Адносна танныя рэсурсы здольныя стварыць ілюзію, якая потым, у доўгатэрміновай перспектыве, ператвараецца ў пастку для эканомікі. Экстэнсіўны рост вытворчасці павышае попыт на энергетыку, даводзіцца ўзводзіць новыя магутнасці, укладваць інвестыцыі, якія ў гэтай галіне доўга акупляюцца, ствараюць дадатковую фінансавую нагрузку, з усімі негатыўнымі наступствамі. На думку намесніка старшыні Дзяржстандарта — дырэктара Дэпартамента па энергаэфектыўнасці Віталя Крэцкага, даступнасць энергарэсурсаў дае Беларусі рэзерв магчымасцяў для ўкаранення новых тэхналогій, назапашвання кампетэнцый для павышэння эфектыўнасці спажывання энергарэсурсаў.
— Даступная энергетыка сёння — шанц. Гэта падушка бяспекі, якой можна скарыстацца, каб зрабіць крок наперад, — перакананы Віталь Крэцкі. Ён растлумачыў: стабільнасць дае магчымасць спакойна, прадумана рэалізоўваць розныя мерапрыемствы па павышэнні энергаэфектыўнасці: выкарыстоўваць розныя віды паліва, знаходзіць найбольш удалыя камбінацыі спалучэння розных энергакрыніц. Адкрываецца магчымасць намацаць архітэктуру, пры якой будзе максімальны эфект для эканомікі. Іншае пытанне, што пры сённяшніх цэнах на энерганосьбіты для Беларусі некаторыя праекты могуць выглядаць не так прывабна. Але гэта не значыць, што ад іх варта адмаўляцца, калі яны зніжаюць удзельную вагу энергетыкі ў сабекошце прадукцыі. Хоць эканамічны эфект можа быць больш расцягнуты ў часе за кошт больш доўгіх тэрмінаў акупнасці. Аднак энергаэфектыўнасць — не толькі самамэта. Гэта той паказчык, які павышае ўстойлівасць эканомікі да знешніх шокаў у доўгатэрміновай перспектыве. Акрамя таго, як адзначыў Віталь Крэцкі, вынік укаранення тых ці іншых тэхналогій неабходна ацэньваць комплексна, улічваючы не толькі фінансава-эканамічны эфект, але і з пункту гледжання павышэння экалагічнасці, якасці жыцця грамадзян і іншых крытэрыяў.

Дырэктар дэпартамента запэўніў: у цэлым энергаэфектыўнасць беларускай эканомікі расце. Калі за апошнія 23 гады сусветнае зніжэнне энергаёмістасці ВУП склала каля 28 %, у краінах ЕАЭС — каля 30 %, то ў Беларусі гэты паказчык знізіўся на 54 %. Аднак Віталь Крэцкі адзначыў: з кожным годам эканомія кожнага грама паліва даецца ўсё больш складаней і цяжэй, патрабуе вялікіх намаганняў. Ён падкрэсліў, што размова ніколі не ішла пра нейкія абмежаванні спажывання энергарэсурсаў. Але яно павінна быць разумным і эканамічна абгрунтаваным: выпуск новай прадукцыі, стварэнне дабаўленай вартасці, павышэнне якасці жыцця грамадзян.
— Калі мы ўключаем асвятленне, то яно павінна выкарыстоўвацца з канкрэтнай мэтай, — перакананы ён. — Калі станок або вытворчае абсталяванне працуюць, то павінны выпускаць запатрабаваную прадукцыю.

Зніжэнне энергаёмістасці непасрэдна ўплывае на сабекошт. Віталь Крэцкі прывёў некалькі канкрэтных прыкладаў. У прыватнасці, на 8 % знізілася ўдзельная норма спажывання энергарэсурсаў у вытворцаў цэменту, на 7 % — вырабаў са шкла. Паводле яго пераканання, у найбліжэйшай перспектыве магчымы рост ВУП без павышэння спажывання энергарэсурсаў. Тым не менш генерацыю неабходна нарошчваць на перспектыву. У сярэдне- і доўгатэрміновай перспектыве попыт на энергетыку будзе толькі расці, як і на шырокі спектр абсталявання і тэхналогій у гэтай сферы.
Па шэрагу кірункаў у Беларусі назапасіліся вельмі запатрабаваныя на знешнім контуры кампетэнцыі.
У прыватнасці, выкарыстанне мясцовых відаў паліва, перш-наперш дранкі, паліўных брыкетаў, пелет.
У нашай краіне актыўна выкарыстоўваць драўніну ў энергетыцы пачалі ў другой палове 2000-х. Як адзначыў Віталь Крэцкі, тады пачыналі літаральна з нуля: не было ні абсталявання, ні тэхналогій, ні нарыхтоўчай тэхнікі. На пачатковым этапе было няпроста. Гігакалорыя цеплавой энергіі на мясцовых відах паліва па сабекошце значна перавышала выпрацаваную на газе. Але амаль за два дзесяцігоддзі быў назапашаны адпаведны вопыт, эфектыўнасць каласальна павысілася. І сёння цяпло, якое атрымліваецца з выкарыстаннем драўняных відаў паліва,
на 20-25 % таннейшае, чым вуглевадароднае. Прычым у Беларусі асвоілі вытворчасць кацельнага абсталявання, у якога каэфіцыент карыснага дзеяння — адзін з самых найлепшых сярод сусветных вытворцаў. Гэта абсталяванне карыстаецца попытам за мяжой, у тым ліку і ў краінах далёкай дугі. У той жа Лацінскай Амерыцы, якая багатая на лясныя ўгоддзі, а кліматычныя ўмовы дазваляюць хутка вырошчваць біямасу.

Цяпер, як падкрэсліў Віталь Крэцкі, адбываецца мадэрнізацыя энергакрыніц на мясцовых відах паліва для павышэння іх эфектыўнасці. Перш за ўсё неабходна адыходзіць ад выкарыстання дроў. Гэты від паліва дастаткова турботны: дровы трэба нарыхтаваць, насекчы, неабходныя апальшчыкі, якія б у кругласутачным рэжыме падтрымлівалі належную тэмпературу ў катлах. А сучасныя сістэмы на дранцы ці пелетах працуюць у аўтаматычным рэжыме, патрабуюць толькі кантролю, які можна ажыццяўляць нават у дыстанцыйным рэжыме. Па словах дырэктара дэпартамента, доля дроў у структуры мясцовых відаў паліва займае каля 30 %. На больш эфектыўнае абсталяванне ўжо пераведзены ўсе буйныя энергакрыніцы. Цяпер, паводле слоў Віталя Крэцкага, вядзецца актыўная работа па павышэнні эфектыўнасці невялікіх кацельняў: пры лазнях, дзіцячых садках, сельскіх крамах, клубах і гэтак далей. Як дадаў дырэктар дэпартамента, расце цікавасць спажыўцоў да пелет. «Той, хто паспрабаваў гэты від паліва, ужо не можа ад яго адмовіцца», — запэўнівае Віталь Крэцкі. У цэлым, сёння мясцовыя віды паліва (МВП) замяшчаюць каля 3 мільярдаў кубічных метраў прыроднага газу. За кошт павышэння ККД адбываецца зніжэнне спажывання МВП, але пры гэтым расце іх доля ў энергабалансе.
Уладзімір ВАЛЧКОЎ