Top.Mail.Ru

За першыя шэсць месяцаў гэтага года пасля кантакту з хворымі жывёламі ў медустановы звярнуліся 302 чалавекі

29.09.2026 | 10:46

Шаленства — гэта асабліва небяспечнае віруснае захворванне, якое прыводзіць да смерці. Асноўным носьбітам інфекцыі з’яўляюцца дзікія жывёлы, сабакі, кошкі і дробныя грызуны. Заражэнне перадаецца праз укус, драпіны або сліну хворай істоты.


Інкубацыйны перыяд шаленства можа доўжыцца 

ад 7–10 дзён да года. Ён залежыць ад віруснай нагрузкі і месца кантакту, асабліва небяспечнымі лічацца пашкоджанні ў вобласці галавы, твару, шыі, кісцяў рук, пальцаў ног і геніталій. Першыя клінічныя сімптомы неспецыфічныя: можа нязначна павялічвацца тэмпература, з’яўляецца трывожнасць, узрушанасць, боль ці пякота ў месцы пашкоджання — нават калі ранка ўжо загаілася. Затым развіваюцца больш характэрныя прыкметы: павышаная адчувальнасць да гучных гукаў і яркага святла, парушэнне глытання, спазмы глоткі пры відзе вадкасці. Развіваюцца неўралагічныя парушэнні, у тым ліку энцэфаліт, а смерць наступае з-за паражэння дыхальнага цэнтра галаўнога мозгу.

Калі з’явіліся клінічныя прыкметы, падкрэслівае загадчык аддзялення асабліва небяспечных інфекцый аддзела эпідэміялогіі Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Анастасія ЛЯШКЕВІЧ, то вылечыць хваробу, на жаль, немагчыма, таму да доктара неабходна з’явіцца адразу пасля інцыдэнту: «Пацярпелым па медыцынскіх паказаннях прызначаецца антырабічная дапамога — вакцынацыя і, пры наяўнасці адпаведных паказанняў, увядзенне антырабічнага імунаглабуліну».

Штогод у арганізацыі аховы здароўя Беларусі з нагоды кантакту з жывёламі, патэнцыйна хворымі на шаленства, звяртаецца ў сярэднім каля 20 тысяч чалавек. За першыя шэсць месяцаў 2026 года такіх зваротаў было звыш 12,9 тысячы. Пасля кантакту з шалёнымі жывёламі звярнуліся 302 чалавекі. Акрамя таго, штогод рэгіструюцца выпадкі масавага кантакту з хворымі на шаленства жывёламі, калі ад узаемадзеяння з адной асобінай пацярпела пяць і больш чалавек. Сёлета зарэгістраваны 13 такіх выпадкаў.

— Прышчэпка ад шаленства — адзіны спосаб абараніць сваіх гадаванцаў ад гэтай інфекцыі. Неабходна таксама ўлічваць, што вакцынацыя абараняе не толькі жывёлу, але і яе ўладальнікаў, — адзначыла кансультант упраўлення кантролю за антыэпізаатычнай і прафілактычнай рабоце Дэпартамента ветэрынарнага і харчовага нагляду Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Наталля ІЛЬІНА.

З 2011 года ў Беларусі праводзіцца імунізацыя дзікіх драпежных звяроў. Такія кампаніі праходзяць двойчы на год — увесну і ўвосень. Для вакцынацыі выкарыстоўваюцца спецыяльныя прынады з вакцынай унутры, якія раскідваюць з самалётаў. Жывёлы, знаходзячы іх у лясным масіве, імунізуюцца падчас ежы. Пры гэтым знойдзеныя прынады нельга чапаць, забіраць дадому або спрабаваць выкарыстоўваць для вакцынацыі хатніх жывёл. Хатніх гадаванцаў неабходна прышчапляць выключна ў ветэрынарных установах.

Што датычыцца ўласнай бяспекі, то трэба пазбягаць кантактаў з дзікімі і безнагляднымі жывёламі. Калі дзікая жывёла прыйшла на прысядзібны ўчастак або ў населены пункт, да яе нельга падыходзіць і дакранацца. Варта гарантаваць бяспеку людзей і хатніх гадаванцаў, а затым звярнуцца ў службы, якія займаюцца адловам безнаглядных жывёл.

Заразіцца можна і ад незнаёмага кацяняці або шчанюка, вавёркі, вожыка, таму трэба правесці размову з дзецьмі.

— Бацькі павінны растлумачыць дзецям, што пры любым кантакце з жывёлай — нават калі гаворка ідзе толькі аб дакрананні, падрапванні або ўкусе — неабходна адразу расказаць дарослым. Гэта дазволіць своечасова звярнуцца па медыцынскую дапамогу, — адзначыла Анастасія ЛЯШКЕВІЧ.

Вераніка ШЫДЛОЎСКАЯ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю