Top.Mail.Ru
0

Рознымі формамі занятасці ахоплена каля 142 тысяч маладых беларусаў, а работа па іх працаўладкаванні працягваецца і восенню

З юнацкім запалам

У нашых юных грамадзян ёсць магчымасць часова працаўладкавацца, набыць першы працоўны вопыт і паспрабаваць сябе ў розных сферах. Пра вынікі летняй занятасці і далейшую работу ў гэтым кірунку расказалі прадстаўнікі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, Міністэрства адукацыі і Рэспубліканскага штаба студэнцкіх атрадаў ГА «БРСМ».

Найлепшая прафілактыка

У студзені — жніўні 2026 года 69 тысяч маладых людзей ва ўзросце ад 14 да 18 гадоў упершыню выйшлі на рынак працы, заключылі працоўныя дагаворы, атрымалі заработную плату і першы працоўны вопыт. У параўнанні з адпаведным перыядам мінулага года паказчык вырас на 31 %.

Занятасць моладзі, перш за ўсё працоўная, накіравана на прафілактыку супрацьпраўных паводзін, адзначыў начальнік упраўлення арганізацыі работы дзяржаўнай службы занятасці насельніцтва і альтэрнатыўнай службы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Сяргей КАЦКО:

— За чэрвень — жнівень пры садзейнічанні дзяржаўнай службы занятасці была працаўладкавана 41 тысяча маладых грамадзян, а ўсяго з пачатку года — больш за 55 тысяч, што на 12 % больш, чым за адпаведны перыяд мінулага года.

Моладзь працавала ў грамадскім харчаванні і гандлі, ЖКГ, сельскай гаспадарцы і на прамысловых прадпрыемствах. У асноўным гэта была некваліфікаваная праца: падсобныя работы, работы ў зялёным будаўніцтве і іншыя.

У адпаведнасці з узростам

Пры працаўладкаванні за кошт наймальніка вакансіі размяшчаюцца ў спецыяльным раздзеле на партале дзяржаўнай службы занятасці, таму маладыя людзі могуць самастойна азнаёміцца з прапановамі і звярнуцца да наймальнікаў.

Для непаўналетніх прадугледжана скарочаная працягласць рабочага часу. У перыяд летніх канікул ва ўзросце ад 14 да 16 гадоў можна працаваць 4 гадзіны 36 хвілін, ад 16 да 18 гадоў — 7 гадзін у дзень. Пры гэтым заработная плата захоўваецца на ўзроўні работнікаў адпаведнай прафесіі, якія працуюць поўны рабочы дзень.

Кансультант упраўлення па справах моладзі галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай, выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі Віялета КРАЎЦОВА паведаміла, што рознымі формамі занятасці ахоплена каля 142 тысяч маладых беларусаў. Больш за 71 тысячу з іх былі заняты ў студэнцкіх атрадах, каля 15 тысяч — у лагерах працы і адпачынку. У рэгіёнах праводзіліся прамыя тэлефонныя лініі і кансультацыйныя мерапрыемствы для навучэнцаў і іх бацькоў па пытаннях працаўладкавання.

Міністэрства адукацыі распрацавала метадычныя рэкамендацыі па працоўным выхаванні, якія ўкаранёны ва ўстановах адукацыі. У рамках сумеснай работы з прадпрыемствамі ЖКГ за ўстановамі адукацыі замацоўваліся тэрыторыі каля дамоў. Маладыя людзі займаліся азеляненнем, пасадкай кветак, добраўпарадкаваннем клумб і абрэзваннем кустоў. У рамках шостага школьнага дня кожная трэцяя субота ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі была аб’яўлена днём працоўнага выхавання.

Па сваім профілі

Аб выніках працоўнага семестра расказала камісар Рэспубліканскага штаба студэнцкіх атрадаў ГА «БРСМ» Анастасія ЯЛЕНСКАЯ:

— Летам 2026 года ў рамках руху працавалі 56 888 чалавек. І калі летась за ўвесь працоўны год мы працаўладкавалі 64 764 чалавекі, то ўжо ў верасні гэта лічба была пераадолена і склала больш за 72 тысячы чалавек, а дагавораў заключана больш чым на 73 тысячы чалавек.

Студэнцкія атрады працуюць па сямі профілях: будаўнічым, сельскагаспадарчым, педагагічным, вытворчым, медыцынскім, экалагічным і сэрвісным. Найбольш масавым застаецца сэрвісны кірунак, дзе маладыя людзі працуюць прадаўцамі, кандуктарамі, праваднікамі, кухоннымі работнікамі, у клінінгавай сферы і г. д. Сельскагаспадарчыя атрады восенню ўдзельнічаюць ва ўборцы ўраджаю. На гэты кірунак прыпадае крыху больш за 17 % усіх працаўладкаваных.

Сумесна з Беларускай чыгункай таксама былі арганізаваны курсы падрыхтоўкі праваднікоў пасажырскага вагона і манцёраў пуці, якія прайшлі амаль 200 чалавек. Яны здалі кваліфікацыйны экзамен і атрымалі адпаведныя дакументы, адзначыла Анастасія Яленская:

— Навучальная праграма скарочана прыкладна да трох месяцаў і ўключае тэарэтычны і практычны этапы. Падчас такой падрыхтоўкі маладыя людзі атрымліваюць магчымасць пазнаёміцца з тэхнікай і работай з людзьмі, вызначыцца з будучай спецыяльнасцю.

Асобная ўвага ўдзяляецца працаўладкаванню студэнтаў па атрыманай спецыяльнасці, падкрэсліў Сяргей Кацко:

— Сумесна з наймальнікамі былі вызначаны пасады, на якіх яны хацелі б бачыць студэнтаў. Затым у характарыстыкі адпаведных работ унеслі неабходныя змяненні, якія сёння датычацца 144 пасад. Студэнты, якія скончылі другі або трэці курс, атрымалі магчымасць працаваць па профілі.

У банку вакансій знаходзіцца больш за 400 прапаноў для эканамістаў, у тым ліку з няпоўным рабочым часам — на 0,5 і 0,25 стаўкі. Змены таксама закранулі педагагічныя, некаторыя інжынерныя спецыяльнасці, спецыяльнасці для творчых работнікаў і іншыя.

— Хацелася б, каб яны падпрацоўвалі па атрыманым профілі, а не займаліся чымсьці зусім далёкім ад яго, — падкрэсліў Сяргей Кацко. — Работа па спецыяльнасці дазваляе студэнтам раней атрымаць практычны вопыт і назапасіць стаж у адпаведнай сферы яшчэ падчас навучання.

Міхаіл ДАНІЛКОВІЧ

Фота белТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю