Зусім хутка адбудзецца 30-годдзе Усебеларускага народнага сходу. Нагадаем, ён праходзіў 19–20 кастрычніка 1996 года ў мінскім Палацы спорту. У СМІ з’яўляецца шмат матэрыялаў, прысвечаных гэтай даце. Час быў сапраўды вельмі складаны, і мне стала цікава, як жылі простыя людзі, а дакладней — выжывалі, калі разваліўся Савецкі Саюз — «вялікі і магутны»? Ці памятаюць першы УНС? Героі публікацыі знайшліся хутка. Я распытала сваіх бабулю і дзядулю, якія разам ужо больш за 60 гадоў. І прапаную вам успаміны сям’і Казлоўскіх аб пераломным моманце нашай гісторыі.
Пачатак канца
Мае бабуля і дзядуля пазнаёміліся падчас вучобы. Валянціне было 16, а Уладзіміру — 18 гадоў. Цяпер майму дзеду 80, бабулі — 78. Абодва яны родам не з Гродзенскай вобласці, але жывуць тут большую частку жыцця. Яны шмат пераязджалі, аднак затрымаліся ў Бераставіцкім раёне.
Дзядуля прыгадвае, як пачынаўся канец СССР, расказвае пра дзяржаўны пераварот, які адбыўся 19–22 жніўня 1991 года:
— Па тэлебачанні на ўсіх каналах паказвалі «Лебядзінае возера». Нам гэта падалося вельмі дзіўным. Было трывожна, але я да апошняга спадзяваўся, што ўсё будзе добра. Нават нягледзячы на тое, што крызіс у краіне асабіста для мяне стаў бачны яшчэ ў канцы 1980-х. Але ж нікому і ў галаву не прыходзіла, што СССР можа распасціся, што дзяржавы, у якой мы пражылі ўсё жыццё, больш не будзе.
Аднак зусім хутка, 8 снежня 1991-га, былі падпісаны Белавежскія пагадненні, затым 21 снежня — Алма-Ацінская дэкларацыя, якія канчаткова паставілі крыж на Савецкім Саюзе. А 25 снежня 1991 года Міхаіл Гарбачоў склаў з сябе паўнамоцтвы Прэзідэнта СССР і над Крамлём быў спушчаны савецкі сцяг...
Як жыць далей? Здавалася, толькі напярэдадні быў рэферэндум, дзе большасць прагаласавала за захаванне Савецкага Саюза. Але самае страшнае было яшчэ наперадзе.
Банды на дарогах, пустыя паліцы і чамадан грошай...
Па словах Уладзіміра і Валянціны, пачаўся сапраўды цёмны перыяд. Так, усе мы чулі пра ліхія дзевяностыя, але зусім па-іншаму ўсё ўспрымаеш, калі чуеш гэта ад сваіх блізкіх. Да прыходу да прэзідэнцтва Аляксандра Лукашэнкі было яшчэ тры гады, да першага УНС — пяць.
— Так, у падручніках усё праўда. Гэта ты зараз можаш уначы з кіно ісці, і ніхто цябе не кране. У тыя гады было страшна выходзіць на вуліцу. Было небяспечна перамяшчацца паміж гарадамі, асабліва па трасе М1. Там лютавала мноства бандыцкіх груповак. І гэта не сюжэт кіно. Нападалі на фуры, людзей. Я на свае вочы бачыў затрыманне такой банды. Вярталіся з жонкай з Мінска ад дачкі. Едзем, а на зямлі — злачынцы... Усё гэтае бязладдзе спынілася пасля таго, як быў абраны Прэзідэнтам
Аляксандр Лукашэнка. Не адразу, зразумела. Спатрэбіліся час і вялікія намаганні.
Дзядуля і бабуля, як і многія, расказалі пра пустыя паліцы, пра тое, што вытворчасць у краіне была паралізаваная. Была вялізная інфляцыя. Каб зарабіць хаця б нейкія грошы, яны прадалі тканіну — быў запас.
— З намі разлічыліся цэлым чамаданам грошай! Цяжкі быў. А не трэба вочы акругляць. Мы за ўсю гэтую кучу змаглі купіць толькі дыван. І тое гэта цуд, што ў нас атрымалася. Крамы былі пустыя. Канапу з горам напалову знайшоў і вёз аж з Масквы. Прыйшлося нават сысці з працы і заняцца ІП, гандлявалі на рынку.
«Дзяржаўная праграма з чалавечым тварам»
У дзень, калі праходзіў першы Усебеларускі народны сход, многія працавалі, але людзі былі ўзрушаныя і абмяркоўвалі яго.
— Асабіста я вельмі спадзяваўся, што гэта будзе не проста нейкае пасяджэнне для галачкі, — успамінае дзядуля. — Вельмі хацелася, каб жыццё наладзілася. У нас на гэты момант ужо было двое ўнукаў. Жадалі для іх найлепшага жыцця. Мне вельмі спадабалася праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на пяцігодку. Як грамадзянін я ўбачыў у гэтым вялікі плюс. І прыемна бачыць, што канцэпцыя сацыяльна арыентаванай дзяржавы працягвае падтрымлівацца. Хоць я ніколі і не займаўся палітыкай, але за ўсімі наступнымі УНС уважліва сачыў, бо практыка першага сходу паказала, што тут прымаюцца канкрэтныя рашэнні для наступных дзеянняў.
«Вельмі рады сустрэць старасць у суверэннай Беларусі»
У 2000 годзе мае бабуля і дзядуля пакінулі гандаль на рынку і вярнуліся на дзяржаўную працу. Цяпер ужо можна было зарабіць і мець добры сацпакет. Бандыцкія групоўкі засталіся ў мінулым. Здавалася, што гэта было зусім даўно, а не пару гадоў таму.
— Хоць мне 80 гадоў, я актыўна карыстаюся інтэрнэтам, параўноўваю крыніцы інфармацыі і разглядаю розныя бакі. Я вельмі рады, што мая старасць прыпала на жыццё ў суверэннай Беларусі. Ад страху і спусташэння мы прыйшлі да стабільнасці. Так, час зараз вельмі няпросты, але я і мая сям’я не баімся выходзіць на вуліцу, няма голаду, будуюцца важныя сацыяльныя аб’екты. Канешне, заўсёды хочацца большага. І гэта нармальна, але не трэба забывацца на тое, што ўжо ёсць. Абясцэньванне яшчэ ніколі ні да чаго добрага не прыводзіла.
...УНС сёлета 30, а мне самой — 31. Калі слухаеш пра 1990-я, не верыцца, што ўсё гэта было не так даўно, калі глядзець у разрэзе гісторыі. Але колькі ўсяго было зроблена! Ёсць на што азірнуцца і пра што падумаць.
Вераніка КАЗЛОЎСКАЯ, фота аўтара