Даступна і якасна
Лічбы — не эмоцыі, і яны з уласцівай ім прагматычнасцю сведчаць: летняя аздараўленчая кампанія стала самай масавай за апошнія дзесяць гадоў.
У лагерах адпачылі 404 тысячы дзяцей — упершыню за дзесяцігоддзе гэта лічба перавысіла адзнаку ў 400 тысяч.

З іх 168 400 хлопчыкаў і дзяўчат знаходзіліся ў лагеры кругласутачна, а 235 400 — толькі ў дзённыя гадзіны.
— На падрыхтоўку і правядзенне летняй аздараўленчай кампаніі было выдзелена 84 млн рублёў, што на 11 млн больш, чым годам раней, — паведаміў намеснік дырэктара Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва Аляксандр ЦАЙ.
Па яго словах, асноўны акцэнт сёлета быў зроблены на загарадным аздараўленні:
— Яшчэ да пачатку кампаніі была пастаўлена задача павысіць якасць паслуг лагераў і зрабіць пуцёўкі больш таннымі. Каля 82,3 млн рублёў накіравалі на зніжэнне кошту пуцёвак, 900 тысяч рублёў — на бясплатныя пуцёўкі для льготных катэгорый дзяцей, 700 тысяч рублёў — на падрыхтоўку лагераў да летняга перыяду.
Пільная ўвага і падтрымка ўдзяляліся асобым катэгорыям юных грамадзян. У месцы з даступным асяроддзем, як правіла, на арандаваную базу санаторна-курортных арганізацый, дзе можна аказаць і медыцынскую дапамогу, былі накіраваны 12 100 дзяцей-сірот і 7000 рабят з інваліднасцю. Арганізавалі таксама групавыя заезды. Напрыклад, у Мінску сфарміравалі групу са
120 дзяцей з кардыялагічнымі захворваннямі і цукровым дыябетам — яны адпачывалі ў санаторыі «Сонейка».
Як за каменнай сцяной
У цэнтры асаблівай увагі ў нашай краіне заўсёды знаходзяцца пытанні забеспячэння бяспекі, дзіцячыя лагеры — не выключэнне. Іх падрыхтоўка пачынаецца не напярэдадні змены, а за два месяцы да старту аздараўленчай кампаніі. Спецыяльныя камісіі выязджаюць на аб’екты, робяць заўвагі, даюць рэкамендацыі, і ў арганізатараў дастаткова часу ўхіліць усе недахопы. Адсюль і вынік: мінулая летняя аздараўленчая кампанія вызначылася адсутнасцю надзвычайных сітуацый, канстатаваў Аляксандр Цай.

Старшы інспектар па асаблівых даручэннях МУС Раман БАРДЗЕЕЎ дадаў, што міліцыя правярала бяспеку ва ўсіх лагерах краіны:
— Грубых парушэнняў выяўлена не было, лета прайшло бяспечна. Знаходжанне дзяцей на прыродзе арганізавалі на самым высокім узроўні. Так, спачатку некаторых хлопчыкаў і дзяўчат можа стрымліваць абмежаванне па выкарыстанні гаджэтаў, але потым, паспрабаваўшы, яны захочуць вяртацца ў лагер адразу на некалькі змен. Таму не варта баяцца адпраўляць дзяцей у лагеры — там сапраўды здорава, бяспечна і цікава.
Юныя вандроўнікі
Попыт на пуцёўкі каласальны, пацвердзіла метадыст Акадэміі нацыянальнай адукацыі Маргарыта СУХАВЕНКА:
— Дзеці ўжо ў красавіку ведаюць, куды менавіта хочуць паехаць. Шчыльнасць выхаваўчых, патрыятычных і культурных мерапрыемстваў была настолькі высокай, што ў рабят проста не заставалася часу глядзець у гаджэты ці сумаваць.
Адным з ключавых праектаў летняй кампаніі стаў рэспубліканскі экскурсійны марафон «Дзіцячы аўтапоезд». Яго ўдзельнікамі сталі больш за 50 тысяч дзяцей, для якіх арганізавалі 570 экскурсій. Яны наведалі мемарыяльныя комплексы «Хатынь», «Курган Славы», «Брэсцкая крэпасць-герой», а таксама прадпрыемствы «БЕЛАЗ» і «БЕЛДЖЫ».
Да 22 тысяч павялічылася колькасць дзяцей, якія адпачывалі ў лагерах ваенна-патрыятычнага профілю на базах воінскіх часцей. Каля 16 тысяч рабят выказалі жаданне летам падзарабіць і асвоіць новую прафесію ў лагерах працы і адпачынку.

Статыстыка паляпшаецца
Па даных, агучаных на прэс-канферэнцыі, падлеткавая злачыннасць за лета знізілася на 13 % у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. За восем месяцаў 2026-га яе зніжэнне склала 19 %, а колькасць непаўналетніх, якія ўчынілі злачынствы, скарацілася больш чым на 21 %. Сярод правапарушэнняў — крадзяжы, угоны аўтамабіляў і матацыклаў, махлярства і вымагальніцтва з выкарыстаннем інтэрнэту, а таксама хуліганства і незаконны абарот наркотыкаў.
Знізілася і колькасць траўм сярод дзяцей у аздараўленчых лагерах:
146 выпадкаў супраць 162 годам раней, у тым ліку 43 траўмы цяжкай ступені супраць 53 у 2025 годзе. Большая частка траўм звязана з гульнямі з мячом і фізкультурнымі мерапрыемствамі. Зафіксавана 36 выпадкаў укусаў кляшчоў — прыкметна менш, чым у папярэднія гады (47 — у 2024-м і 56 — у 2023-м).
Адным з важных пытанняў, якія патрабуюць увагі, застаецца выкананне дзецьмі правіл бяспекі на вадзе.

За лета зафіксаваны 172 выпадкі купання непаўналетніх у забароненых месцах — у 2,5 раза больш, чым у 2025 годзе. Пры гэтым пры апытанні станавілася зразумела, што яны выдатна ведалі пра забарону.
Акрамя таго, было зафіксавана больш за тысячу фактаў знаходжання падлеткаў ва ўзросце да 16 гадоў на вуліцы без суправаджэння дарослых пасля 23.00. Распаўсюджанымі праблемамі застаюцца пераход дарогі на чырвонае святло або ў неўстаноўленых месцах, раптоўны выхад на праезную частку, гульні паблізу яе, а таксама выкарыстанне смартфонаў і навушнікаў на хаду.
Аднак скончыць хочацца на аптымістычнай ноце і ўзгадаць Уладзіміра Караткевіча: «Самыя лепшыя канікулы — гэта тыя, што праведзены сярод спрадвечнай прыроды, дзе кожная сцежка вядзе да новых адкрыццяў, а кожны дзень поўны казачных прыгод».
Ягор ЧУРЫК
Фота Лізаветы Голад