Top.Mail.Ru

Пра што нагадвае беларускі анімацыйны серыял «Ваўчок»?

Сюжэты і героі па-за часам

У кінатэатрах краіны стартавалі паказы яшчэ адной прэм’еры восені ад Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм» — анімацыйнага дзіцячага серыяла «Ваўчок». Пабывалі на адным з паказаў у кінатэатры «Піянер» і гатовы падзяліцца ўражаннямі.

Знайсці пункты судакранання

Гісторыю пра цікаўнае ваўчаня, у якога што ні дзень, то прыгода і адкрыццё, на студыі анімацыйных фільмаў Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм» стваралі адразу дзве здымачныя групы на чале з рэжысёрамі Аленай Туравай і Ірынай Тарасавай. Гэта, па-першае, дазволіла ўкласціся ў кароткія тэрміны вытворчасці — серыял зрабілі за год і восем месяцаў, па-другое, творчай камандзе ўдалося ахапіць адразу шырокую палітру сюжэтных ліній, а ў выніку паказаць гледачу працяглае падарожжа герояў, за якім і дзецям, і дарослым цікава назіраць.

— Ваўчок — гэта маленькі звярок, які мае суперздольнасць раскручвацца, як ваўчок, і ўсюды паспяваць. Так ён асвойвае свет. І мы думаем, што яго прыгоды будуць цікавыя як дзецям, так і дарослым. Наш персанаж мае сваю індывідуальнасць і суперздольнасці, — падзялілася рэжысёр Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм» Ірына ТАРАСАВА. — Мы імкнуліся стварыць пазнавальна-забаўляльны фільм, але ў той жа час падымаем у ім тэмы, якія актуальныя для кожнага, у тым ліку і для дарослых, на працягу ўсяго жыцця. Хто я? Якое месца займаю ў гэтым грамадстве? Нагадваем, што мы ўсе вельмі падобныя і чымсьці адрозніваемся; што кожны мае сваю індывідуальнасць, якая часта і вызначае як нашы захапленні, так і нашу прафесію. Калі дзіця задумваецца пра гэта, то яму пасля лягчэй у далейшым жыцці. Дарослыя таксама могуць убачыць у нашых гісторыях сябе. Многае з таго, пра што мы гаворым у фільме, можа быць для іх актуальным.


Сапраўды, героі і сюжэты, якія ажываюць на экране, маюць безліч такіх пунктаў судакранання з гледачом. Кожная з 12 пяціхвілінных серый фільма прысвечана нейкай прыгодзе юнага ваўчаняці Ваўчка і яго сяброў — Вавёркі, Мядзведзіка, Вожыка, Зубраняці і Кабанчыка. А тое, што галоўны герой умее раскручвацца, як ваўчок, і хутка перамяшчацца ў прасторы, надае ўсяму дзеянню яшчэ большага дынамізму.

Непаўторная магія

Што да сюжэтных ліній, то ўсе яны розныя як па тэмах, так і па жыццёвых кантэкстах, у якіх прадстаўлены на экране. І ўсюды прысутнічае шматслойнасць сэнсаў, якія мы ўсведамляем разам з героямі фільма. Вось, напрыклад, адна з серый называецца «Радня». І мы не проста бачым, як наш Ваўчок трапляе пад уплыў паганак, якія ледзь не заманілі яго ў балота, але і даведваемся, чаму ваўчаня жыве толькі з бабуляй. Сам герой таксама пераасэнсоўвае многае, разумеючы, што кожнаму вельмі важна мець побач родных і блізкіх, з кім можна пражываць кожны дзень, а яшчэ тое, што родныя заўсёды побач з намі, бо іх мы носім у сэрцы. Разам з тым гэты сюжэт нагадвае пра тое, як важна быць асцярожнымі з незнаёмцамі.

Нельга не сказаць і пра тое, чыімі галасамі агучаны персанажы анімацыйнага серыяла. Так, для многіх дзяцей будзе прыемным сюрпрызам, што Ваўчка агучыў расійскі акцёр Даніэль МІНЬКОЎ (вядомы ў тым ліку па ролі Дзім Дзімыча ў серыяле «Фіксікі»). Як прызнаўся артыст, ролю гэтую яму было вельмі цікава агучваць: «З Ваўчком мы ў нечым падобныя, бо я таксама хуткі, мяне многае цікавіць і хочацца ўсюды паспець... Само агучванне на гэтым праекце мела для мяне свае адрозненні. У „Фіксіках“ я проста агучваў тэкст, а ў „Ваўчку“ — карцінку, а гэта зусім іншая спецыфіка работы. Плюс давялося знаходзіць голас для героя, таму што мне на момант агучкі было 13 гадоў, а ўзрост персанажа 7-8 гадоў. Лічу, што ў нас усё атрымалася», — заўважыў Даніэль Мінькоў.


Вядомых імёнаў, чые галасы чуем у кадры, на гэтым праекце ўвогуле шмат: Анатоль Длускі, Юлія Гружэўская, Арцём Давідовіч і іншыя. Сярод іх і тэлевядучая, заслужаная артыстка Беларусі Алена Спірыдовіч, якая «падарыла» свой голас бабулі Ваўчка, маме зубраняці і адной з паганак.

— Мне падабаюцца мультфільмы як гледачу. Для мяне агучванне персанажаў у «Ваўчку» — дэбют. Нічога агульнага з тым, што мы робім на тэлебачанні, у гэтай рабоце няма, але там прысутнічае свая магія. Гэта была прыгода для мяне, якую я нават работай не назвала б. І я вельмі рада, што яна ў маім жыцці здарылася, — падзялілася Алена Спірыдовіч.

Серыял разлічаны найперш на дзяцей дашкольнага ўзросту, але цікава яго і варта паглядзець усёй сям’ёй. Таму што лес і яго жыхары вельмі нагадваюць рэальнае чалавечае жыццё. І многія дзеці змогуць знайсці сабе любімага героя, назіраючы за якім будуць асэнсоўваць аўтарскія пасылы. А дарослыя возьмуць нешта карыснае і сабе на заметку. Таму абавязкова знайдзіце час пазнаёміцца з гэтай гісторыяй на вялікім экране.

Алена ДРАПКО

Фота БелТА


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю