Ён прыехаў у нашу краіну ў 2003 годзе вучыцца на медыка.
Стаў паспяховым спецыялістам, стварыў сям’ю і атрымаў беларускае грамадзянства. І сёння кажа, што сваю будучыню бачыць менавіта ў Беларусі.
Удалечыні ад дому
У пачатку 2000-х паступіць у медыцынскую ВНУ ў Сірыі было складана, таму бацькі вырашылі адправіць сына за мяжу.
Спачатку Бушур апынуўся ў Арменіі, дзе ўжо вучыўся ягострыечны брат. Там ён прабыў два гады. Але праз некаторы час яго больш прывабіла магчымасць вучыцца ў Беларусі.
Першае ўражанне ад нашай краіны добра памятае. Беларуская рэчаіснасць здалася яму неверагоднай, яскравай. Па дарозе з аэрапорта Бушур убачыў шырокія прасторы, палі, а затым — прыгожы Мінск!
— Я проста быў ашаломлены, не чакаў, што так усё будзе, як мне расказвалі, наколькі тут прыгожа і па-еўрапейску, — успамінае ён. — Не ўзнікла ў мяне і праблем з адаптацыяй. Важна і тое, што тут заўсёды можна было паўнавартасна вучыцца і мець зносіны па-руску.
Шлях у медыцыну
У Беларускім дзяржаўным медыцынскім універсітэце Бушур прайшоў усе неабходныя этапы навучання. Пасля заканчэння ВНУ ў 2008 годзе вярнуўся ў Сірыю. І хоць пакідаць нашу краіну яму зусім не хацелася, па планах сям’і ён павінен быў працягнуць свой прафесійны шлях на радзіме. Але вяртанне ў Сірыю аказалася часовым...
Бушур хацеў стаць афтальмолагам, аднак у яго родным горадзе магчымасці адразу пачаць работу па гэтай спецыяльнасці не было. І ён вырашыў вярнуцца ў Беларусь:
— Куды яшчэ ехаць, калі не ў Мінск?! Тут ужо мне ўсё знаёмае, усё сваё.
У Беларусі ён працягнуў навучанне ў ардынатуры, якое павінна было заняць чатыры гады. Аднак менавіта ў гэты перыяд сітуацыя на яго радзіме пачала рэзка змяняцца.
Планы змяніла вайна
Абстаноўка ў Сірыі стала пагаршацца яшчэ ў 2011 годзе. Але Бушур памятае той час з-за другіх трагічных абставін.
Яго маці была цяжка хворая і праходзіла лячэнне. Ён падтрымліваў з ёй сувязь, хацеў нават з’ездзіць у Сірыю, але бацькі параілі не рабіць гэтага, бо вярнуцца потым у Беларусь магло і не атрымацца.
Неўзабаве здарылася самае цяжкае: маці Бушура памерла, а на радзіме сітуацыя станавілася яшчэ больш нестабільнай. Ён знаходзіўся ў Беларусі і разумеў, што яго планы вярнуцца дадому пасля заканчэння ардынатуры ўжо не могуць рэалізавацца. І менавіта тады канчаткова вырашыў застацца ў нашай краіне.
— Я ведаў, што Беларусь — мой шчаслівы лёс, мне трэба заставацца.
У гэты ж перыяд Бушур сустрэў тут сваю будучую жонку. Неўзабаве яны пажаніліся. А потым ён атрымаў від на жыхарства, і пытанні аб вяртанні ў Сірыю наогул адпалі.
Сёння Бушур — паўнапраўны грамадзянін Беларусі, працуе па сваёй спецыяльнасці — афтальмолагам.
Сям’я, якая аб’яднала дзве культуры
У шлюбе Бушур ужо 13 гадоў, а два гады таму ў яго нарадзіўся сын.
Перш за ўсё ён звяртае ўвагу на тое, што, на яго думку, аб’ядноўвае людзей дзвюх краін:
— Гэта сямейныя каштоўнасці. І для беларусаў, і для нас, сірыйцаў, сям’я — гэта святое. Дзеля сям’і я гатовы на ўсё!
Для Бушура важным прынцыпам у адносінах паміж людзьмі з’яўляецца ўзаемная павага:
— У любых адносінах самае галоўнае — павага.
У сям’і Бушура суіснуюць розныя рэлігійныя традыцыі. Ён — мусульманін, яго жонка — праваслаўная. Яны паважаюць веравызнанне адно аднаго і разам адзначаюць святы.
Радзіма засталася ў памяці
Сірыю Бушур не забыў. Апошні раз ён быў там у 2021 годзе, да гэтага не наведваў радзіму з 2011-га. Дзесяць гадоў паміж паездкамі былі звязаныя з вайной. А ў 2021-м ён адправіўся ў Сірыю, каб убачыць бацьку і родных, аднак у свой родны горад не паехаў — заставаўся ў сталіцы, дзе жылі яго блізкія.
Сёння Бушур прызнаецца, што сумуе па Сірыі, але ўжо не можа ўспрымаць яе так, як раней. Вайна змяніла месцы яго дзяцінства, многіх знаёмых больш няма.
— Ты сумуеш па тым месцы, па той школе, у якой вучыўся, а яе ўжо няма, яе знеслі, усё разбурана. І шмат людзей памерла, ты больш іх ніколі не ўбачыш, — цяжка ўздыхае ён.
Таму Бушур і не захацеў ехаць у родны горад і разбураць ва ўяўленні карціну, якая захавалася з дзяцінства. Асабліва цяжкай для яго застаецца памяць пра маці, якая калісьці сустракала яго дома. Сёння вярнуцца туды азначае сутыкнуцца з яе адсутнасцю.
— Я не магу вяртацца ў тое месца, дзе, калі я звычайна туды ехаў, мяне заўсёды сустракала мама. Я выходжу з таксі, яна мяне бачыць... І зараз паехаць туды і шукаць яе... Яе няма, і гэта вельмі маральна цяжка, — прызнаецца Бушур.
Пры гэтым ён не адмаўляецца ад сувязі з Сірыяй. Там засталіся бацька і сёстры. Але яго жыццё ўжо звязанае з іншай краінай — з Беларуссю.
«Мая будучыня тут»
Беларускае грамадзянства Бушур атрымаў пасля доўгага знаходжання ў краіне. Пры гэтым ён падкрэслівае: чужым сябе тут не адчуваў і раней.
На яго погляд, стаўленне да чалавека залежыць перш за ўсё ад яго ўласных паводзін: неабходна выконваць законы краіны, паважаць яе народ і традыцыі.
Грамадзянства для Бушура стала не проста дакументам. Ён звязвае яго з адчуваннем упэўненасці ў заўтрашнім дні і прыналежнасці да нашай краіны.
— Я хацеў тут атрымаць грамадзянства, таму што адчуваю сябе беларусам, — сцвярджае ён.
Звыклымі для яго сталі і традыцыйныя беларускія стравы.
Аднойчы нават прыгатаваў аліўе на Новы год, чым выклікаў здзіўленне сябра: маўляў, сірыец гатуе аліўе! Але для Бушура гэта ўжо натуральная частка яго жыцця ў Беларусі:
— Не тое, што я ем толькі сірыйскае, ем і беларускае, ем усё. Я настолькі ўжо адаптаваўся, што адчуваю сябе тут як рыба ў вадзе.
На пытанне, ці жадае ён калі-небудзь вярнуцца ў Сірыю, Бушур упэўнена адказвае:
— Я не забуду Сірыю. Там жывуць бацька і сястрычкі, але мы заўсёды глядзім наперад, глядзім у будучыню.
А мая будучыня тут, у Беларусі.
Міхаіл ДАНІЛКОВІЧ
Фота з архіва героя публікацыі