Top.Mail.Ru
0

Да канца года ў Мінску з'явіцца новы сучасны архіўны комплекс

Доўгае жыццё першакрыніц

У чацвёртым квартале гэтага года будзе ўведзены ў эксплуатацыю новы сучасны архіўны комплекс горада Мінска. Раней дакументы сталіцы захоўваліся ў Дзяржаўным архіве Мінскай вобласці.

Ад алічбоўкі да рэстаўрацыі

— Прынята рашэнне і створана арганізацыя, завяршаецца будаўніцтва, і ў горада Мінска будзе свой паўнавартасны, сучасны архіўны комплекс, — адзначыў дырэктар Дэпартамента па архівах і справаводстве Міністэрства юстыцыі Алег ВОІНАЎ. — Дзяржаўныя архівы Беларусі ў сучасным грамадстве выступаюць гарантам захавання гістарычнай праўды і дакументальнай памяці беларускага народа, забяспечваючы назапашванне, улік і выкарыстанне дакументаў. Гэта трыадзіная задача, якая стаіць перад архівамі і ў цэлым непасрэдна перад нашым Нацыянальным архіўным фондам, і гэта ўсё робіцца для супрацьдзеяння фальсіфікацыі гісторыі.

Таксама спецыяліст расказаў аб тым, што архівы працягваюць нарошчваць тэмпы алічбоўвання архіўных дакументаў. Па выніках бягучага года будзе пераадолены рубеж у 3 мільёны электронных старонак. «Нагадаю, што яшчэ некалькі гадоў таму адзін мільён быў для нас мэтай недасягальнай. Але з улікам тэхналогій і новага абсталявання, якое закуплена, правядзення арганізацыйна-штатных мерапрыемстваў мы змаглі выйсці на такую лічбу. У цэлым перад галіной стаіць мэта да 2029 года алічбаваць не менш чым 45 працэнтаў асабліва каштоўных дакументаў, якія захоўваюцца ў Беларусі», — дадаў Алег Воінаў.

Таксама звыш 600 тысяч лістоў архіўных дакументаў штогод рэстаўруюцца, што дае ім другое жыццё ў архівах.

Выдадзенае — застанецца

— У рамках выкарыстання архіўных дакументаў у Нацыянальным архіве ўжо напрацаваны вялікі вопыт па падрыхтоўцы рознага кшталту выданняў. 

За апошнія 25 гадоў выдадзена больш за 100 зборнікаў дакументаў, манаграфій, артыкулаў, даведнікаў і навукова-папулярных выданняў, — расказала дырэктар Нацыянальнага архіва Алена СТУКАНАВА. — Улічваючы, што мы архівісты, то прыярытэтным у выдавецкай дзейнасці для нас з’яўляецца менавіта выданне зборнікаў дакументаў. І ў гэтым кірунку магістральная тэма — тэма Вялікай Айчыннай вайны. Ёсць у гэтага аб’ектыўныя прычыны. Гэта шэраг дакументаў, які захоўвае наш архіў, а таксама запыт грамадства і дзяржавы на праўдзівае выкладанне праз архіўныя першакрыніцы падзей 1941-1945 гадоў. Вядома, гэтая тэма набыла асаблівую актуальнасць з пачаткам расследавання крымінальнай справы пра генацыд беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

Так, тэма генацыду і акупацыйнай палітыкі нацыстаў адлюстроўваецца ў выдадзеным у 2026 годзе зборніку «Вільгельм Кубэ і акупацыйны рэжым Беларусі 1941-1943 год». Зараз Нацыянальны архіў рэалізоўвае двухтомны праект «Нацысцкія карныя аперацыі ў беларуска-расійскім прыграніччы». Праца над праектам вядзецца сумесна з расійскімі калегамі. Летась выйшаў першы том выдання, прысвечаны карным аперацыям 1942 года, а ўжо да канца 2026 года будзе прадстаўлена кніга па злачынствах фашыстаў у 1943 годзе. Яшчэ ў гэтым годзе свет убачыць ужо дзясяты зборнік з серыі «Без тэрміну даўнасці. Беларусь», які будзе прысвечаны мінскаму судоваму працэсу. Звяртаюць на сябе ўвагу шматлікай аўдыторыі і серыі «Перасяленцы з БССР», «Партызанскі архіў» і серыйны праект «Гісторыя для школьнікаў», які даўно ўжо выйшаў за рамкі Нацыянальнага архіва.

— Усе тэмы, над якімі мы працуем, захоўваюць сваю актуальнасць, таму мы маем намер і надалей прадстаўляць як архіўныя дакументы, так і расказваць пра іх і ў навукова-папулярнай форме, — дадае Алена Стуканава. — І будзем пашыраць наша міжнароднае ўзаемадзеянне з замежнымі калегамі па рэалізацыі сумесных праектаў.

Алена ДРАПКО

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю