Top.Mail.Ru

Усе нелюдзі, якія здзяйснялі злачынствы на нашай зямлі ў перыяд нямецка-фашысцкай акупацыі, павінны быць асуджаныя нават пасля іх смерці

Карнік з «Белай каманды»

У Вярхоўным Судзе Беларусі ідзе разбор па крымінальнай справе ў дачыненні да Аляксандра Буглая, які абвінавачваецца ў генацыдзе беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Хутка адбудуцца спрэчкі бакоў. Гэта ўжо восьмая па ліку справа аб генацыдзе, якая разглядаецца судом праз дзесяцігоддзі пасля Перамогі.

Сярод найбольш вядомых карнікаў, чые імёны застануцца ў журботнай памяці беларускага народа, пераважаюць этнічныя немцы, прадстаўнікі прыбалтыйскіх рэспублік, украінцы. Але былі сярод іх і карэнныя беларусы, як, напрыклад, той жа Буглай. Ён ураджэнец вёскі Кіркаўшчына Нясвіжскага раёна, а да рэвалюцыі гэты населены пункт уваходзіў у склад Слуцкага павета Мінскай губерні.

Нарадзіўся Аляксандр Буглай у 1910-м годзе. Скончыў гімназію і паступіў у архітэктурнае вучылішча, меў дыплом тэхніка-архітэктара. Валодаў рускай, польскай, нямецкай і англійскай мовамі. Да 1931-га года служыў у польскім войску. 

У 1931-м за нелегальны пераход граніцы СССР быў арыштаваны органамі НКУС і высланы на спецпасяленне ў Омскую вобласць. Адтуль у 1932-м годзе ўцёк і нелегальна вярнуўся ў Польшчу. У красавіку 1941-га зноў быў арыштаваны за нелегальны пераход граніцы СССР і знаходзіўся пад следствам. Калі немцы ўварваліся на савецкую тэрыторыю, ён пры этапаванні ўцёк, а пасля далучыўся да акупантаў.

Буглай упэўнена рухаўся па службе. Немцы шанавалі яго варожае стаўленне да савецкай улады. Ужо ў 1942-м годзе ён узначаліў так званую «Белую каманду», якая ў час карных акцый насіла маскіровачную вопратку белага колеру. Гэтае падраздзяленне «праславілася» шматлікімі жорсткімі злачынствамі ў дачыненні да беларускіх грамадзян на акупаванай тэрыторыі. Дзейнічала яно ў Гомельскай, Магілёўскай і Мінскай абласцях.

Як сведчаць матэрыялы крымінальнай справы, Буглай наўмысна пазбавіў жыцця, у тым ліку з асаблівай жорсткасцю, праз расстрэлы не менш як 174 чалавекі, уключаючы састарэлых, і 27 дзяцей, сярод якіх былі малалетнія. Яго каманда актыўна займалася разбоем: спальвала вёскі, пазбаўляла грамадзян прадуктаў харчавання і прадметаў адзення, хатняй жывёлы і іншай маёмасці, без якой выжыць было практычна немагчыма.

Вось толькі адзін прыклад. Удзельнікі гэтай злачыннай групы пад пагрозай забойства захапілі не менш як 300 жыхароў Гомельскага раёна і прымусова змясцілі ў адзін з будынкаў вёскі Стара-Церашковічы. Пасля гэтага шэсць чалавек з захопленых адканваіравалі ў лясны масіў і пяцярых расстралялі. Шосты памёр перад расстрэлам з-за наяўнага захворвання сэрца. І гэта далёка не адзіная расправа.

«Праславіўся» батальён Буглая і адпраўкай мірнага насельніцтва ў Германію — паводле дакументаў, не менш як 77 чалавек. Акрамя таго, карнік актыўна займаўся агентурнай працай — пад яго кіраўніцтвам здраднікаў рыхтавалі да засылкі ў партызанскія атрады.

Крымінальная справа, якую цяпер разглядае Вярхоўны Суд, налічвае 68 тамоў. У яе матэрыялах сабраныя доказы, якія пацвярджаюць 33 эпізоды ажыццяўлення злачыннай дзейнасці Буглая і яго саўдзельнікаў.

Буглаю ўдалося пазбегнуць расплаты за злачынствы. Разам з гітлераўцамі падчас наступу Чырвонай Арміі ў 1944-м годзе ён перамясціўся ў Еўропу, а потым перабраўся ў Амерыку, дзе і памёр у 1990-м. Дарэчы, з яго каманды пасля вайны былі асуджаныя 128 чалавек. Аднак, хоць карніку, на жаль, не давядзецца знаходзіцца на лаве падсудных, але яго злачынным справам будзе дадзена справядлівая і заслужаная ацэнка.

Сяргей РУЧАНАЎ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю