Top.Mail.Ru
0

Сваё прафесійнае свята машынабудаўнікі сустракаюць з добрымі паказчыкамі

25.09.2026 | 10:54

Аб поспехах той ці іншай сферы дзейнасці судзяць перш за ўсё па паказчыках. І ў машынабудаванні яны нядрэнныя. У нашай краіне галіна функцыянуе рэнтабельна — амаль усе прадпрыемствы працуюць выключна з чыстым прыбыткам.


За лічбы беларускім машынабудаўнікам сапраўды саромецца няма прычын. Па выніках работы за дзевяць месяцаў бягучага года аб’ём вытворчасці склаў 97 % ад плана, адзначыў міністр прамысловасці Андрэй КУЗНЯЦОЎ на прэс-канферэнцыі, якая прайшла напярэдадні прафесійнага свята машынабудаўнікоў у Нацыянальным прэс-цэнтры:

— Наперадзе яшчэ цэлы квартал, і да канца года мы разлічваем выйсці за 100 % як па аб’ёмах вытворчасці, так і па экспарце. Дарэчы, ужо сёння экспарт па выніках трох кварталаў складае 102,1 %.

Яшчэ адзін ключавы паказчык — складскія запасы прадпрыемстваў.


— Пры поўным выкананні вытворчых планаў і нават іх перавышэнні складскія запасы прадпрыемстваў скараціліся на 10-12 %. І гэта таксама не можа не радаваць, — падкрэсліў Андрэй Кузняцоў.
Ёсць пра што бадзёра рапартаваць і флагманам нашай машынабудаўнічай прамысловасці. Па словах генеральнага дырэктара ААТ «Гомсельмаш» Віталя ШЭЛЕГА, за апошнія восем месяцаў прадпрыемства выйшла на стабільную работу:

— Мы наладзілі дакладнае ўзаемадзеянне з нашымі пастаўшчыкамі і па выніках атрымалі чысты прыбытак.

Дарэчы, на «Гомсельмашы» чакаюцца дзве буйныя знакавыя падзеі. Па-першае, прадпрыемства рыхтуецца выпусціць 50-тысячны збожжаўборачны камбайн, які стане пэўнай вяхой і дасягненнем усяго вялікага калектыву. Па-другое, тут збяруць 200-тысячную складаную машыну з разраду самаходных камбайнаў.


— Возьмем і гэту вышыню, — упэўнены гендырэктар. — Сёлета прадпрыемству спаўняецца 96 гадоў. Тэхніку «Гомсельмаша» ведаюць у многіх краінах. Нашым асноўным рынкам застаецца Расія, аднак мы нядрэнна працуем і на рынку краін далёкай дугі, з Афрыканскім рэгіёнам. Новым кірункам для холдынга сталі такія краіны, як Таго, Нігерыя і Зімбабвэ, дзе беларуская тэхніка пачынае паступова займаць свае нішы. Паспяхова працуем на рынку Казахстана, развіваем супрацоўніцтва з партнёрамі па сумеснай вытворчасці.

Беларуская тэхніка спраўна працуе не толькі на палях, у кар’ерах і на розных прамысловых аб’ектах як у самой краіне, так і за яе межамі. Добра зарэкамендавала яна сябе і ў сферы пасажырскіх перавозак.

— Традыцыйнымі і ключавымі кірункамі паставак застаюцца Расія і Казахстан, — расказаў генеральны дырэктар «БКМ Холдынг» Міхаіл СЫМАНОВІЧ. — Напрыклад, паспяхова завершана пастаўка тралейбусаў для Яраслаўля. Выконваецца кантракт па пастаўцы трохсекцыйных трамвайных вагонаў для Чалябінска. Сярод выкананых кантрактаў — пастаўка трамваяў з аўтаномным ходам для Паўладара.


Не абдзеленыя ўвагай і айчынныя заказчыкі тэхнікі «Белкамунмаша». Значным праектам гэтага года стаў выраб і пастаўка чатырох першых вопытных узораў прыгарадных электробусаў для Беларускай АЭС.

— Гэты вопыт даў імпульс развіццю транспарту для прыгарадных зносін. Калі для Астраўца гэта больш карпаратыўны транспарт, і электробусы маюць аўтаномны ход у 100 кіламетраў, то цяпер мы вырабляем і сертыфікуем тэхніку для прыгарадаў, здольную праязджаць 500 кіламетраў за дзень. Ёмістасць батарэі дазваляе праехаць на адным зарадзе 250 кіламетраў, а камбініраваны тып зарадкі — падзаражацца на канчатковых прыпынках. Першыя пяць такіх адзінак плануецца вырабіць і паставіць сёлета ў гарады-спадарожнікі Мінска — Фаніпаль і Смалявічы, — паведаміў генеральны дырэктар холдынга.

Акрамя таго, актыўна прапрацоўваецца магчымасць абсталяваць трамвайныя вагоны сістэмамі беспілотнасці першага ўзроўню.

Вельмі перспектыўным кірункам сёння з’яўляецца прамысловая робататэхніка, звярнуў увагу намеснік генеральнага дырэктара па навуковай рабоце Аб’яднанага інстытута машынабудавання НАН Беларусі Антон АНАНЧЫКАЎ:

— Адна з нашых перадавых распрацовак — беспілотны кар’ерны самазвал «БелАЗ». Цяпер па дзяржаўнай праграме ствараем аўтаномныя электрацялежкі для складоў. На буйных прадпрыемствах вывучаецца прымяненне робатаў-маніпулятараў. У прыватнасці, вядуцца перагаворы з «БЕЛДЖЫ» аб рабатызацыі вытворчай лініі завода.

Сяргей КУРКАЧ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю