30-годдзе Усебеларускага народнага сходу — выдатная падстава пагартаць падшыўкі «Звязды», каб пераканацца, якія каласальныя змены адбыліся за гэты час у эканоміцы і ва ўзроўні жыцця грамадзян. А яшчэ — убачыць, наколькі важныя былі тыя першыя крокі на шляху развіцця.
Разам «абдумаць, зразумець і прыняць душой і сэрцам»
31 жніўня 1996 года «Звязда» друкуе праект новай рэдакцыі Канстытуцыі, якая выносілася на рэферэндум, а таксама зварот Аляксандра Лукашэнкі «Народу Рэспублікі Беларусь». Уласна гэта і быў адзін з першых заклікаў Прэзідэнта да грамадзян: удзельнічаць у палітычным і сацыяльным жыцці краіны. Сама публікацыя праекта дала магчымасці ўсім «ад рабочага, калгасніка, настаўніка, урача і да дэпутата, міністра» падключыцца да абмеркавання змяненняў у Асноўны закон. Прэзідэнт паабяцаў, што кожная думка, дзелавая прапанова, зацікаўлены роздум будуць акумуліравацца спецыяльнай камісіяй і ўлічвацца пры распрацоўцы канчатковага варыянта, які будзе прапанаваны народу на Усебеларускім народным сходзе: «Мы ўсе разам, усім грамадствам павінны абдумаць, зразумець і прыняць душой і сэрцам асноўны збор нормаў, прынцыпаў і палажэнняў, па якіх павінна развівацца дзяржава, кожны чалавек асобна і народ Беларусі ў цэлым. Толькі ў тым выпадку, пры гэтых умовах наша грамадства будзе адзіным, а ўсе структуры дзяржаўнай улады ў аднолькавай ступені адказнымі і падсправаздачнымі народу».
«Звязда» прадстаўляла свае старонкі для таго, каб людзі маглі выказаць меркаванні. Часам газета іх друкавала цэлымі старонкамі пад адзінай шапкай «Думай, народ, думай!» Некалькі такіх зваротаў, адрасаваных у рэдакцыю дзеячамі культуры і творчай інтэлігенцыі, выйшлі пад загалоўкам «У нас адна на ўсіх Беларусь!» Як адзначала газета, заклік да грамадзян прыняць удзел у абмеркаванні пытанняў, якія выносяцца на суд народа, меў свае вынікі: рэдакцыйная пошта значна павялічылася за кошт лістоў, адрасаваных менавіта аддзелу палітыкі. У большасці пісалі жыхары сталіцы, але пошта ішла розная і па змесце, і па эмацыянальнай зараджанасці. Асабліва журналістаў уражвала, што асобныя лісты прыходзілі ў самаробных канвертах. Ужо аднаго позірку хапала на тое, каб зразумець, пра што можа весціся размова ў лістах людзей, якім грошай хапала толькі на марку, гэта быў крык душы, людзі скардзіліся, як ім цяжка жывецца, не разумелі, што адбываецца, звярталіся па дапамогу...
Шырокі круг пытанняў, што датычацца палітычнай, сацыяльна-эканамічнай сітуацыі ў краіне, намаганняў вышэйшай выканаўчай улады па захаванні стабільнасці ў грамадстве быў абмеркаваны ў ходзе сустрэчы Прэзідэнта з кіраўнікамі шэрагу сродкаў масавай інфармацыі, якая адбылася 7 кастрычніка 1996 года, пра што «Звязда» расказала ў публікацыі «Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, што народ правільна ацэніць яго палітыку». Прэзідэнт расказаў пра плануемыя кірункі сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на найбліжэйшую пяцігодку, што намаганні будуць накіраваны на развіццё экспарту, будаўніцтва жылля і забеспячэнне насельніцтва прадуктамі харчавання. Вырашэнне гэтых праблем было важным, каб забяспечыць народу годнае жыццё і даць упэўненасць у будучым. Прэзідэнт расказаў пра мэты і задачы Усебеларускага народнага сходу.
«Усім нам трэба будзе закасаць рукавы»
Першы Усебеларускі народны сход — па сутнасці, шырокая нарада Прэзідэнта з прадстаўнікамі народа ад усіх рэгіёнаў краіны і галін народнай гаспадаркі, сацыяльнай і грамадскай сферы, — працягваўся два дні. Аляксандр Лукашэнка, вітаючы дэлегатаў, адзначыў, што каму як не ім, «хто глыбока і ўсебакова ведае наша жыццё і праблемы, шукаць і знаходзіць іх вырашэнне»: «Для беларусаў гэта перш за ўсё вялікая традыцыя агульнанароднага веча, на якім спрадвеку вырашаліся самыя складаныя пытанні. Менавіта з мэтай пачуць вашу думку, думку ўсяго народа аб шляхах развіцця рэспублікі і разам прыняць важнейшыя рашэнні, я выступіў ініцыятарам правядзення першага Усебеларускага народнага сходу». Прэзідэнт падкрэсліў, што дэлегатамі выбраны прадстаўнікі розных сацыяльных, прафесіянальных і ўзроставых груп, што гэта людзі, якія карыстаюцца заслужанай павагай калег: «Гэта дае магчымасць зрабіць высновы, што першы Усебеларускі народны сход, які сфарміраваны шляхам свабодных дэмакратычных выбараў у працоўных калектывах і прадстаўляе большасць насельніцтва рэспублікі, правамоцны абмеркаваць прапанаваныя дзяржаўныя дакументы і прыняць адпаведнае рашэнне ў інтарэсах народа Беларусі».
Прэзідэнт прапанаваў дэлегатам выказаць сваю думку па двух важнейшых дакументах: змяненнях і дапаўненнях у Канстытуцыю (з улікам паправак, якія паступілі ў ходзе ўсенароднага абмеркавання) і Асноўных кірунках сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 1996-2000 гады. План першай у гісторыі суверэннай Беларусі пяцігадовай праграмы развіцця эканомікі і сацыяльнай сферы быў надрукаваны ў «Звяздзе» напярэдадні Усебеларускага народнага сходу. Там была дадзена ацэнка сацыяльна-эканамічнай сітуацыі, якая склалася на той момант. Гаварылася пра зніжэнне жыццёвага ўзроўню ў вялікай часткі грамадзян, расслаенне яго па даходах, высокі ўзровень скрытага беспрацоўя, зніжэнне канкурэнтназдольнасці беларускіх тавараў, разбурэнне навукова-тэхнічнага патэнцыялу...
План структурнай перабудовы эканомікі быў усхвалены на Усебеларускім народным сходзе. У заключным слове ў другі дзень Прэзідэнт падкрэсліў важнасць гэтага дакумента: «Галоўнае — усё, што мы намецілі, — выканальнае. Але майце на ўвазе, усім нам трэба будзе закасаць рукавы. Наша шчасце, што мы захавалі сваю эканоміку, сельскую гаспадарку... Не вялікая мудрасць заваліць рынак імпартным таварам. Цяжэй вырабіць свае тавары, прадаць іх і на выручаныя грошы даць людзям магчымасць купіць усё, што ім трэба. Мы пойдзем па гэтаму, другому шляху і будзем жыць сваім розумам і працай».
Правільнасць прынятага курсу праверана часам. У той няпросты час быў закладзены надзейны фундамент для развіцця краіны.
Падрыхтавала Алена ДЗЯДЗЮЛЯ