Top.Mail.Ru
0

Прадстаўнікі розных сфер паштовай дзейнасці прадэманстравалі сваё майстэрства

Прафесіяналы з вялікай літары

У гэтым месяцы прайшлі адразу два конкурсы прафесійнага майстэрства сярод працаўнікоў РУП «Белпошта». Удзел у іх узялі прадстаўнікі розных спецыяльнасцяў, ад якіх залежыць паспяховае функцыянаванне рэспубліканскага прадпрыемства.

Асаблівая місія

Па-першае, у сярэдзіне верасня завяршыўся XXІX Рэспубліканскі конкурс прафесійнага майстэрства сярод паштальёнаў і спецыялістаў па паштовай дзейнасці. На працягу двух дзён вызначаліся найлепшыя з найлепшых у сваёй галіне, дэманструючы прафесійныя навыкі пры выкананні розных заданняў. У гэтым годзе конкурс прысвячаўся не толькі Сусветнаму дню пошты, які, дарэчы, таксама адзначаецца ў верасні, але і Году беларускай жанчыны. Таму што большасць працаўнікоў РУП «Белпошта» — менавіта прадстаўніцы прыгожай паловы чалавецтва.

На закрыцці конкурсу прысутнічалі першы намеснік генеральнага дырэктара РУП «Белпошта» Алена ДРАЗДОВІЧ, намеснік генеральнага дырэктара па ідэалагічнай рабоце Людміла ШАЎРЭЙ, старшыня першаснай прафсаюзнай арганізацыі прадпрыемства Анжаліка ДРОБАВА. Нямала цёплых слоў пачулі ўдзельнікі спаборніцтва ад кіраўніцтва прадпрыемства пры абвяшчэнні пераможцаў. Усім цёпла падзякавалі за праяўленае майстэрства, веды і навыкі, пажадалі здароўя і поспехаў у працы.

Сярод паштальёнаў першае месца заваявала прадстаўніца Гомельскага філіяла Марына ЯЦКО. Другое месца заняла Ірына ЦІХАНОВІЧ з Мінскага абласнога філіяла. Трэцяе месца — у Рэгіны АЛЬЯНАЙ, яшчэ адной прадстаўніцы Гомельскага філіяла.

Сярод спецыялістаў па паштовай дзейнасці першае месца прысудзілі Марыне СТАСЮКЕВІЧ з Брэсцкага філіяла, другое — Наталлі МУКШТАНАВАЙ з Віцебскага філіяла, а трэцяе — Таццяне ЛАГАВОЙ з гэтага ж філіяла.

У камандным заліку лідзіравалі прадстаўнікі Гомельскага філіяла, за імі размясціўся Віцебскі філіял, трэцяе месца — у Брэсцкага філіяла.

Ганаровымі граматамі і дыпломамі ўзнагароджаны многія ўдзельнікі конкурсу. Свае падарункі ўручылі ім і прадстаўнікі рэспубліканскіх СМІ.

З ювелірнай дакладнасцю

А 18 верасня завяршыўся XІV Рэспубліканскі конкурс прафесійнага майстэрства сярод вадзіцеляў аўтамабіляў РУП «Белпошта». Два дні найлепшыя прадстаўнікі ўсіх філіялаў прадпрыемства і аўтатранспартнай вытворчасці дэманстравалі ювелірную дакладнасць ваджэння, бездакорнае веданне правіл дарожнага руху і ўменне дзейнічаць у экстранных сітуацыях.

Спаборніцтвы ўключалі ў сябе наступныя этапы: праверка ведаў ПДР, іспыт па аказанні першай медыцынскай дапамогі і відовішчнае хуткаснае манеўраванне на аўтамабілях «ГАЗ-A31R32» і «Lada Largus».

— Прафесія вадзіцеля паштовага транспарту застаецца адной з самых адказных і значных для нашага прадпрыемства. Высокія вынікі, паказаныя ўдзельнікамі, пацвярджаюць: лагістыка нацыянальнага аператара сувязі знаходзіцца ў надзейных руках сапраўдных асаў, — адзначыў намеснік генеральнага дырэктара РУП «Белпошта» па тэхнічных пытаннях Сяргей ПАТАПЕНКА.

Ва ўрачыстай абстаноўцы пераможцам і прызёрам уручылі заслужаныя медалі, дыпломы і кубкі.

Па выніках усіх выпрабаванняў у агульнакамандным заліку на першым месцы аказаўся Гродзенскі філіял, на другім — Гомельскі, трэцяе месца заняў Брэсцкі філіял. Таксама былі вызначаны пераможцы ў практыкаваннях на дзвюх марках паштовых аўтамабіляў.

Сяргей РУЧАНАЎ

Фота РУП «Белпошта»

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю