Беларусь не толькі сінявокая прыгажуня з чыстымі і празрыстымі намерамі, як яе шматлікія крыніцы, якія сілкуюць тысячы рэк і азёр. Яна славіцца не толькі добразычлівымі і адкрытымі свету людзьмі, эканамічнымі, культурнымі і спартыўнымі дасягненнямі. Беларусь — смачная краіна! І сярод нашых гастранамічных брэндаў пачэснае месца займае менавіта яна — любімая паўсюль беларуская згушчонка.
Нездарма падрабляюць
Згадзіцеся, непатрэбны прадукт наўрад ці будуць падрабляць. Кантрафактная згушчонка ў ліпавай «беларускай вопратцы» перыядычна ўсплывае ў розных краінах. Гэта вельмі паказальна. Але, вядома, і вельмі дрэнна: паспрабуе хтосьці такую падробку, не ведаючы, што гэта абсалютны падман, і больш ніколі не купіць нават сапраўдную. А каб навучыцца ў ёй прафесійна разбірацца і паглядзець, як яна вырабляецца, мы адправіліся на Рагачоўскі малочна-кансервавы камбінат, прадукцыя якога пастаўляецца ў 27 краін свету.

Аднак, каб нікога не заблытаць у геаграфічна-кулінарных перавагах, нагадаем, што такія ж высакаякасныя натуральныя прадукты выпускае і Глыбоцкі МКК. Адрозніваюцца яны крыху хіба знешняй карцінкай. Аднак не будзем выступаць у ролі рэферы — «мяч» заўсёды павінен заставацца на баку спажыўца, і толькі за ім права выбару і асабістых адзнак. Але насамрэч, абодва беларускія МКК — не канкурэнты.
— У нас адрозніваецца тэхніка вытворчасці, — тлумачыць начальнік кансервавага цэха Рагачоўскага МКК Павел АНІСЕЧКАЎ. — У Глыбокім стаяць лініі перыядычнага дзеяння, а ў нас — бесперапыннага: малако ў нас падаецца на канвеер пастаянна, за кошт чаго мы перапрацоўваем вельмі вялікія яго аб’ёмы. Таксама і нюансы смаку розныя.
У рэжыме 24/7
Згушчонку ў Рагачове сапраўды вырабляюць у тры змены, нават ноччу лініі не спыняюцца. Зразумела, гэта не нейкая звышнарматыўная неабходнасць, а асаблівасць вытворчасці. Сутачнае спажыванне Рагачоўскага МКК у сукупнасці з філіяламі складае каля 2 тысяч тон малака, а на вытворчасць малочных кансерваў з цукрам кожныя 24 гадзіны яго спажываецца 570 тон.
— У залежнасці ад асартыменту ў сярэднім у суткі мы вырабляем 300-350 тысяч малочных кансерваў з цукрам у бляшанках, — кажа Павел Анісечкаў. — І гэта толькі наш цэх. А яшчэ камбінат і яго філіялы акрамя згушчонкі вырабляюць дзіцячае харчаванне, масла, ёгурты і неверагодна запатрабаванае сёння ва ўсім свеце сухое малако. І ўсё гэта знаходзіць свайго спажыўца.
Смак дзяцінства
Якасць — аснова рагачоўскага брэнда ўжо амаль 90 гадоў. У 1940-я згушчонку тут разлівалі ў бочкі — 100-кілаграмовыя, асінавыя і дубовыя. Бляшанку ўкаранілі ў 1950-х гадах.
Сёння ў цэхах — інавацыйнае абсталяванне, якое цалкам выключае «чалавечы фактар» (апошняя найноўшая лінія была ўсталявана ў 2022 годзе). А вось рэцэптура і тэхналогія вытворчасці «таго самага, са смакам дзяцінства» цэльнага згушчанага малака з цукрам і масавай доляй тлушчу 8,5 % не змянілася. Ніякай «хіміі» або «сінтэтыкі» — толькі малако і цукар плюс любоў і клопат!

Увогуле, як бы ні мяняўся свет, згушчонку ў Рагачове робяць «па класіцы»: прыёмка, астуджэнне і ачыстка малака, атрыманне нармалізаванай сумесі з цукрам, якая ў залежнасці ад мэты (канчатковага прадукту, які мяркуецца атрымаць) паступае альбо ў варачнае аддзяленне, альбо адразу на пастэрызацыю, згушчэнне, астуджэнне і фасоўку.
Любімчык «Ягорка» і класіка, што не старэе
Рагачоўскі МКК — прадпрыемства поўнага цыкла — ад малочнай сыравіны (практычна ўсё малако, дарэчы, гатунку «Экстра») да вытворчасці слоікаў, вакуум-упакоўкі і нават палет. Зразумела, у прадпрыемства ёсць уласная сыравінная зона, але рагачоўскі гігант «доіць» усю Беларусь — для гаспадарак гэта і прэстыж, і экзамен. І гэта таксама нядзіўна, бо ў прадукцыі прадпрыемства — аж два дзяржаўныя знакі якасці. Высокая ўзнагарода прысуджана яму за «класіку» — малако цэльнае згушчанае з цукрам і за вараную згушчонку «Ягорка».

Вернасць традыцыям, дарэчы, не адмяняе сучаснага падыходу да распрацоўкі новай прадукцыі. Улічваюцца трэнды: ёсць безлактозная і абястлушчаная лінейкі, прадукты з рознымі смакамі (ад ляснога арэха да апошняй распрацоўкі — «Малако згушчанае са смакам «Апельсін у шакаладзе»). Але і ў класічнай рагачоўскай згушчонкі прыхільнікаў менш не становіцца. Прычым не толькі ў Беларусі.
Пальчыкі абліжаш!
Зразумела, істотнай розніцы ў смакавых перавагах у беларусаў і расіян няма. Але адзін з найбуйнейшых рынкаў збыту рагачоўскай прадукцыі — Казахстан — таксама з задавальненнем спажывае і «класіку», і новыя смакі. Як і Кітай, Азербайджан, Арменія, Грузія, Ізраіль, ЗША... І структура спажывання не адрозніваецца ад Беларусі: з Рагачова любая «малочка» — пальчыкі абліжаш!
— Што патрэбна, каб прадукт быў смачным? Не буду арыгінальны: якасць і адказнасць, — лічыць Анатоль Анісечкаў. — Для нас вельмі важна трымаць высокую планку. Два дзяржаўныя знакі якасці — падстава для гонару ўсяго калектыву. Адчуваю па сабе: ганаруся, што я таксама, як і кожны, хто працуе на прадпрыемстве, прыклаў руку да атрыманн
я гэтых высокіх узнагарод.
Якасць беларускіх прадуктаў харчавання сёння агульнавядомая, але на Рагачоўскім МКК гэты аспект — стабільны падмурак, на якім пабудаваныя і вытворчасць, і рэпутацыя прадпрыемства. Уласная акрэдытаваная лабараторыя, строгі кантроль якасці на кожным этапе, як і вельмі жорсткі экзамен гатовай прадукцыі на выхадзе. Шчыльнасць, вільгаць, глейкасць, тлушч, кіслотнасць, мікрабіялогія... Калі лабараторыя не дасць «дабро», прадукт ніколі не патрапіць да спажыўца.
Зрэшты, справа не толькі ў тэхналогіях, ёсць яшчэ і «псіхалагічны складнік», перакананыя на камбінаце.
— Каб згушчонка і іншая малочная прадукцыя былі сапраўды смачнымі, трэба любіць сваю справу так, як любяць яе работнікі Рагачоўскага МКК, — упэўнена намеснік генеральнага дырэктара па ідэалагічнай рабоце Галіна ЗАМОРСКАЯ.
Увогуле, згушчонку трэба рабіць у першую чаргу «для сябе», кажуць у Рагачове. Тады ў любога пакупніка рука будзе сама цягнуцца да запаветнай бляшанкі з салодкім ласункам са смакам дзяцінства.
Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ
Фота Валерыя КАРТУЛЯ