Top.Mail.Ru
0

Пётр Яцура — дэлегат двух Усебеларускіх народных сходаў: на ІІ у 2001 годзе ён прысутнічаў як кіраўнік калгаса, на VІІ — прадстаўляе ветэранаў

Тое, аб чым ішла размова на форуме, пачаў укараняць у сваёй гаспадарцы

Пётр Яцура — дэлегат двух Усебеларускіх народных сходаў: на ІІ у 2001 годзе ён прысутнічаў як кіраўнік калгаса, на VІІ — прадстаўляе ветэранаў. І сам прызнаецца: менавіта ўдзел у галоўным народным форуме краіны даў яму разуменне, куды і як рухацца далей. 

Тое, пра што гаварылася на УНС, ён укараняў на практыцы — і стаў паспяховым кіраўніком, чыю справу сёння працягвае сын.

«Мы ехалі як на свята»

Дэлегатам ІІ Усебеларускага народнага сходу Пётр Яцура стаў у 2001 годзе. Тады ён ужо больш за дваццаць гадоў узначальваў калгас «Перамога» ў вёсцы Олтуш Маларыцкага раёна.

«Мы ехалі як на свята, — узгадвае ён. — Нас праводзілі і ў раёне, і ў вобласці. Нас сустракалі па дарозе, аўтобусы спыняліся, паказвалі канцэрт у некаторых раёнах. Віталі людзі, быў прыўзняты настрой ва ўсіх».

Асноўны дэвіз таго сходу — «За моцную і квітнеючую Беларусь». Абмяркоўваліся харчовая бяспека, развіццё аграпрамысловага комплексу, нарошчванне жыллёвага будаўніцтва, экспарт прадукцыі, прыцягненне інвестыцый і ўкараненне інавацый. Было заяўлена, што Беларусь адбылася як незалежная самастойная дзяржава.

«Уразіла, перш за ўсё, выступленне Прэзідэнта, — падкрэслівае Пётр Яцура. — Ён настолькі ўсё ведае, талкова, правільна гаворыць і зразумела... І ад душы відаць, што чалавек перажывае за тое, за што адказвае, — і за наш беларускі народ, і за сельскую гаспадарку, і за эканоміку».

«Мы ўжо тады адчулі першыя вынікі работы Прэзідэнта. З’явілася тэхніка, надзеі і планы, ужо будавалася жыллё ў гаспадарцы. Мы ехалі на сход з настроем, што далей будзе найлепш. І, вядома, усе нашы надзеі апраўдаліся».

Пасля сходу Пётр Пракопавіч не проста чакаў змен — ён іх ствараў. Тое, пра што гаварылася на форуме, ён пачаў укараняць у сваёй гаспадарцы: развіваў вытворчасць, будаваў жыллё для работнікаў, абнаўляў тэхніку, клапаціўся пра людзей. І вынік не прымусіў сябе чакаць.

«Я пачаў працаваць у 1980 годзе пры Савецкім Саюзе. І калі параўнаць, якая была сельская гаспадарка тады і якая цяпер — гэта мора і зямля, — кажа ён. — У нас былі толькі некалькі трактароў МТЗ, гусенічныя трактары. 

А цяпер камбайны, трактары беларускія, тэхніка магутная, проста прыгажосць. Мы доім ужо ў год да 10 тысяч малака на карову. Наша гаспадарка па 80 тон малака надойвае за суткі. І раён выходзіць у перадавікі».

Дзякуючы чаму гэта стала магчыма? «Таму што была правільная палітыка Прэзідэнта, — адказвае Пётр Пракопавіч. — Гэта наша шчасце, што ў нас кіраўніком дзяржавы выбралі былога кіраўніка сельскай гаспадаркі. Ён бачыў, з чаго пачала развівацца ўся прамысловасць — з вёскі».

«Браць прыклад з Прэзідэнта»

Праз дваццаць тры гады Пётр Пракопавіч зноў апынуўся ў Палацы Рэспублікі — ужо як дэлегат ад ветэранаў. І зноў быў уражаны дакладам кіраўніка дзяржавы. «Мяне ўражвае, як Прэзідэнт усё ведае, — кажа дэлегат. — Ён просіць падтрымкі — і людзі яго падтрымліваюць».

Для Пятра Яцуры гэты сход стаў не проста падзеяй, а пацвярджэннем таго, што шлях, абраны краінай, — правільны. Ён бачыў, як за гэтыя гады змянілася вёска, як умацавалася дзяржава, і разумеў, што яго праца таксама ўнесла свой уклад у гэтыя змены.

Сёння Пётр Пракопавіч, ганаровы грамадзянін Маларыцкага раёна, жыве ў Олтушы, з жонкай Любоў’ю Міхайлаўнай, з якой разам ужо 50 гадоў. Яго справа жыве — гаспадарку ўзначальвае сын Сяргей Пятровіч. «Прыемна, што маёй гаспадаркай кіруе мой сын. Мы перадалі з рук у рукі самае каштоўнае — справу майго жыцця».

На пытанне, што ён бы пажадаў маладым кіраўнікам, Пётр Яцура адказвае проста: «Усё залежыць ад гаспадара. Клопат пра людзей павінен быць перш за ўсё. І любіць сваю справу. Браць прыклад з Прэзідэнта».

Надзея ЗУЕВА

Фота malorita.by

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю