Top.Mail.Ru
0

Неабходна ствараць стымулы рэтэйлу, які аддае перавагу таварам айчыннай вытворчасці

25.09.2026 | 10:49

Герояў трэба ведаць у твар. Згодзен, штамп. Але ў цэлым канцэпцыя правераная часам: нематэрыяльныя стымулы таксама маюць значэнне. І часам большае, чым выключна камерцыйная выгада. Да таго ж эканоміка становіцца ўсё больш эмацыянальнай, калі спажывец часцей робіць выбар па загадзе сэрца, а не зыходзячы з матэматычных разлікаў. Ёсць у мяне сур'ёзныя падазрэнні, што мы яшчэ не ў поўнай меры выкарыстоўваем псіхалагічныя фактары ў справе дасягнення макраэканамічных мэт. Скажам, па долі рэалізацыі тавараў айчыннай вытворчасці. Ёсць статыстычныя даныя, але адсутнічае персаналізацыя. Хто з буйных, сярэдніх, невялікіх аб'ектаў гандлю самы паспяховы ў рэалізацыі беларускіх тавараў? Як бачыцца, не пашкодзіла б вызначыць пераможцаў. Па-першае, людзям будзе прыемна: іх намаганні заўважаны. Па-другое, для пакупнікоў дадатковая інфармацыя, пад якой шыльдай хаваецца самы шырокі асартымент айчыннай прадукцыі.


Сацыяльная адказнасць бізнесу трывала ўвайшла ў моду. Прынамсі, пра яе шмат гавораць прадстаўнікі камерцыйных структур. Магчыма, робяць яны крыху менш, і ўсё ж беларускі бізнес, у прынцыпе, гатовы на сябе браць пэўную дадатковую нагрузку. Не толькі з гуманістычных меркаванняў (хоць такія, безумоўна, прысутнічаюць), а і для зарабляння нематэрыяльных актываў. А яны ўсё больш уплываюць на бізнес.

Насамрэч беларусы вельмі рацыянальныя людзі. І доўгія гады выключна цана з’яўлялася ключавым крытэрыем прыняцця рашэння аб куплі. Перыядычна кошт тавару канкурыраваў за права першынства з сілай брэнда. Зрэшты, арыенцір на салідныя гандлёвыя маркі вызначаўся не іх нябачнай аўрай амбіцыйнасці, а хутчэй, прагматычным падыходам: імкненне набываць рэчы з гарантаванымі якасцю і надзейнасцю. Але сістэма каштоўнасных каардынат на рынку паступова мяняецца, асабліва сярод моладзі. І вось на першы план выходзяць крыху іншыя ідэалы: экалагічнасць, натуральнасць, сацыяльная адказнасць кампаніі-вытворцы...

І справа не толькі ў змене пакаленняў. Аб’ектыўна, дабрабыт людзей у апошнія паўтара-два дзесяцігоддзі вырас у разы. Большасць ужо не адчувае жорсткага дэфіцыту грашовых знакаў. Прынамсі, у рамках паўсядзённых трат. Таму можа сабе дазволіць выбар па больш шырокім наборы крытэрыяў. Такі агульны трэнд, які яшчэ называюць эканомікай эмоцый. Даволі шырокая праслойка спажыўцоў (і яна ўсё павялічваецца) хоча набываць не проста тавары з пэўнымі характарыстыкамі і функцыяналам, але і ўражанні, пачуцці, адчуванні. Тут і пачынае працаваць той нематэрыяльны капітал. І з пункту гледжання маркетынгу і прасоўвання тавару на рынак ён набывае нават вельмі алічбаваную форму. Гэта значыць, калі не лінейна, то значна ўплывае на фінансава-эканамічныя паказчыкі.

Такую тэндэнцыю, безумоўна, лагічна выкарыстоўваць, у тым ліку і ў рамках рэалізацыі нацыянальных стратэгій і задач. Правільна выбудаваная сістэма нематэрыяльных стымулаў можа матываваць суб’екты гаспадарання дзейнічаць у рамках стратэгічных канцэпцый. Напрыклад, у частцы павелічэння долі продажаў айчыннай прадукцыі. Вербальна рэтэйл гатовы ўсяляк падтрымліваць айчыннага вытворцу. У рэальнасці чамусьці доля рэалізацыі беларускіх тавараў на ўнутраным рынку не павялічваецца. Наадварот, ніяк не можа зрушыцца з зыходнай траекторыі. Зразумела, таму ёсць дастаткова шмат прычын. Далёка не ўсе нашы тавары настолькі канкурэнтаздольныя, як хацелася б. У сілу шэрагу абставін узмацняецца канкурэнцыя на рэгіянальным узроўні, некаторыя сегменты спажывецкага рынку перанасычаны прадукцыяй і вытворчымі магутнасцямі ў рамках ЕАЭС. А клапан экспарту за межы саюза абмежаваны ў сваёй прапускной здольнасці з прычыны фрагментацыі сусветнай эканомікі. Сваю лепту ўносіць стабільная курсавая палітыка. 


З аднаго боку, адносна танная валюта — выгада для спажыўцоў: у тым ліку за кошт гэтага фактару ўдаецца ўтрымліваць у прагнозных рамках інфляцыю. З другога, моцны рубель павышае прывабнасць імпартных тавараў. Прычын нездавальняючай долі продажаў родных тавараў шмат — і аб’ектыўных, 

і суб’ектыўных. І часткова яны ляжаць у зоне ўплыву рэтэйлу. Далёка не заўсёды ён імкнецца гандляваць беларускім, бо імпарт больш выгадны. І цяжка ганіць камерцыйную арганізацыю за жаданне павялічыць свой прыбытак.

Будзем аб’ектыўнымі. Замежныя пастаўшчыкі з прычыны шэрагу акалічнасцяў могуць прапанаваць больш выгадныя ўмовы: добрыя зніжкі, адтэрміноўкі плацяжоў, маркетынгавае суправаджэнне, рэкламныя акцыі, якія стымулююць продажы... 


І перайграць многіх імпарцёраў па цэнавым фактары або затратах на папулярызацыю большасці нашым вытворцам не пад сілу. Памеры кампаній несупастаўныя, як і іх эканамічная сіла. Таму ў такім выпадку ключавым інструментам могуць стаць нематэрыяльныя стымулы. Скажам, публікаваць (з іх, зразумела, згоды) топ гандлёвых кампаній — лідараў па долі продажаў айчынных тавараў, надзяляючы іх статусам самых патрыятычных прадаўцоў. Гэта можа стаць тым нематэрыяльным актывам, які будзе канвертавацца ў фінансавы вынік праз прыцягненне дадатковых пакупнікоў, павелічэнне абаротаў і, адпаведна, эфектыўнасці бізнесу. І ніякага пратэкцыянізму, у адносінах да якога маглі б абурыцца нашы партнёры па ЕАЭС: выключна псіхалагічныя фактары, але яны могуць спрацаваць.

Уладзімір ВАЛЧКОЎ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю