Кушлікоўцы на чале са сваім кіраўніком не здраджваюць традыцыі, закладзенай на тутэйшых землях задоўга да сённяшняга пакалення аграрыяў. Бульбу яны вырошчваюць строга па навуцы і тэхналогіях, выкарыстоўваючы найлепшы насенны матэрыял, падкормліваючы глебу, апрацоўваючы сельгаскультуру ад хвароб і шкоднікаў. Гэтым летам, напрыклад, толькі ад фітафторы, галоўнага ворага бульбы, яе апрацоўвалі пяць разоў. Але ж і вынік годны.
Стаўка на высокую культуру земляробства
Ва ўрочышчы Плігаўкі за садам, дзе я пабывала, ураджайнасць бульбы складае да 380 цэнтнераў з гектара. Ёсць і лепшыя ўчасткі; так, ва ўрочышчы, якое мясцовыя завуць Зінкіным лугам, ураджайнасць даходзіла да 480 ц/га. А якія дагледжаныя палі! Па контурнасці яны невялікія, у сярэднім 6–8 гектараў, але ж гранкі ад краю да краю роўненькія, хоць страляй з іх, а ў скошаным і звезеным бульбоўніку аніякага пустазелля.
— Зямля, як і чалавек, хварэе, а выкарыстоўваецца інтэнсіўна, — адзначае Фёдар Завадскі. — Каб зямля, а ў нас у сельгасабароце яе 3 тысячы гектараў, урадзіла, яе трэба любіць і ўкладвацца ў яе. Толькі высокая культура земляробства, уласцівая «Кушлікам», дазваляе атрымліваць на нашых пясчаных, супясчаных і сугліністых глебах добры вынік. Так, сёлета ўраджайнасць пшаніцы ў нас склалася звыш 50 ц/га, рапсу — звыш 40 ц/га.
Дрэнных сартоў не бывае
Нездарма для дастатковай падкормкі арганікай у гаспадарцы ўтрымліваюць 2 тысячы галоў буйной рагатай жывёлы, не забываюцца на штогадовае вапнаванне палёў, унясенне мінеральных угнаенняў.
Бульба ўжо даспела ў зямлі, яе ўборка ў разгары, на бягучы момант убралі каля паловы са 150 га ад занятай другім хлебам плошчы. Практычным шляхам агранамічная служба прадпрыемства дайшла да таго, каб вырошчваць на сваіх землях сарты «брыз», «гала», «мастак» і «першацвет». Насенны матэрыял супер-суперэліты, суперэліты, эліты закупляюць у беларускіх насенняводчых арганізацый, выкарыстоўваюць сваё насенне да 3–4-й рэпрадукцыі.
— Вельмі правільным і своечасовым быў прапанаваны Прэзідэнтам напачатку 2000-х гадоў першы пілотны праект па развіцці ў краіне бульбаводства, — адзначае Фёдар Завадскі. — Мы скарысталіся яго магчымасцямі і на працягу некалькіх гадоў закупілі ўсю лінейку неабходнай тэхнікі і абсталявання, ад саджалак да капалак беларускай вытворчасці ці зборкі. Беражом і штогод стараемся абнаўляць яе. За ўласныя сродкі не заўсёды выходзіць — бяром у лізінг. На шчасце, сёння практычна ўсю лінейку спецыялізаванай тэхнікі і абсталявання вырабляе эксперыментальны завод НПЦ НАН Беларусі па механізацыі сельскай гаспадаркі.
У 2014 годзе дзякуючы ўдзелу ў згаданым праекце ААТ «Кушлікі» пабудавала сучаснае бульбасховішча на 4 тысячы тон. Ураджай жа трэба не толькі вырасціць, але і зберагчы. Наяўнасць сховішча дазваляе без страт захоўваць насенне, пастаўляць да сталоў пакупнікоў бездакорную, прыгожую і смачную бульбу.
Адразу пасля сартавання бульба падвяргаецца некалькім ступеням апрацоўкі. У першай камеры яна праходзіць лячэбны перыяд, вытрымліваецца пры пэўнай тэмпературы і вільготнасці, абвяваецца паветрам. Тады — муміфікаванне, ці папросту зачарсцвенне, каб утварылася трывалая лупіна; затым — ахалоджванне; захоўванне працяглы час пры тэмпературы 3 градусы.
Перад рэалізацыяй бульбу зноў праграваюць, бо халодная яна схільная да траўмавання. На пасадку пакідаюць каля 450 тон, ільвіная доля другога хлеба ідзе на рэалізацыю. Першая тысяча тон ужо закладзена на працяглае захоўванне.
Ад Віцебшчыны да Масквы
Бульба — сацыяльна важны прадукт, цэны на які ўстанаўлівае Мінсельгасхарч. Кушлікоўцы ў поўным аб’ёме выконваюць дзяржаўны заказ. Іх прадукцыя паступае ва ўстановы адукацыі, Полацкі пагранатрад, з якім усталяваны трывалыя партнёрскія адносіны. Кушлікоўскую бульбу ядуць у Віцебску, Наваполацку, Полацку — яе закупляюць гандлёвыя сеткі «Дабраном», «Дыёніс», «Еўраопт».
— Рэалізоўваем бульбу па камерцыйных цэнах у Маскву, Санкт-Пецярбург. У свой час занялі там сваю нішу. Нават з Краснадарскага краю, дзе сваёй бульбы поўна, просяць нашай — падабаецца яе якасць і смак, — усміхаецца Фёдар Завадскі.
Хаця менавіта бульба- і гароднінаводства — самая працаёмкая ў сельскай гаспадарцы справа, у «Кушліках» вырошчваюць таксама буракі, моркву, капусту, цыбулю. Як і бульбу, прадаюць па вельмі дэмакратычных цэнах найперш работнікам прадпрыемства, такім чынам пазбаўляюць іх ад клопатаў на ўласных агародах. Людзі задаволены, могуць цалкам аддавацца рабоце, у іх не баліць галава, дзе браць «баршчовы набор».
— Вось мы з вамі пра тэхніку і тэхналогіі, абсталяванне і падкормкі, сарты і абарону раслін, але ж само па сабе ўсё гэта не працуе. За ўсім стаяць людзі, іх добрасумленная праца, пот і мазалі, — даходзіць да шчырага кіраўнік гаспадаркі. — Я шчаслівы, што ў нас ёсць калектыў, адукаваныя спецыялісты, вопытныя механізатары і моладзь, якая не баіцца цяжкасцяў. Як і ва ўсе часы, усё вырашаюць людзі. Ім усё падуладна, акрамя ўтаймавання прыроды.
Услед за лідарам
Падначаленыя ў адзін голас сцвярджаюць, што нічога не было б у «Кушліках» без «нашага Фёдара». Ён асеў у тутэйшых мясцінах у 1987 годзе, калі прыехаў маладым спецыялістам пасля заканчэння Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі, з 1990-га ўзначальвае гаспадарку. Дарэчы, паказальны факт: ні адзін з яго аднагрупнікаў на гэты момант не працуе ў сельскагаспадарчай галіне. Відаць, толькі такому чалавеку-глыбе, як Фёдар Завадскі, па плячы правільным шляхам весці за сабою калектыў у больш як 300 чалавек. Варта адзначыць высокую арганізацыю рабочага працэсу: ніхто не чакае, пакуль яго падштурхнуць, усе дакладна ведаюць, што сёння трэба рабіць — і спяшаюцца на свае ўчасткі працоўнага фронту.
Тое, што курс кіраўніка верны, пацвярджаюць факты. Акрамя згаданых вышэй: напрыканцы мінулага года ўвялі ў эксплуатацыю новы малочнатаварны комплекс на 640 галоў дойнага статка. На сельгаспрадпрыемстве няма ніводнага закінутага жывёлагадоўчага памяшкання, як няма і закінутага жылля.
У іншых мясцінах шматкватэрныя дамы, якія сталі незапатрабаванымі і сумна самаразбураюцца, тут абжытыя, а ў цэнтры гаспадаркі яшчэ і цэнтралізавана ацяпляюцца. Кацельная працуе на мясцовых відах паліва. Пры Завадскім у Кушліках — негазіфікаваным аграгарадку, дзе яшчэ не ўсе вуліцы заасфальтаваныя, — вырас цэлы пасёлак утульных дамоў сядзібнага тыпу. Зараз свабоднага жылля ў гаспадарцы няма.
— Мы першымі на Віцебшчыне бяром удзел у рэалізацыі пілотнага праекта, згодна з якім пабудуем пяць двухузроўневых дамоў на дзве сям’і кожны, — паведамляе Фёдар Завадскі. — Гэта будзе арэнднае жыллё, нам патрэбны адукаваныя спецыялісты ў галіне жывёлагадоўлі — на новым комплексе ўсё камп’ютарызавана. Не адмовімся і ад працавітых механізатараў, жывёлаводаў. Трэба, каб была змена сённяшнім працаўнікам.
Кушлікоўская бульба — гэта брэнд. Нездарма пад гэтай маркай той-сёй «прадпрымальнік» імкнецца прадаваць на кірмашах сваю ці перакупленую бульбу, здараецца, не лепшай якасці. Каб не псаваць дзелавую рэпутацыю, гаспадарка нават была вымушаная даць аб’яву, што арыгінальную кушлікоўскую бульбу можна купіць толькі ў Кушліках! І сапраўды, на ўездзе ў бульбасховішча стаяць прыватныя машыны: гараджане назапашваюць другі хлеб на зіму. Ведаюць: тут бульба самая лепшая, бо вырашчаная з любоўю.
Святлана ЯКАЎЛЕВА, фота аўтара