Top.Mail.Ru

У наступным годзе з'явіцца новы заказнік рэспубліканскага значэння

05.10.2026 | 10:45
Амаль два мільёны гектараў — пад аховай

Магутныя лясы, празрыстыя рэкі і азёры, стракатыя дзікатраўныя лугі і таямнічыя балоты, рэдкія віды жывёльнага і расліннага свету — неверагодная прырода даўно стала візітнай карткай і гонарам нашай краіны. Белавежская пушча, Бярэзінскі біясферны запаведнік, Прыпяцкі і Нарачанскі нацпаркі, Браслаўскія азёры — усе гэтыя маляўнічыя куткі з’яўляюцца нашым нацыянальным здабыткам і маюць вялікі турыстычны патэнцыял. Каб захаваць іх у натуральным стане, а таксама забяспечыць экалагічную стабільнасць, створаны асабліва ахоўныя прыродныя тэрыторыі (ААПТ).

Сёння сістэма ААПТ у краіне налічвае 1361 аб’ект: Бярэзінскі біясферны запаведнік, чатыры нацыянальныя паркі, шматлікія маляўнічыя рэспубліканскія і мясцовыя заказнікі і помнікі прыроды. Агульная плошча тэрыторый складае каля 1,9 млн га. Найбольшая плошча ААПТ прыходзіцца на Брэсцкую, Віцебскую і Гомельскую вобласці — 1,2 млн га.

— Самы эфектыўны механізм захавання біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці — фарміраванне і забеспячэнне ўстойлівага функцыянавання ААПТ. У той жа час гэта ўжо перастае разглядацца выключна як інструмент кансервацыі прыроды. Вялікае значэнне набывае комплексны экасістэмны падыход, пры якім ААПТ становяцца цэнтрам устойлівага развіцця па забеспячэнні захавання біялагічнай разнастайнасці, — адзначае намеснік начальніка ўпраўлення біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Андрэй КАСЦЮК.

Развіццё сістэмы ААПТ працягваецца. У 2027 годзе прадугледжана стварэнне новага заказніка рэспубліканскага значэння, які аб’яднае астравы на тэрыторыі Бялыніцкага раёна Магілёўскай і Крупскага раёна Мінскай абласцей. Яго плошча складзе каля 5,8 тыс. га. Акрамя таго, запланавана пераўтварэнне 6 заказнікаў і 39 помнікаў прыроды рэспубліканскага значэння.

Абавязак кожнага

ААПТ застаюцца не толькі аб’ектамі аховы, але і часткай турыстычнай інфраструктуры. У Беларусі абсталявана больш за 300 экалагічных маршрутаў і сцежак, траціна з іх размешчана на ААПТ. Летась гэтыя куткі прыроды наведалі больш за 400 тысяч чалавек, практычна палова з якіх замежныя турысты.

— Экатурызм з’яўляецца важным кірункам развіцця рэгіёнаў, які дазваляе ім, захоўваючы прыроду, павышаць свой дабрабыт, спрыяць прытоку інвестыцый і росту ўзроўню жыцця, перш за ўсё вясковых жыхароў, — каментуе генеральны дырэктар Навукова-практычнага цэнтра Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па біярэсурсах Аляксандр ЧАЙКОЎСКІ.

Адным з самых папулярных экатурыстычных куткоў Беларусі з’яўляецца Нацыянальны парк «Белавежская пушча», які ўваходзіць у спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Тут сустракаецца 59 відаў млекакормячых, больш за 250 відаў птушак, расце звыш 1000 відаў раслін, у тым ліку ўключаных у Чырвоную кнігу Беларусі.

Турыстычная дзейнасць павінна ажыццяўляцца ў межах дапушчальных рэкрэацыйных нагрузак, якія вызначаюцца на падставе навуковых абгрунтаванняў пры аб’яўленні або пераўтварэнні ААПТ. Андрэй Касцюк адзначыў, што адзін са спосабаў знізіць нагрузку на прыроду — арганізаваць турыстычныя патокі і накіроўваць групы па спецыяльна падрыхтаваных маршрутах.

— У Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь дакладна рэгламентавана, што ахова навакольнага асяроддзя, беражлівыя адносіны да прыродных рэсурсаў — абавязак кожнага жыхара краіны. Важна разумець, што шкода навакольнаму асяроддзю на ААПТ кампенсуецца асобай, якая яе зрабіла, добраахвотна альбо ў судовым парадку, — звяртае ўвагу старшы пракурор упраўлення па наглядзе ў сферах экалогіі і землекарыстання Генеральнай пракуратуры Беларусі Іна ДЗЕРМАН.

За парушэнне ўстаноўленага рэжыму аховы і выкарыстання ААПТ прадугледжана адміністрацыйная і крымінальная адказнасць. Сярод забароненых дзеянняў — скід сцёкавых вод, мыйка механічных транспартных сродкаў, выпальванне сухой расліннасці, а таксама несанкцыянаваная ўстаноўка палатак, стаянка транспартных сродкаў і раскладанне вогнішчаў. Штрафы могуць складаць ад 20 да 500 базавых велічынь, а за наўмыснае знішчэнне або пашкоджанне каштоўных прыродных комплексаў прадугледжана пазбаўленне волі да трох гадоў.

Аднак нават самая падрабязная сістэма правіл і кантролю не зможа замяніць адказнае стаўленне саміх наведвальнікаў. Паставіць інспектара за кожным дрэвам і каля кожнага вадаёма немагчыма. Аляксандр Чайкоўскі звярнуў увагу, што трэба быць сумленнымі і не забывацца пра належныя паводзіны ў гэтых унікальных прыродных кутках. Каб захаваць іх для нашчадкаў, варта памятаць словы кіраўніка дзяржавы: «Прырода — гэта дар божы, мы яго павінны захаваць і яшчэ ў лепшым стане перадаць сваім дзецям і ўнукам».

Вераніка ШЫДЛОЎСКАЯ

Фота Анатолія ДРЫБАСА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю