Незамыленае вока замежных турыстаў адразу адзначае, як шмат у Беларусі прыгожых жанчын. Дык чаму б адной з іх і не прымерыць карону ўладарак свету? А можа, і ўсяго Сусвету! Аднак мала паслаць у касмічныя далечыні такога кшталту пажаданні. Тым больш што карануюць прыгажунь на роднай Зямлі. Вось і ўладальніца тытула «Лэдзі Беларусь — 2025» Маргарыта МАСКЯЛІЕНЕ хутка адправіцца ў Шры-Ланку, дзе ў горадзе Каломба, фактычнай сталіцы гэтай астраўной дзяржавы, з 18 па 26 кастрычніка адбудзецца 49-ы Міжнародны конкурс «Місіс Сусвет — 2026». Напрэдадні ў Мінску, у Нацыянальнай школе прыгажосці, яна прымерыла вобразы, у якіх выйдзе на сусветны подыум.
Чацвёра дзяцей і дзве найвышэйшыя адукацыі
За перамогу ў конкурсе будуць змагацца каля 120 удзельніц з розных краін. Для Беларусі гэта падзея асаблівая — яе прадставіць жанчына, у якой чацвёра дзяцей і дзве найвышэйшыя адукацыі. Менавіта на мацярынстве і жаночым пачатку Маргарыта вырашыла зрабіць галоўны акцэнт — тым больш што 2026-ы абвешчаны ў нас Годам беларускай жанчыны.
Да міжнароднага спаборніцтва яна рыхтавалася задоўга да ад’езду. Прайшла майстар-класы па дэфіле, акцёрскім майстэрстве, макіяжы і цырульніцкім мастацтве. Асобную ўвагу ўдзялілі англійскай мове — для ўдзелу ў міжнародным конкурсе гэта важная частка праграмы, бо яго ўдзельніцам давядзецца мець зносіны з журы, арганізатарамі і канкурэнткамі, якія, вядома, зляцяцца на востраў не дзеля таго, каб выпіць знакамітай цэйлонскай гарбаты.
Сёлета ўдзельніц чакае насычаная праграма: дэфіле ў нацыянальным строі, вячэрняй сукенцы, інтэрв’ю з журы, а таксама дабрачынныя і культурныя мерапрыемствы. Арганізатары адзначаюць, што галоўная мэта конкурсу — паказаць шматграннасць сучаснай жанчыны, якая паспявае і ў сям’і, і ў кар’еры, і ў грамадскім жыцці.
Майстры і Маргарыта
Стварыць арыгінальныя вобразы для паказаў Маргарыце дапамагала каманда майстроў Нацыянальнай школы прыгажосці.
Адзін з самых адказных момантаў конкурсу — выхад на подыум у нацыянальным строі. Для яго выбралі натуральны белы шоўк, які ўпрыгожылі бардовай вышыўкай. Цэнтральны элемент — дрэва жыцця, яно сімвалізуе працяг роду. Па словах стваральнікаў вобраза, ён пераклікаецца з галоўнай тэмай выступлення нашай канкурсанткі — мацярынствам і сувяззю пакаленняў.
Пояс выкананы як сучасная стылізацыя слуцкага. Кутасікі на ім упрыгожылі натуральным жэмчугам — дэталь, якая дадае ўбранню высакароднасці і адсылае да традыцый беларускіх майстроў. Белы шоўк і бардовая вышыўка ствараюць кантраст, які выглядае строга і ўрачыста адначасова.
15 кілаграмаў бляску!
Яшчэ больш маштабным атрымаўся вячэрні вобраз. Сукенка выканана ў чырвона-залатой гаме, упрыгожана тысячамі стразаў і крышталяў. Дапаўняюць убранне масіўныя ўпрыгажэнні і карона. Вага ўсяго камплекта — каля 15 кілаграмаў.
— Сукенка адносіцца да катэгорыі куцюр — яна цалкам выканана ўручную. Вялізная колькасць камянёў у вобразе, самі ўпрыгажэнні і карона — гэта зноў жа вынік карпатлівай штодзённай працы майстроў. Залаты колер для мяне сімвалізуе царскую стаць і свяшчэнную энергію, а чырвоны — зямную любоў і перамогу, — растлумачыла Маргарыта.
Па яе словах, кожны элемент вобраза мае значэнне, і гэта не проста прыгожае адзенне, а спосаб расказаць пра сябе і сваю краіну без слоў, з дапамогай яркіх вобразаў. Пра тое, што ўяўляе сабой сучасная беларуская жанчына: моцная, прыгожая, любячая і ўпэўненая ў сабе.
Сімвалічна, што Беларусь на міжнародным конкурсе прадставіць менавіта такая ўдзельніца — увасабленне жаноцкасці і хатняга агню, лічыць дырэктар Нацыянальнай школы прыгажосці Бажэна ЯРЭМІЧ:
— Маргарыта — гэта вобраз жанчыны, якая здзейснілася і як мама, і як асоба. Яна дэманструе, што прыгажосць — гэта не толькі знешнасць, але і ўнутраная сіла, мудрасць, уменне спалучаць сям’ю і самарэалізацыю.
Кожны выхад на подыум — гэта магчымасць паказаць не толькі знешнюю прыгажосць, але і багацце культуры, традыцый і ўнутранай сілы беларускіх жанчын.
У тэму
У бліжэйшыя месяцы беларускія прыгажуні выступяць і на іншых міжнародных конкурсах. У лістападзе на «Міс Сусвет» у Пуэрта-Рыка паедзе першая віцэ-міс Беларусь 2025 года Алія Кароткая. У снежні другая віцэ-міс Беларусь 2023 года Мілана Якімовіч упершыню прадставіць краіну на конкурсе «Міс Шарм» у В'етнаме. А крыху пазней, у сакавіку 2027-га, у Індыі пройдзе конкурс прыгажосці краін БРІКС, які таксама не абыйдзецца без ззяння беларускай зоркі.
«Місіс Сусвет» — адзін з самых прэстыжных конкурсаў прыгажосці для замужніх жанчын. У адрозненне ад «Міс Сусвет», дзе ўдзельнічаюць незамужнія дзяўчаты, тут ацэньваюць не толькі знешнасць, але і асабістыя дасягненні, сацыяльную актыўнасць і ўменне прадставіць сваю краіну. Конкурс праводзіцца з 1977 года і штогод збірае ўдзельніц з усяго свету.
Ягор ЧУРЫК
Фота аўтара і БелТА