— Юрый Уладзіміравіч, ваша парламенцкая зона адказнасці ахоплівае Рагачоўскі, Кармянскі і Чачэрскі раёны. Як сумяшчаеце кіраўніцтва вялікім сельгаспрадпрыемствам і работу з выбаршчыкамі? З якімі пытаннямі людзі звяртаюцца і чым удаецца дапамагчы на месцы?
— Задача члена Савета Рэспублікі — разумець і падзяляць клопаты людзей, дапамагаць і падтрымліваць. Быць сенатарам для мяне — вялікая адказнасць і перад калектывам, і перад жыхарамі акругі, якія даверылі мне прадстаўляць іх інтарэсы. Традыцыйныя фарматы работы — сустрэчы з прадстаўнікамі ўлады і працоўнымі калектывамі ўстаноў, арганізацый, вытворчых прадпрыемстваў, прамыя тэлефонныя лініі, асабісты прыём грамадзян.
На прыёмах людзі часцей за ўсё звяртаюцца з бытавымі праблемамі, пытаннямі жыллёва-камунальнай гаспадаркі, стану дарог, але не толькі. Калі праблему можна вырашыць адразу, робім гэта на месцы. Калі пытанне патрабуе часу, бяром яго на кантроль і даводзім справу да канца.

Як кіраўнік буйнога прадпрыемства, якое валодае неабходнымі рэсурсамі, часта сам выступаю ініцыятарам дапамогі нашаму краю. У першую чаргу гэта датычыцца ўстаноў сацыяльнай сферы на тэрыторыі Ціхініцкага сельсавета. Рэгулярна выдзяляем сродкі на набыццё неабходнага абсталявання, каб яны працавалі на належным узроўні і ішлі ў нагу з часам, бо вельмі важна стварыць для вяскоўцаў камфортныя ўмовы, якія не саступаюць гарадскім.
Дапамагаем і мясцовай праваслаўнай царкве — Храму святога Архангела Міхаіла, адноўленаму ў Ціхінічах у 1997 годзе. Летась садзейнічалі набыццю і мантажу купалаў з крыжамі. Акрамя таго, працоўны калектыў ААТ «Ціхінічы» праявіў ініцыятыву і сабраў уласныя сродкі на ўзвядзенне новых купалаў. Дабрачынны ўнёсак нашых працаўнікоў склаў каля 20 % ад неабходнай сумы.
Імкнуся падтрымліваць важныя сацыяльныя праекты таксама ў Рагачоўскім, Кармянскім і Чачэрскім раёнах. Чачэрскаму ТЦСАН для аддзялення сацыяльнай рэабілітацыі і абілітацыі інвалідаў дапамаглі набыць мэблю, а таксама матэрыялы для будаўніцтва альтанкі для культурнага вольнага часу на свежым паветры для падапечных аддзялення.
Для работнікаў, якія аказваюць сацыяльныя паслугі на даму, закупілі веласіпеды. Большасць людзей, якім патрэбна такая дапамога, жывуць у аддаленых населеных пунктах, таму нярэдка сацработнікам даводзіцца дабірацца да іх пешшу. Гэта было важнае пытанне, у вырашэнні якога хацелася дапамагчы.
Штогод у раёнах абавязкова ўдзельнічаю ў рэспубліканскай акцыі «Збяром партфель разам», каб падтрымаць сем’і з дзецьмі, і многіх іншых.
— У Савеце Рэспублікі вы член Пастаяннай камісіі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні. Як прафесійны вопыт «на зямлі» дапамагае ў заканатворчай рабоце?
— Вопыт кіраўніка, вядома, дапамагае. Калі штодня сутыкаешся з мноствам практычных пытанняў, лепш разумееш, што неабходна змяніць або спрасціць. Закон не павінен стварацца ў кабінеце ў адрыве ад рэальнасці. Ён павінен працаваць на практыцы, інакш яго рэалізацыя можа стаць праблемай.
У нашай Пастаяннай камісіі сабраліся людзі з вялікім жыццёвым і прафесійным вопытам. Мы рэгулярна праводзім выязныя пасяджэнні сумесна з мясцовымі Саветамі дэпутатаў, дзелімся напрацоўкамі, абмяркоўваем праблемы і ўносім неабходныя прапановы.
— ААТ «Ціхінічы» ўваходзіць у лік перадавых прадпрыемстваў АПК краіны. Якія кірункі развіцця гаспадаркі сёння прыярытэтныя?
— У нас больш за 17 тысяч гектараў сельгасугоддзяў, з іх каля 14 тысяч — ралля. Асноўная спецыялізацыя — вытворчасць малака. Цяпер за суткі атрымліваем каля 160 тон малака, з якіх 149 штодня рэалізуем перапрацоўшчыкам. Пры такіх аб’ёмах асаблівае значэнне мае кармавая база. Таму мэтанакіравана працуем над тым, каб максімальна забяспечваць жывёлагадоўлю ўласнай сыравінай і зніжаць выдаткі на дарагія імпартныя кампаненты. Вырошчваем рапс, сланечнік, сою. Упершыню сёлета пасеялі беларускі белы лубін — бабовую культуру і крыніцу бялку для жывёлагадоўлі.

Адначасова развіваем перапрацоўку і ўкараняем тэхналогіі, якія дазваляюць больш эфектыўна выкарыстоўваць уласную сыравіну. Так, мы прааналізавалі вопыт перадавых прадпрыемстваў краіны і ў гэтым годзе запусцілі лінію па вытворчасці вітаміннай травяной мукі ў гранулах. Гэта, па сутнасці, незаслужана забытая савецкая тэхналогія. Нарыхтавалі больш за 600 тон такіх гранул.
У найбліжэйшых планах — устаноўка лініі экструдзіравання для збожжавых і бабовых культур, каб атрымліваць больш якасны корм. Акрамя таго, цяпер распрацоўваецца перадпраектная дакументацыя для будаўніцтва яшчэ аднаго спецыялізаванага комплексу па адкорме бычкоў.
Наш найбуйнейшы інвестыцыйны праект сёння — будаўніцтва сёмага сучаснага малочнатаварнага комплексу на 1700 галоў дойнага статка. З улікам рамонтнага маладняку агульная ёмістасць комплексу складзе 2400 галоў. Пасля ўвядзення яго ў эксплуатацыю будзе створана каля 50 новых працоўных месцаў. Новы комплекс дазволіць павялічыць вытворчасць малака яшчэ на 30-40 тон і перасягнуць рубеж у 200 тон малака за суткі.
— Юрый Уладзіміравіч, як працуеце з моладдзю, каб зацікавіць яе сельскай гаспадаркай і стварыць умовы для прафесійнага росту на вёсцы?
— У моладзі часам, на жаль, скажонае ўяўленне пра працу ў сельскай гаспадарцы. Яны не заўсёды бачаць, ведаюць, што ў сельгасвытворчасці сёння актыўна развіваюцца новыя ІT-тэхналогіі і лічбавізацыя. Важна і заахвочваць дзяцей да працы на зямлі. Прэзідэнт абсалютна дакладна адзначыў, што за школамі варта замацоўваць участкі зямлі, каб дзеці вырошчвалі сад, тую ж бульбу, разумелі, адкуль бярэцца прадукцыя. Мы таксама прыцягваем школьнікаў да працы. Восенню на збор яблыкаў прыходзяць дзясяткі вучняў, падлеткі працуюць у рамках другаснай занятасці на падсобных работах. Калі яны бачаць, што могуць зарабіць 50-70 рублёў у дзень або 1200-1300 рублёў у месяц, ідуць на працу з задавальненнем.
У цэлым вынікі прафарыентацыйнай работы з моладдзю такія, што за апошнія пяць гадоў да нас вярнуліся 11 маладых спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй: эканамісты, энергетыкі, праграміст, ветэрынары.

Летась я ўнёс прапанову, якую падтрымаў кіраўнік рэгіёна, і з наступнага года на базе Ціхініцкай сярэдняй школы адкрыецца профільны аграклас. Яго выпускнікі будуць атрымліваць пасведчанне трактарыста, што дасць магчымасць ім па законе працаваць з 17 гадоў памочнікамі камбайнера або механізатарамі. Гэта прэстыжная і годна аплатная прафесія, якая дапаможа замацаваць моладзь на вёсцы.
— Магчыма, для заахвочвання маладых спецыялістаў важна расказваць, як сёння рэальна мяняюцца ўмовы працы аграрыяў?
— Так, напрыклад, калі восем гадоў таму я стаў кіраўніком гаспадаркі, маёй марай было плаціць спецыялістам 1000 долараў. Сёння сярэдняя заработная плата па прадпрыемстве складае 3200 рублёў.
Мы змянілі падыход да арганізацыі працы. Мяне самога раней вучылі старыя аксакалы, што ў сельскай гаспадарцы трэба працаваць круглы год 24 на 7. Але часы змяніліся, а людзям важна праводзіць час з сям’ёй, паехаць адпачыць, і гэта таксама ўплывае на іх стаўленне да працы. Мы ў калектыве прынялі цвёрдае рашэнне, што кожная нядзеля — паўнавартасны выхадны дзень для ўсіх, за выключэннем гарачага перыяду ўборачнай кампаніі.

— Вы штомесяц удзельнічаеце ў Адзіных днях інфармавання, сустракаецеся з працоўнымі калектывамі ў раёнах. Што падчас гэтых сустрэч лічыце найбольш важным данесці да людзей?
— Людзям трэба сумленна расказваць пра тое, што адбываецца ў краіне і якой цаной дастаецца тое, што мы маем. Старэйшае пакаленне цэніць стабільнасць, таму што памятае 80-я і 90-я гады з іх пустымі паліцамі. Моладзь часам успрымае сённяшні камфорт як дадзенасць. Але падчас работы ў акрузе пераконваюся, якая цікавая, таленавітая, перспектыўная наша моладзь. На сустрэчах падлеткі, маладыя людзі часта цікавяцца, што галоўнае ў рабоце кіраўніка. Кажу, што сакрэт адзін — шмат працаваць, прыслухоўвацца да даручэнняў, аналізаваць іх, рабіць высновы, фарміраваць сваё меркаванне, але галоўнае — заўсёды раіцца з людзьмі. У сваёй рабоце люблю выязджаць на вытворчыя пляцоўкі, размаўляць з работнікамі на месцах, даведвацца пра іх настрой, раіцца, як лепш выканаць тую ці іншую задачу. Супаставіць розныя меркаванні, зрабіць высновы і прыняць узважанае рашэнне — для мяне гэта і ёсць частка работы кіраўніка.
Наталля Капрыленка
Фота газеты «Свабоднае слова»