Напрыклад, калі чалавек меў некалькі аб’ектаў нерухомасці і аўтамабіль, яму даводзілася аплачваць да пяці розных падаткаў рознымі плацяжамі на розныя бюджэтныя рахункі. З 2024 года для спрашчэння працэдуры аплаты ўведзены адзіны маёмасны плацеж для фізічных асоб. Гэта дазваляе плаціць усе падаткі адным плацяжом, штоэканоміць час і робіць працэс больш зручным для падаткаплацельшчыкаў.
У залежнасці ад кошту маёмасці
Падатак на нерухомасць налічвае падатковы орган. За аснову бярэцца кошт аб’екта на пачатак года, за які ідзе разлік. Для кватэры, дома, дачы, гаража і шэрагу іншых аб’ектаў ён звычайна вызначаецца праз разліковы кошт аднаго квадратнага метра і плошчу нерухомасці. Базавая гадавая стаўка падатку на нерухомасць для фізічных асоб складае 0,1 %.
Пры гэтым мясцовыя Саветы дэпутатаў у прадугледжаных законам выпадках могуць мяняць стаўкі, але павышэнне не распаўсюджваецца на кватэры і пакоі ў шматкватэрных і блакіраваных дамах.
З зямельнымі ўчасткамі ўсё складаней. У кожным асобным выпадку мае значэнне, які гэта ўчастак, як ён выкарыстоўваецца, якія яго кадастравая цана і плошча.

Як патлумачылі карэспандэнту «Звязды» ў гарадской падатковай інспекцыі Мінска, гадавая сума зямельнага падатку вызначаецца як множанне падатковай базы на адпаведную стаўку. У большасці выпадкаў падатковай базай выступае кадастравы кошт участка, але для асобных відаў зямель разлік вядуць зыходзячы з плошчы. Стаўкі таксама залежаць ад функцыянальнага выкарыстання зямлі. Самастойна шукаць кадастравы кошт для аплаты не патрабуецца. Усю неабходную інфармацыю атрымліваюць падатковыя органы.
Напрыклад, для асобных аўтамабіляў з пераліку транспартных сродкаў павышанай камфортнасці ўжываецца павышаны парадак падаткаабкладання. Ёсць і льготы. Для некаторых катэгорый грамадзян стаўка можа быць зніжана на 50 % або на 25 %, а асобныя транспартныя сродкі цалкам вызваляюцца ад падатку.
Можна адразу, можна часткамі
Варта нагадаць, што сёлета жыхары краіны павінны аплаціць маёмасныя падаткі, налічаныя за 2025 год. Такі парадак звязаны з тым, што маёмасныя падаткі цяпер выплачваюцца
пасля заканчэння года, за які яны разлічаны. У жніўні падатковыя органы ўжо разлічылі сумы за мінулы год. Паведамленні накіроўваюцца ў асабісты кабінет плацельшчыка і на электронную пошту тым, хто пагадзіўся атрымліваць іх выключна ў электронным выглядзе. Астатнім іх павінны накіраваць поштай не пазней за 1 кастрычніка.
Апошні тэрмін аплаты гэтага плацяжу сёлета — 16 лістапада. Міністэрства па падатках і зборах тлумачыць, што можна аплаціць усю суму адразу, а можна — часткамі. Галоўнае, каб да 16 лістапада плацеж быў унесены цалкам.

Адзіны маёмасны плацеж паступае на рэспубліканскі бюджэтны рахунак па месцы рэгістрацыі чалавека, код плацяжу — 03101.
Калі вы вырашылі скарыстацца асабістым кабінетам плацельшчыка, трэба зайсці ў яго на сайце Міністэрства па падатках і зборах і націснуць кнопку «Аплаціць». Можна аплаціць і праз сістэму АРІП, прычым трыма спосабамі. Першы — па QR-кодзе. Другі — па кодзе плацяжу ў АРІП, дзе трэба запоўніць уліковы нумар плацельшчыка. Трэці — калі прайсці па дрэве АРІП: сістэма «Разлік» → падаткі → вобласць або горад па месцы рэгістрацыі → патрэбная ІМПЗ → адзіны маёмасны плацеж → УНП. Даведацца пра свой УНП можна праз электронны сэрвіс МПЗ.
Сяргей КУРКАЧ