Top.Mail.Ru
0

Вынікі сацдаследавання: дзе беларусы робяць пакупкі і як ацэньваюць якасць мабільнага інтэрнэту

23.09.2026 | 17:44

Як мы ўжо паведамлялі, днямі былі прэзентаваныя вынікі трэцяй часткі сацдаследавання, якое праводзіў у ліпені—жніўні Інстытут сацыялогіі НАН Беларусі па заказе Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў (БІСД). У ім узялі ўдзел 2045 рэспандэнтаў з усіх рэгіёнаў краіны. Трэцяя частка датычылася актуальных пытанняў міжнароднага і ўнутранага парадку дня. Сёння мы працягваем публікаваць яе падрабязнасці. Сацыёлагі пыталіся ў беларусаў пра перавагу сярод гандлёвых пляцовак, якасць мабільнага інтэрнэту, бяспеку на тратуарах з-за вялікай колькасці сродкаў персанальнай мабільнасці і ўвогуле пра тое, якія пытанні хвалююць іх найбольш.


Старэйшых хвалюе мір, маладых — зарплата і жыллё

Як паказала апытанне, у топе пазіцый, якія найбольш хвалююць беларусаў, — пытанні міру і бяспекі (55,1 %), інфляцыі і цэн (41,1 %), а таксама ўзроўню аплаты працы (37,7 %). Далей ідзе даступнасць жылля (25,9 %), кібермахлярства, тэлефоннае махлярства (24,2 %), якасць і даступнасць медыцынскага абслугоўвання і лекаў (23,8 %), узровень пенсійнага забеспячэння (21,7 %), тарыфы на камунальныя паслугі (15,2 %).

«Разам з тым зафіксавана неаднароднасць ацэнак у залежнасці ад узросту рэспандэнтаў. Апытаную моладзь ва ўзросце 18-30 гадоў у большай ступені непакоіць узровень аплаты працы (адзначылі 51,3 %) і даступнасць жылля (49,5 %). Людзей сярэдняга ўзросту (31-57/62 гадоў) больш за ўсё хвалююць пытанні міру і бяспекі (55,8 %), узроўню заработнай платы (46,7 %). Для людзей пенсійнага ўзросту актуальныя праблемы міру і бяспекі (60,2 %), а таксама ўзровень пенсіённага забеспячэння (54,5 %)», — сказаў дырэктар Інстытута сацыялогіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Мікалай МЫСЛІВЕЦ.

Магазіны пакуль выігрываюць

Магазіны застаюцца ключавымі аб’ектамі, дзе беларусы робяць свае пакупкі. У класічных магазінах большасць рэспандэнтаў у першую чаргу лічаць за лепшае купляць наступныя 
тавары: 95,1 % — прадукты харчавання і напіткі, 77,8 % — касметыку, прадметы гігіены і бытавую хімію, 70,3 % купляе ў іх адзенне, абутак, аксесуары і ўпрыгожанні, 67,9 % — бытавую тэхніку і гаджэты.

Мікалай Мыслівец заўважыў, што моладзь у параўнанні з іншымі ўзроставымі групамі больш шырока карыстаецца маркетплэйсамі і інтэрнэт-магазінамі.

Прадукты харчавання і напіткі на маркетплэйсах купляюць 6,3 % рэспандэнтаў ва ўзросце ад 18 да 30 гадоў, у інтэрнэт-магазінах — 5,8 % (паказчык па краіне — 4,7 % і 4,2 % адпаведна).

Касметыку, прадметы гігіены і бытавой хіміі купляюць на маркетплэйсах і ў інтэрнэт-магазінах адпаведна 37,1 % і 17,1 % апытаных маладых людзей (па краіне — 25,6 % і 11,4 %).
Адзенне, абутак, аксесуары і ўпрыгожанні на маркетплэйсах купляюць 54,7 % рэспандэнтаў ва ўзросце ад 18 да 30 гадоў, у інтэрнэт-магазінах — 30,0 % (па краіне — 34 % і 19,1 % адпаведна).

Бытавую тэхніку, гаджэты на маркетплэйсах купляюць 21,8 % рэспандэнтаў ва ўзросце ад 18 да 30 гадоў, у інтэрнэт-магазінах — 38,4 % (па краіне — 16 % і 27,2 % адпаведна).

Мабільны інтэрнэт: больш камфортна, чым наадварот

Большасць рэспандэнтаў (59,4 %) у цэлым станоўча ацэньваюць якасць мабільнага інтэрнэту: з іх 18,7 % адзначылі, што ўсё загружаецца хутка і праблем не ўзнікае, а яшчэ 40,7 % пазначылі, што бываюць рэдкія збоі, але ў цэлым карыстацца камфортна. Разам з тым кожны трэці апытаны паказвае на тыя ці іншыя праблемы з хуткасцю і стабільнасцю злучэння. У прыватнасці, як заявілі 24,9 % рэспандэнтаў, перыядычна хуткасць падае, што выклікае раздражненне, а 8,4 % ахарактарызавалі злучэнне так: пастаянныя абрывы і нізкая хуткасць, карыстацца немагчыма.

«Часцей незадаволенасць якасцю мабільнага інтэрнэту выказвае моладзь (на варыянты „перыядычна хуткасць падае“ і „пастаянныя абрывы“ паказалі ў агульнай колькасці 43,4 % 

рэспандэнтаў ва ўзросце ад 18 да 30 гадоў), атаксама жыхары сельскай мясцовасці (39 %)», — адзначыў Мікалай Мыслівец.

Пешаходы ў бяспецы

67,4 % рэспандэнтаў адчуваюць сябе ў бяспецы як пешаходы на тратуарах з улікам руху веласіпедаў, электрасамакатаў і іншых сучасных мабільных сродкаў перамяшчэння. Пры гэтым супрацьлеглага пункту гледжання прытрымліваюцца 29 % апытаных.

«Паказальна, што ў дачыненні да гэтага пытання значных узроставых адрозненняў не выяўлена. 

У разрэзе тыпаў населеных пунктаў адрозненні таксама мінімальныя. Сярод гараджан аб бяспецы на тратуарах заявілі 68 % апытаных, сярод жыхароў сельскай мясцовасці — 64,9 %. Сярод рэгіёнаў адзначаюцца асобныя адрозненні: у меншай ступені адчуваюць сябе бяспечна як пешаходы на тратуарах у Мінску (61,2 %) і на Брэстчыне (56,6 %). У большай ступені адзначаюць бяспеку на тратуарах у Гомельскай, Гродзенскай і Магілёўскай абласцях — звыш 70 %», — сказаў Мікалай Мыслівец.

Паводле БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю