.
«Прэзідэнт нацэльвае на сваё»

Аляксандр Ісаеня адзначыў, што стаўленне да айчынных вытворцаў змянілася. «І Прэзідэнт гаворыць, што нацэленасць сёння на сваё. Актывізуйцеся, усё будзем самі вырабляць. І на экспарт ёсць магчымасць паставіць, і самім вялікія аб’ёмы вырошчваць. З’яўляецца магчымасць, каб на прылаўкі паступала наша прадукцыя. Нам месцы прадастаўлены — калі ласка, толькі працуй», — лічыць Аляксандр Ісаеня. Ён дадаў, што апошнія два гады, калі Прэзідэнт звярнуў увагу на айчынную вытворчасць, прыватнікам стала лягчэй і цікавей працаваць:
«З вясны мы ведаем, што пасадзіць, колькі і на які кантракт пойдзем з гандлёвымі сеткамі. Наша задача — вырасціць якасны прадукт, захаваць яго належным чынам і ў годным выглядзе паставіць на прылаўкі».

.jpg)
Надзея ЗУЕВА
Фота Лізаветы ГОЛАД