Жанчыны ў пагонах
— У сям’і ў нас не было ні ваеннаслужачых, ні супрацоўнікаў міліцыі, — адзначае наша суразмоўніца. — Таму своеасаблівым штуршком абраць такую прафесію для мяне ў свой час сталі савецкія фільмы. Пачула тады, мабыць, дзесьці: «Ёсць такая прафесія — Радзіму абараняць». І захапілася.
Дарэчы, калі Святлана Крына толькі пачынала службу ўчастковым інспектарам, яна была, бадай, адной з нямногіх жанчын на такой пасадзе. Прычына зразумела: часта менавіта на далікатных жаночых плячах — сям’я, дзеці, клопат аб хаце. І тады цалкам аддацца службе, як гэта патрабуецца ад супрацоўнікаў міліцыі, яны не могуць.

— Аднак цяпер тэндэнцыя змяняецца — і на пасаду ўчастковага ўсё часцей заступаюць дзяўчаты, — тлумачыць Святлана. — Памятаю, як у свой час жыхары спачатку здзіўляліся, калі бачылі мяне. Пыталіся: «А што, у нас жанчына на ўчастку?» Потым, вядома, пачалі ставіцца да мяне па-іншаму — прывыклі, даверыліся.
Паўтары тысячы кватэр — на адны плечы
Участковы інспектар — гэта супрацоўнік міліцыі, які сочыць за парадкам на сваім аператыўным участку. Каб не дапусціць правапарушэнняў, расказвае суразмоўніца, у першую чаргу трэба працаваць непасрэдна з яго жыхарамі. Інспектар абыходзіць замацаваную за ім тэрыторыю, кантралюе тых, хто стаіць на прафілактычным уліку: раней судзімых, тых, хто нядаўна вызваліўся з месцаў пазбаўлення волі, сямейных дэбашыраў, асоб, якія ўжываюць алкаголь або наркотыкі.
На ўчастку ў Святланы — не менш за тысячу пяцьсот кватэр. Лічба, здаецца, вялізная, але насамрэч справа гэта не дзіўная: не менш іх у любога іншага ўчастковага інспектара Мінска.

І службовыя абавязкі патрабуюць быць знаёмым з кожным жыхаром: дзе той жыве, як яго справы, мабыць, штосьці турбуе?
Участковы можа выяўляць сем’і, дзе дзеці знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, і паведамляе пра гэта ў інспекцыю па справах непаўналетніх. Яшчэ Святлана Крына, як інспектар, правярае ўмовы захоўвання зброі па месцы жыхарства яе ўладальніка, дакументы ў замежнікаў і асоб без грамадзянства.
— Стараешся ведаць сваіх жыхароў. Але на ўвазе, вядома, у першую чаргу тыя, хто неяк «праявіўся»: у сямейных ці бытавых канфліктах, вандалізме, іншых парушэннях парадку. Такіх грамадзян і іх сем’і ведаеш на ўсе 100 %: чым яны дыхаюць, чым займаюцца, дзе працуюць і гэтак далей, — адзначае жанчына.
Дапамога ў любой жыццёвай сітуацыі
Да ўчастковага свайго раёна таксама можна звярнуцца са скаргамі або заявамі. Святлана Крына прызнаецца: яны за гады яе службы былі розныя, як і жыццёвыя сітуацыі заяўнікаў.
То камусьці ключы не аддалі, то грошы не вярнулі, хтосьці пасварыўся з суседзямі, хтосьці — з сужыцелямі. І да кожнага заўсёды патрэбны свой падыход.

— У праблему стараешся ўнікнуць, вырашыць канфлікт, даць карысную параду. Нават спачатку чалавек можа яе не пачуць, не зразумець, сказаць, што яму не дапамаглі. А потым прыходзіць і кажа: у нас у сям’і ўсё наладзілася, усё добра. Галоўнае — цярпенне і час. Калі падысці да справы па-чалавечы, людзі ўсё разумеюць, — тлумачыць інспектар. — Напрыклад, аднойчы да мяне звярнулася жанчына, маці двух падлеткаў. У іх рэчах яна знайшла электронную прыладу для курэння і папрасіла дапамогі. Трэба было наладзіць з дзецьмі кантакт, высветліць, адкуль узялася гэта прылада, растлумачыць, чаму гэта шкодна і недапушчальна.
Праз некаторы час жанчына зноў звярнулася да Святланы, толькі ўжо з падзякай — сітуацыя больш не паўтаралася: «Я была вельмі рада, што ўдалося знайсці з дзецьмі агульную мову, — прызналася наша суразмоўніца. — Для падлеткаў, вядома, гэта быў стрэс: мама прывяла ў міліцыю! Але паўплываў ён на іх станоўча».
.jpg)
Цана спакою
Святлана Крына ўпэўнена: служба ўчастковым інспектарам міліцыі даўно перастала быць выключна мужчынскай, але падыдзе яна ўсё ж такі далёка не кожнаму. Акрамя фізічнай падрыхтоўкі, прафесія патрабуе ад чалавека адказнасці, рашучасці, абвостранага пачуцця справядлівасці. І, вядома, шмат часу:
— У мяне двое дзяцей: дачка і сын. Яны бачаць, што мама ўвесь час працуе, таму і хатні клопат часткова ляжыць на плячах майго мужа. А яшчэ работа ўчастковага — гэта, часцей за ўсё, другая змена, і многае з жыцця ты з-за гэтага ўпускаеш, — з сумнай усмешкай расказвае жанчына.

Тым не менш, нягледзячы на ўсе цяжкасці, аб выбары прафесіі яна не шкадуе. Ды і яе добрасумленная, штодзённая, такая неабходная праца не засталася незаўважанай. У верасні гэтага года напярэдадні Дня горада ў Мінску прайшла ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання асоб, якія ўнеслі значны ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё Мінска, і мінчан, якія бяруць актыўны ўдзел у ахове грамадскага правапарадку і прафілактыцы правапарушэнняў. І сярод узнагароджаных — наша гераіня.
— Атрымаць узнагароду з рук кіраўніцтва горада — вялікі гонар, — не хавае яна эмоцый. — Але самая вялікая ўзнагарода для мяне — калі людзі на маім участку жывуць спакойна, у бяспецы. Значыць, усё нездарма. Бачу плён сваёй працы, і гэта надае сіл.
Аміна НАЗАРАВА
Фота Лізаветы ГОЛАД