Top.Mail.Ru

Гісторык і дэпутат Галіна Бяляева аднаўляе імёны народных выбраннікаў, якія загінулі або зніклі без вестак у гады Вялікай Айчыннай

29.09.2026 | 08:50

Тэма захавання гістарычнай праўды, аднаўлення невядомых старонак гісторыі заўсёды была актуальнай для заслужанага настаўніка Беларусі Галіны Бяляевай. Як дэпутат у складзе Пастаяннай камісіі па міжнародных справах Палаты прадстаўнікоў яна рэалізуе праект «Дэпутаты ваеннага склікання». Яго мэта — устанавіць месцы пахавання і ўвекавечыць імёны дэпутатаў Вярхоўнага Савета БССР першага склікання, якія загінулі або зніклі без вестак у гады вайны.


Белыя плямы

Перад уваходам у Авальную залу ўстаноўлены мемарыяльныя дошкі, на якія нанесены імёны 94 дэпутатаў першага склікання даваеннага Вярхоўнага Савета ўжо ўз’яднанай БССР, якія загінулі ці зніклі без вестак на фронце або ў партызанскіх атрадах і падполлі. Галіна Бяляева прызнаецца, што кожны раз, праходзячы міма гэтых здымкаў, яна лавіла сябе на думцы: што стала з гэтымі людзьмі? Для тых, хто займаецца пошукавай дзейнасцю і ваеннай археалогіяй, гэта заўсёды цікава. Суразмоўніца не толькі займаецца, але і сама кіруе пошукавым атрадам «Т-34», у які ўваходзіць студэнцкая і працуючая моладзь, а таксама старшакласнікі. Адным словам, для народнай выбранніцы стала справай гонару аднавіць лёс сваіх папярэднікаў па дэпутацкай дзейнасці.

— Гэта думка круцілася ў галаве даўно, але канкрэтна займацца гэтым пачала толькі некалькі месяцаў таму, — расказвае Галіна Бяляева. — Звяртаюся ў архівы, працую з музеямі, установамі адукацыі, ідэолагамі. Рабіла запыты ў архіў Мінабароны Расійскай Федэрацыі ў Падольску, у Шлісельбургскі музей, звязвалася з пошукавікамі Ленінградскай вобласці. Атрымалася ўстанавіць месцы пахавання 32 чалавек, з якіх увекавечаны толькі 13 — іх імёны нанесеныя на памятныя дошкі, помнікі. Магілы знаходзяцца ў асноўным за межамі нашай краіны, трэба рабіць запыты, звязвацца з прадстаўнікамі ўлады. Важна праверыць, у якім стане пахаванні, ці ёсць на надмагіллях прозвішчы гэтых людзей. Калі няма, прабел трэба выправіць. Інфармацыя, якую атрымалася знайсці, сведчыць, наколькі гераічнымі людзьмі яны былі, як беззапаветна любілі сваю Радзіму.

І ажыўшая памяць загаворыць

Адзін з герояў, звесткі па якім правярала Галіна Бяляева, Сцяпан Дзмітрыевіч Акімаў, пахаваны ў пасёлку Белае Возера Мікалаеўскага раёна Пензенскай вобласці. Даследчыца паклапацілася знайсці фота яго месца пахавання. Па здымку, які ёй прыслалі, было бачна, што магілу наведваюць — на ёй ляжаць жывыя кветкі, вянкі. На жаль, існуюць прыклады і іншага характару. Як у выпадку з былым дэпутатам Іванам Васільевым. Народны выбраннік загінуў каля горада Драгабыча Львоўскай вобласці. Брацкую магілу, дзе ён быў пахаваны з іншымі воінамі, зруйнавалі ў 2021 годзе без перапахавання астанкаў, а помнік знеслі.

— Жывы прыклад таго, як сёння перапісваюць гісторыю, — кажа дэпутат. — Вельмі важна захаваць праўдзівую інфармацыю, каб нашчадкі маглі ведаць праўду і ганарыцца сваімі мужнымі продкамі.

У Год беларускай жанчыны прыкладам для суайчынніц можа стаць жыццё Яўгеніі Карпаўны Кішчанка, дэпутата таго самага «ваеннага склікання».
— У маім уяўленні менавіта такой павінна быць сапраўдная беларуская жанчына, — кажа Галіна Бяляева. — Стаханаўка, дэпутат Вярхоўнага Савета БССР, старшыня калгаса «Камунар» — яна ўсю сябе прысвяціла служэнню свайму народу, сваёй Радзіме. І загінула як патрыётка. У снежні 1942 года яе з мужам расстралялі немцы. На шчасце, атрымалася знайсці іх пахаванне, на ім пазначаны імёны сужэнцаў. Хочацца адшукаць і іх нашчадкаў. 

У сям’і былі сын і дачка. Сын зусім маладым загінуў падчас вайны на тэрыторыі Прыбалтыкі, у жывых засталася толькі дачка. Хутчэй за ўсё яе нашчадкі жывуць на Віцебшчыне. Мае калегі па дэпутацкай дзейнасці дапамагаюць знайсці іх сляды.

Галіна Бяляева — адзін з нямногіх у краіне некрапалістаў, стваральніца сайта «Некропаль Беларусі». Яна не толькі фіксуе пахаванні вядомых людзей і тых, чыё жыццё стала прыкладам для пераймання, але і па драбніцах збірае іх біяграфіі, шукае нашчадкаў. Часам адкрываюцца такія гісторыі, што дух захапляе. І ў дадзеным выпадку яна спадзяецца спалучыць мінулае з сучасным, ажывіць тыя моманты, якія заслугоўваюць таго, каб пра іх помнілі, бо гэта падмурак нашай будучыні.

Нэлі ЗІГУЛЯ
Фота з архіва Галіны БЯЛЯЕВАЙ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю