Старшыня Пастаяннай камісіі па працы і сацыяльных пытаннях Ірына Касцевіч і яе намеснік Святлана Сянько наведалі ўдзельніка Вялікай Айчыннай вайны, заслужанага ветэрана працы, прафесара БДУ Фёдара Сяргеевіча Фешчанку.

У свой 101 год (дарэчы, дзень нараджэння ветэран адзначыў 25 верасня) ён трымаецца бадзёра, кожны дзень займаецца спортам, мае ясны розум і жывое, чулае сэрца. Яго лёс не быў лёгкім — ён удзельнічаў у наступальнай аперацыі «Баграціён», бачыў пераможны май, а ўжо ў пасляваенны час, на працягу 40 гадоў, працаваў педагогам у БДУ. Сваімі разважаннямі аб жыцці ён падзяліўся з гасцямі, адзначыўшы, што самае галоўнае — берагчы змоладу свае годнасць і здароўе, быць патрыётам і рабіць добрыя справы.

Як адзначыла ў каментарыі журналістам Ірына Касцевіч, дзяржава стварае ўмовы для актыўнага і здаровага даўгалецця.
«Задача сусветнага маштабу, у тым ліку ў Рэспубліцы Беларусь, — забяспечыць не толькі працягласць, але і якасць жыцця. Гэтыя тры словы — актыўнае, здаровае даўгалецце — у Беларусі ляглі ў аснову нацыянальнай стратэгіі „Актыўнае даўгалецце“, дзе вызначаны шэраг кірункаў», — сказала Ірына Касцевіч.
У краіне, паводле яе слоў, робіцца вельмі шмат, напрыклад стымуляванне занятасці. Старшыня Пастаяннай камісіі нагадала, што з 2025 года былі зняты абмежаванні на памер пенсіі працуючым пенсіянерам, каб людзі пенсіённага ўзросту выходзілі на работу, дзяліліся сваім вопытам і ведамі з маладым пакаленнем, калі, вядома, ім дазваляе здароўе.

Дзяржава клапоціцца аб пенсіённым забеспячэнні, ад якога залежыць якасць жыцця.
Літаральна нядаўна, з 1 верасня, працоўныя пенсіі былі павышаны ў сярэднім на 5 %, а сярэдні памер пенсіі па ўзросце ў верасні склаў 1125 рублёў. Гадавое павелічэнне (верасень 2026 года да верасня 2025 года) — каля 15 %.
У рэалізацыі стратэгіі актыўнага даўгалецця не менш важныя пытанні вольнага часу, адзначыла парламентарый. Напрыклад, дзейнічаюць саветы пажылых, дзе дапамагаюць выпрацоўваць, у тым ліку на дзяржаўным узроўні, прапановы па тых ці іншых кірунках сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны.
Ірына Касцевіч расказала, што літаральна на мінулым тыдні вярнулася са злёту грамадзян старэйшага пакалення Саюзнай дзяржавы. Паводле яе слоў, на гэтым мерапрыемстве панавала атмасфера асалоды ад жыцця і жадання рухацца далей, дзяліцца пазітывам і сваімі вынікамі.
«Гэта пацвярджэнне таму, што палітыка вызначана правільна, а дзяржава заўсёды будзе падстаўляць плячо і дапамагаць ствараць умовы для прыгожага, актыўнага жыцця. І ёсць задача — зрабіць так, каб такіх грамадзян, уцягнутых у актыўнае грамадскае, творчае, спартыўнае жыццё, станавілася больш», — сказала парламентарый.
Старшыня Пастаяннай камісіі па міжнародных справах Сяргей Рачкоў наведаў Аду Міхайлаўну Копу, сын якой загінуў пры выкананні інтэрнацыянальнага абавязку ў Афганістане.

Шмат каго такі лёс мог бы зламаць, прымусіць бачыць жыццё ў чорных фарбах, але ў свае 87 гадоў жанчына энергічная і добрасардэчная, гасцінна сустракае гасцей. Жыццялюбства — яе адметная рыса, якая цяпер вельмі рэдка сустракаецца ў людзях.
— У важнай традыцыі беларусаў — паважаць старэйшых, клапаціцца аб іх, удзяляць увагу. Мы не губляем гэтыя свае гуманістычныя якасці, нягледзячы на змену пакаленняў і перыпетыі жыцця. Наш Прэзідэнт, парламент і грамадскія арганізацыі накіраваны на ўмацаванне сацыяльнай абароненасці пажылых людзей, пашырэнні іх грамадскай сацыялізацыі. Сустракаючыся з такімі людзьмі, як Ада Міхайлаўна, пераконваешся ў выключнай здольнасці нашага народа пераадольваць любыя цяжкасці і з аптымізмам глядзець у будучыню, — адзначыў Сяргей Рачкоў.
Паводле прэс-службы
Палаты прадстаўнікоў