Top.Mail.Ru

Як збірае восеньскі ўраджай сялянска-фермерская гаспадарка «Вармас» у Віцебскім раёне

Як адзін фермер паўвобласці цыбуляй корміць

Ураджайнай восенню пах дабрабыту лунае над палямі сялянска-фермерскай гаспадаркі «Вармас» Віктара Багачова ў Віцебскім раёне

Зерне і «баршчовы набор»

Смачна пахнуць патрывожаныя тэхнікай і людзьмі бульба, капуста, цыбуля, морква, буракі — «Вармас» спецыялізуецца на вырошчванні збожжавых і гародніны. І калі зерне даўно спарадкавана і здадзена дзяржаве, уборка гародніны ў самым разгары.

— У нашым раёне вырошчваннем гародніны займаюцца такія буйныя сельгаспрадпрыемствы, як ААТ «Альгова» і «Рудакова», а таксама фермерскія гаспадаркі (іх у раёне каля 70). Але ўнёсак адносна невялікага «Вармаса» ў агульнай валавай вытворчасці гэтай прадукцыі займае 30 %, — тлумачыць першы намеснік начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Віцебскага райвыканкама Валерый ПЕТРУШЭНКА. — Што датычыцца цыбулі, менавіта СФГ Віктара Багачова з’яўляецца яе асноўным вытворцам у Віцебскай вобласці, у значнай ступені закрываючы планы стабілізацыйнага фонду.

У мінулым годзе з 14 гектараў «Вармас» сабраў ажно 505 тон цыбулі. Сёлета пасяўныя плошчы павялічылі да 22 гектараў. Традыцыйна тут вырошчваюць познія сарты, на бягучы момант цыбулю выцягваюць з зямлі і пакідаюць на палях для пярвічнай сушкі. Гаварыць пра ўраджайнасць Віктар Багачоў не спяшаецца, але і неспакушаным вокам відаць, што цыбуля ўдалася: яе многа, чыстая, гладкая, амаль аднолькавага калібру, крыху болей за сярэдні.

  • Згодна з планам, зацверджаным аблвыканкамам, летась у стабілізацыйны фонд вобласці заклалі 832 тоны цыбулі, 455 тон з іх, або болей за 55 %, — ад СФГ «Вармас». Сёлета тут плануюць сабраць каля 1000 тон цыбулі.

Фонд харчовай стабільнасці

Ужо другі год сельгасвытворцы адгружаюць сваю прадукцыю спажыўцам для стварэння стабілізацыйнага фонду на падставе папярэдне заключаных дагавораў па графіках з 30-працэнтным авансаваннем. Гэта значна аблягчае стасункі з партнёрамі. Раней здаралася, што стабфонд быў сфарміраваны, але па гародніну месяцамі ніхто не звяртаўся, а за адсутнасць рэалізацыі пыталіся з саміх жа вытворцаў.

— Лімітавыя максімальныя адпускныя цэны на плодагародніную прадукцыю, якую рэалізуюць вытворцы, устанаўлівае Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю, — тлумачыць Віктар Багачоў. — Так, з улікам выдаткаў па захоўванні, без уліку выдаткаў па дастаўцы, на бягучы момант мы можам прадаваць бульбу не даражэй, чым па 0,71 руб., буракі — па 0,78, моркву — па 0,90, капусту — па 1,08, цыбулю — па 1,12. Часам іх сабекошт, які складаецца з выдаткаў на іх вытворчасць ад апрацоўкі глебы і раслін, насення, угнаенняў, зарплаты, уборкі, захоўвання, паліва, электраэнергіі, амартызацыі тэхнікі і іншага, перавышае цану рэалізацыі. У той жа час прадаўцы, якія церпяць значна меншыя выдаткі, робяць сваю надбаўку. Лічу, яна магла б быць разумнейшай на карысць цаны вытворцаў, пры гэтым не б’ючы па кішэні пакупнікоў.

На погляд гаспадарніка Віктара Багачова, варта таксама больш гнутка падыходзіць да магчымасці рэалізацыі прадукцыі па камерцыйных цэнах звыш дзяржзаказу, за межы краіны, ранняй гародніны. Сельгасвытворцы разумеюць сваю высокую сацыяльную місію: накарміць народ даступнымі па цэнах прадуктамі першай неабходнасці, але ж і ім трэба грошы на развіццё. Трэба матываваць людзей, якія самааддана працуюць на зямлі.

Гаспадарыць па-гаспадарску

У гэтым ракурсе цікавы шлях самога Віктара Багачова. Пасля заканчэння ў 1981 годзе індустрыяльна-педагагічнага тэхнікума з Пінску (сёння гэта каледж — філіял БрДТУ) атрымаўшы прафесіі майстра вытворчага навучання і тэхніка-механіка, працаваў у Віцебскім СПТВ № 176 (цяпер — аграрна-тэхнічны каледж). Таксама скончыў БДСГА ў Горках па спецыяльнасці «інжынер-гідратэхнік». У 1991 годзе стварыў СФГ «Вармас». 

З’яўляецца заснавальнікам асацыяцыі фермераў Віцебскай вобласці, куды ўваходзяць 430 гаспадарак. Спачатку атрымаў у валоданне 13 гектараў зямлі, цяпер яго ўгоддзі складаюць 1,9 тыс. га. Бал кадастравай ацэнкі сельскагаспадарчых земляў дзякуючы меліярацыі і тэхналагічнай апрацоўцы зямлі ўзрос з 18 да 25. На месцы хмызнякоў і няўдобіц кіраўнік СФГ уладкаваў трывалую гаспадарчую базу з сучаснымі адміністрацыйнымі будынкамі, гароднінасховішчам, пляцоўкай захоўвання сельгастэхнікі. У машына-трактарным парку сёння ёсць уся неабходная тэхніка і прычапное абсталяванне. У планах — будаўніцтва сістэмы сажалак з іх наступным зарыбленнем. У штаце больш за 50 чалавек, уключаючы абедзвюх дачок і зяцёў Віктара Багачова. Справу свайго жыцця ён хацеў бы перадаць ім у спадчыну.

Пакуль жа ў надзённым графіку — уборка ўраджаю, закладка стабілізацыйнага фонду. Ён служыць крыніцай харчавання хворых ва ўстановах аховы здароўя; дзяцей у садках і школах; пражываючых у сацыяльных пансіянатах; ваеннаслужачых тэрміновай службы, а таксама гарантам таго, што ў гандлёвых сетках пакупнікі змогуць набыць бульбу і гародніну па сацыяльна стабільных цэнах.

— Паводле планаў на асенне-зімовы перыяд 2026 — 2027 гадоў, зацверджаных рашэннем аблвыканкама, у стабілізацыйны фонд Віцебскай вобласці павінна паступіць 10,3 тысячы тон бульбы, 2,7 тысячы тон капусты, 1,8 тысячы тон морквы, 1,4 тысячы тон буракоў, 1,9 тысячы тон цыбулі, 2,4 тысячы тон яблык, — паведаміла начальнік упраўлення земляробства, раслінаводства і кормавытворчасці камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Віцебскага аблвыканкама Іна БАГДАНАВА. — Дагаворы на пастаўку прадукцыі заключаюцца з сельгасвытворцамі як Віцебскай, так і іншых абласцей. На бягучы момант закладзена 37 % ад неабходных аб'ёмаў. Да 15 лістапада стабфонд будзе сфарміраваны ў поўным аб'ёме — будзем з бульбай і гароднінай.

Святлана ЯКАЎЛЕВА, фота аўтара

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю