Навукова-практычная канферэнцыя «Сістэма „навука — тэхналогіі — інавацыі“: метадалогія, вопыт, перспектывы» з’яўляецца своеасаблівым барометрам беларускіх распрацовак. Мерапрыемства арганізуе Цэнтр сістэмнага аналізу і стратэгічных даследаванняў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Кіраўнікі вядучых навуковых напрамкаў дзеляцца сваімі дасягненнямі, абмяркоўваюць складаныя моманты, выбудоўваюць прагнозы на найбліжэйшую будучыню і далёкую перспектыву, аналізуюць трэнды ў сучаснай навуцы ў рэгіянальным і глабальным разрэзах.
Абмен меркаваннямі вучоных мужоў актуальны заўсёды, бо ключавыя адкрыцці і інавацыі з’яўляюцца міждысцыплінарнымі. Тым больш неабходны адкрыты дыскурс сёння, калі адбываецца трансфармацыя светаўладкавання па шырокім фронце.
І веды становяцца адным з ключавых фактараў канкурэнцыі: эканамічнай, палітычнай, сацыяльнай, маральна-этычнай...
Тэзіс, што навуковыя веды належаць усяму чалавецтву, і ў былыя, вегетарыянскія, часы выклікаў сумненні ў сваёй слушнасці. Але, прынамсі, да гэтага імкнуліся. Калі не на справе, то хоць бы на словах. Літаральна за лічаныя 2-3 гады адбылася жорсткая фрагментацыя не толькі эканомікі, але і навукова-даследчай і інавацыйнай сфер. І калі трансферт тэхналогій яшчэ не спыніўся цалкам — іншы раз ажыццяўляецца нават паміж канкурыруючымі і апаніруючымі цэнтрамі эканамічнай і палітычнай сілы. Аднак агульны трэнд у свеце — на абмежаванне або поўнае спыненне абмену інавацыямі.
Як адзначыў галоўны вучоны сакратар НАН Васіль Гурскі, навука і веды сёння выкарыстоўваюцца як зброя для заваёўвання глабальнага лідарства. Пры гэтым расце дыферэнцыяцыя па ўзроўні і глыбіні распрацовак паміж багатымі і менш паспяховымі дзяржавамі, паколькі даследчая сфера з кожным годам становіцца ўсё больш дарагой, патрабуе наяўнасці складанага абсталявання, а таксама вучоных найвышэйшай кваліфікацыі. Прычым у шырокім дыяпазоне розных кірункаў, бо сучасныя тэхналогіі з’яўляюцца вынікам міждысцыплінарнай сінергіі. Таму толькі лічаныя дзяржавы валодаюць уласнымі навукова-даследчымі структурамі. І Беларусі пашанцавала ўвайсці ў гэту эліту.
Але выклікі і пагрозы сёння сур’ёзныя. Іх выразна і аб’ёмна абмалявала кіраўнік навуковага кірунку «Эканамічная палітыка» Інстытута эканомікі Расійскай акадэміі навук Алена Ляўчук. На яе думку, эканамічны рост ідзе выключна на тэхналагічнай базе знакамітай рэвалюцыі 4.0. Прычым тэхналагічная гонка адбываецца на фоне жорсткай канкурэнцыі паміж сусветнымі эканамічнымі цэнтрамі. І кожны з іх імкнецца да тэхналагічнага суверэнітэту. Больш за ўсё ад такой пазіцыі пакутуюць дзяржавы — рэцыпіенты распрацовак, бо пазбаўляюцца доступу да тэхналогій, што пагражае дэградацыяй у сацыяльна-эканамічным развіцці.
Яшчэ адзін з трэндаў новай эпохі, паводле меркавання Алены Ляўчук, — рост дзяржаўных укладанняў па ўсім свеце ў навукова-даследчую сферу. І ён будзе толькі павялічвацца. Прычым усе дзяржавы стараюцца карэспандаваць інавацыйную дзейнасць у прамысловую палітыку. Выбудоўваюцца індустрыяльныя ланцужкі, якія цалкам незалежныя ад знешніх фактараў. У такой канфігурацыі новага свету неабходныя ўласныя тэхналогіі па крытычных кірунках, а таксама скразныя тэхналогіі, якія выкарыстоўваюцца для вытворчасці прынцыпова новых тавараў і паслуг, што ствараюць новыя рынкі.
Канкурэнцыя за лідарства абвастрылася дастаткова рэзка, і наперадзе пакутлівы пераход на новыя рэйкі. Прычым у мабілізацыйным рэжыме, які стартаваў у інавацыйнай сферы пасля 2022 года з увядзеннем санкцый. Як канстатавала Алена Ляўчук, навукаёмістыя расійскія галіны былі залежныя ад імпартных тэхналогій на 60-90 %. За пяць гадоў толькі каля трэці расійскіх прадпрыемстваў змаглі перайсці на айчынныя аналагі. Яшчэ каля трэці пераарыентаваліся на паралельны імпарт. Астатнія пакуль не змаглі вырашыць да канца праблему тэхналагічнай залежнасці ад замежных пастаўшчыкоў. Уласныя распрацоўкі аказваюцца альбо занадта дарагімі, альбо патрабуецца працяглы час на іх распрацоўку. Таму ў навукі ў Расіі, і ў Беларусі непачаты край для прыкладання намаганняў.
Але, перакананая Алена Ляўчук, немагчыма адысці адразу ад усіх замежных распрацовак, паколькі даводзіцца дзейнічаць ва ўмовах абмежаванасці рэсурсаў: і фінансавых, і кадравых. На жаль, колькасць вучоных і даследчыкаў скарачаецца. Таму вельмі важна якаснае фарміраванне мэт у тэхналагічным развіцці, неабходнае якаснае прагназаванне, выкарыстанне сцэнарных падыходаў. Пры гэтым варта арыентавацца не толькі на сусветныя трэнды, а перш-наперш на ўласныя патрэбы з адэкватнай ацэнкай рэалій і магчымасцяў. Як адзначыла эксперт, тэхналогія можа быць выдатнай і цудоўнай, але занадта дарагой для ўкаранення ў вытворчасць, з бясконцым тэрмінам акупнасці. У выніку тэхналогія будзе, а вытворчасць — не. Таму кожную сур’ёзную распрацоўку неабходна разглядаць асобна, з улікам яе перспектывы. Паводле пераканання Алены Ляўчук, тэхналагічнага лідарства і суверэнітэту дабіцца можна толькі праз рэінтэграцыю ў сусветную прастору і паглыбленне сувязяў з дружалюбнымі дзяржавамі.
Калегу падтрымаў дырэктар Цэнтра сістэмнага аналізу і стратэгічных даследаванняў Валерый Ганчароў: неабходна развіваць кааперацыю на моцных баках. У прыватнасці, у Беларусі ёсць магутныя навуковыя школы па шэрагу кірункаў сусветнага ўзроўню. Нам ёсць што прапанаваць партнёрам у галіне оптыкі, лазерных прыбораў і ўстановак, сферы стварэння новых матэрыялаў і інш. Вялікія перспектывы адкрывае касмічная гонка, якая адрадзілася. Глабальны праект Кітайскай Народнай Рэспублікі па стварэнні месяцавай базы адкрывае шырокі спектр кірункаў для даследаванняў. І ў нашай краіне ёсць шмат унікальных напрацовак па касмічнай тэматыцы.
Ва ўмовах буйнога тэхналагічнага развіцця асаблівую актуальнасць набываюць і гуманітарныя кірункі. Як справядліва заўважыў Васіль Гурскі, навука не толькі адказвае на пытанні, але і абазначае праблемы. Адна з іх — штучны інтэлект і яго ўплыў на грамадскія працэсы, фарміраванне сацыяльнага і інтэлектуальнага капіталу. Бо ёсць небяспека, што ШІ прывядзе да дэградацыі натуральнага інтэлекту. Васіль Гурскі адзначыў, што ў моду ўваходзіць выкарыстанне генератыўных моўных мадэляў студэнтамі для напісання дыпломаў і курсавых. Іх тэмы некаторыя выкладчыкі таксама фарміруюць з выкарыстаннем машыннага мыслення, а потым яшчэ эксплуатуюць яго для праверкі заданняў. У такім ланцужку, лічыць галоўны вучоны сакратар, чалавек становіцца лішнім звяном. І для сферы адукацыі штучны інтэлект ужо сур’ёзны выклік. Навуцы трэба абгрунтавана адказаць на пытанне: якія ёсць рызыкі пагрозы ад ШІ і якая ад яго можа быць рэальная карысць, як пазбегнуць першых і максімізаваць выгаду. І ўвогуле неабходна асэнсавана сфармуляваць архітэктуру грамадства новай тэхналагічнай эпохі.
У цэлым сёння навука і даследчая сфера становяцца тым лакаматывам, які выцягвае за сабой і грамадства, і эканоміку. Зрэшты, шматлікія задачы стаяць не толькі перад вучонымі. Таленавітыя людзі здольныя сфармуляваць пытанні і праблемы, паспяхова знайсці рашэнні. Аднак неабходная і актывізацыя інтэлектуальнага развіцця ўсяго соцыуму, каб гэтыя напрацоўкі ўкараняліся ў жыццё.
Уладзімір ВАЛЧКОЎ