Top.Mail.Ru

Летам беларускай эканоміцы ўдалося ўтрымацца на пазітыўным трэку

24.09.2026 | 11:19

Па выніках васьмі месяцаў беларуская эканоміка працягнула рост. Дынаміка ВУП склала 101,9 %. Адбылося некаторае запаволенне ў параўнанні са студзенем — ліпенем, але нязначнае — 0,2 працэнтнага пункта. Прычым яно тлумачыцца сезонным фактарам, перш за ўсё — зрушваннем на больш познія тэрміны ўборачнай у параўнанні з мінулым годам. Да таго ж жнівень традыцыйна з’яўляецца часам вялікіх водпускаў — і ў Беларусі, і ў нашых ключавых партнёраў па ЕАЭС. Адпаведна дзелавая актыўнасць у цэлым запавольваецца. Але ўвогуле эканоміка паказала нядрэнныя вынікі нават з улікам гэтых фактараў.


Няхай і на сціплыя 0,2 %, але паказала рост прамысловасць. Гэта ўжо з’яўляецца пазітыўным фактарам, бо ў першым паўгоддзі індустрыяльны сектар знаходзіўся ў адмоўнай зоне. Прычым за восем месяцаў 2026 года значна знізіліся запасы гатовай прадукцыі ў параўнанні з аналагічным перыядам 2025-га: з 80,5 % да 75,9 % да сярэднямесячнага аб’ёму вытворчасці. Вырасла і доля адгружанай інавацыйнай прадукцыі — з 17,1 % у 2025 годзе да 18,2 % у 2026-м. Гэта сведчыць аб пераходзе прамысловасці на інтэнсіўную траекторыю развіцця, настройцы бізнес-працэсаў пад рэаліі і існуючых, і новых рынкаў збыту. Самае прыемнае, што раскручваецца дынаміка прадукцыйнасці працы — 101,6 %. 

Па гэтым паказчыку ёсць яшчэ вялікі задзел для росту. Асабліва ўлічваючы і дэфіцыт працоўнай сілы, і ўзрастаючую канкурэнцыю на міжнародных рынках. Тым не менш прадукцыйнасць расце. Калі за сем месяцаў яна складала 35 тысяч рублёў на чалавека, то па выніках васьмі — ужо больш як 43 тысячы.


У дадатную зону ўвайшоў аптовы тавараабарот, што сведчыць аб актывізацыі рэалізацыі айчыннай прадукцыі. Рост пакуль невялікі — 0,2 %, аднак радуе станоўчая тэндэнцыя. Дастаткова ўпэўнены рост дэманструе таксама грузаабарот — плюс 2,7 % па выніках васьмі месяцаў. Гэтыя два паказчыкі гавораць аб актыўнасці эканамічнага жыцця. У студзені — ліпені на 14,1 % вырас экспарт. Пры гэтым імпарт дадаў на 11,7 %. У выніку знешнегандлёвае сальда склалася дадатнае — 117,2 мільёна долараў. Толькі за ліпень экспарт перавысіў імпарт амаль на 100 мільёнаў долараў. Перш за ўсё — за кошт павелічэння экспарту паслуг, сярод якіх лідзіруюць транспартныя і ІT. Грузаперавозчыкі выбудавалі новыя лагістычныя маршруты. Прычым транспартныя ланцужкі павялічыліся, у іх з’явіўся дадатковы заробак. Сектар ІT перабудаваўся на ўнутраны і расійскі рынкі, на якіх ёсць попыт на ўласныя лічбавыя рашэнні.

Інвестыцыйная актыўнасць у жніўні крыху запаволілася, але і па выніках васьмі месяцаў дынаміка захавалася дадатная — 103,1 %. Прычым апераджальнымі тэмпамі растуць затраты на набыццё машын, абсталявання, транспартных сродкаў — 105,8 %. 

У цэлым рост ВУП быў забяспечаны, у першую чаргу аднаўленнем прамысловай вытворчасці, а таксама стымуляваннем спажывецкага попыту. 

Рознічны тавараабарот захоўвае сваю высокую дынаміку — 8,4 % па выніках васьмі месяцаў. Яго падтрымлівае рост рэальных даходаў насельніцтва — на 8,1 % у студзені — ліпені ў параўнанні з тым жа перыядам 2025 года, а таксама актывізацыя спажывецкага крэдытавання, якое ў другім квартале павялічылася амаль на трэць год да году.


Пры гэтым інфляцыя знаходзіцца на нізкім узроўні. Традыцыйна жнівень аказаўся ўвогуле дэфляцыйным — індэкс спажывецкіх цэн знізіўся на 0,1 % у параўнанні з ліпенем. У параўнанні са жніўнем мінулага года ён вырас на 4,5 %, а са снежнем — на 3,1 %. У жніўні таксама на 2,8 % зменшыўся індэкс цэн вытворцаў сельскагаспадарчай прадукцыі, што зніжае ціск на інфляцыю ў будучых перыядах. Трэба адзначыць, што цэнавая стабільнасць адбываецца на фоне лібералізацыі цэнавага рэгулявання. У тым ліку і гэты фактар дазволіў захаваць дастаткова высокую рэнтабельнасць продажаў у эканоміцы — 6,7 % за студзень — ліпень 2026 года. Прычым у ліпені гэты паказчык склаў 7,5 %. Праўда, адбілася і спрыяльная кан’юнктура цэн на некаторыя беларускія экспартныя таварныя пазіцыі. У прамысловасці рэнтабельнасць продажаў за сем месяцаў гэтага года склалася на ўзроўні 9,6 % (у ліпені — 11,2 %). Летась у студзені — ліпені гэты паказчык быў 8,9 %. 

Адпаведна, вырас і чысты прыбытак. У ліпені ў параўнанні з чэрвенем ён павялічыўся больш як у 1,8 раза. У сукупнасці наша эканоміка атрымала ў ліпені 2,7 мільярда прыбытку. Гэтыя сродкі з’яўляюцца фінансавай падушкай і для актывізацыі інвестыцыйнай актыўнасці, і для павышэння ўзроўню заработнай платы, паколькі дэфіцыт працоўнай сілы захоўваецца і ў краінавым, і ў рэгіянальным разрэзе.

Уладзімір ВАЛЧКОЎ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю