Часам можна не звяртаць увагу на тое, што нешта не так з табой ці блізкімі (падумаеш, бяссоніца ці трывожнасць — з кім не бывае?), але ёсць сітуацыі, калі трэба прасіць аб дапамозе. Асабліва, калі справа датычыцца найбольш псіхічна ўразлівых катэгорый — моладзі і дзяцей. Тая ж гульнявая залежнасць (альбо лудаманія) пры цяперашняй даступнасці інтэрнэт-гульняў з асабістай бяды можа вырасці ў праблему для грамадства.
Пан ці прапаў
... Маладая жанчына ў Хоцімскім раёне, маці дваіх маленькіх дзетак, была ў адпачынку па догляду дзіцяці. Але яе час паглынала анлайн-казіно: мела 7 акаўнтаў, больш за 1000 разоў рабіла стаўкі, у тым ліку за кошт дзіцячай дапамогі. Сям’я мела доўг за жыллёва-камунальныя паслугі, а калі правялі абследаванне жылля дзяцей, то высветлілі, што ім нават даводзілася галадаць... Маці абмежавалі ў наведванні гульнявых установаў тэрмінам на 3 гады на падставе заявы пракурора.
У красавіку суд Бярэзінскага раёна задаволіў заяву пракурора аб абмежаванні аднаго маладога чалавека ў наведванні гульнявых устаноў на падставе звароту яго маці: увесь свой заробак сын траціў на азартныя гульні, а жыў за яе кошт.
У выніку пракурорскай праверкі высветлілася, што ён меў 6 гульнявых рахункаў у 4 гульнявых установах, за 4 гады правёў каля 3800 гульнявых аперацый са стаўкамі ад 1,5 рубля да 2000 тысяч рублёў.
Зварот у пракуратуру блізкіх ці зацікаўленых асоб (службы апекі, кіраўніцтва ўстаноў адукацыі і г. д.) — гэта «крык адчаю», калі зразумела, што чалавека трэба неадкладна спыніць, бо моцна церпяць іншыя. Летась па лініі грамадзянскага судовага нагляду пракурорскія работнікі накіравалі ў суды 11 заяў аб абмежаванні грамадзян у наведванні гульнявых устаноў і ўдзеле ў азартных гульнях.
За 2026 год ужо паступіла 8 такіх заяў, яны ўсе былі задаволены.
— Толькі ў адным выпадку судовае рашэнне з’явілася на падставе заявы ў пракуратуру ад блізкіх сваякоў, — адзначае Дзмітрый Брылёў, начальнік упраўлення ўзаемадзеяння са сродкамі масавай інфармацыі Генеральнай пракуратуры. — Але важна, каб людзі разумелі: калі ў сям’ю прыйшла бяда, ёсць прававы механізм вырашыць пытанне праз пракурора.
Жыццё на паўзе
Магчыма, так варта рабіць, калі вычарпаны іншыя спосабы спыніць гульца. А яны ёсць.
— Што да гульнявой залежнасці, то яна мае пэўны медыцынскі шыфр F63.0, — тлумачыць Аляксандр Сасянкоў, супрацоўнік псіхалагічнага аддзялення Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра псіхічнага здароўя. — То-бок гэта псіхічная хвароба. Калі чалавек пачынае яе лячыць у стацыянары, яму афармляюць бальнічны ліст. Гэта ўстаноўлены дыягназ, які патрабуе правільнага лячэння.
Як зразумець, што чалавек хворы і яму патрэбна дапамога? Бо ёсць людзі, якія выпіваюць, але алкаголікамі не з’яўляюцца. Таму ёсць і тыя, хто гуляюць у казіно, робяць стаўкі, але не лудаманы. Дзмітрый Сасянкоў як псіхолаг тлумачыць: першы крытэрый — парушэнне кантролю, калі чалавек не можа скараціць ці спыніць свой удзел у гульнявых сесіях. Гульня займае цэнтральнае месца ў жыцці, выцясняючы сям’ю, працу, здароўе, парушаюцца сацыяльныя сувязі, назапашваюцца даўгі, з’яўляюцца праблемы з законам. Калі гэтыя сімптомы праяўляюцца не менш чым 12 месяцаў, то ўжо можна ставіць дыягназ.
А ў некаторых выпадках сімптомы выяўляюцца і значна хутчэй.
Пацыенты — пераважна маладыя мужчыны (каля 90 %), якія пачалі гульню каля 3–5 гадоў таму. Іх гісторыі пра тое, як у гульцоў назапашваюцца даўгі. Але лудаманія — не заўсёды пра грошы. Ёсць людзі, якія зарабляюць зусім няшмат, але ўсё трацяць на стаўкі. Адзіны момант, калі гульцы спрабуюць спыніцца самі, — пры пазбаўленні фінансавых магчымасцяў.
Ключавы сімптом гульца: у яго адсутнічае крытычнае ўспрыманне ўласнага стану. Таму першы крок — накіраваць чалавека да ўрача-псіхатэрапеўта ці псіхіятра. Самым эфектыўным спосабам дапамагчы будзе шпіталізацыя ў РНПЦ псіхічнага здароўя, на базе 20-га псіхіятрычнага аддзялення наладжана дапамога, бясплатная для грамадзян Беларусі.
Таблетак ад лудаманіі няма. Асноўны спосаб лячэння — псіхатэрапія. Медыкаменты могуць прызначацца ў тым выпадку, калі чалавек прыйшоў з дадатковымі праблемамі, напрыклад, бяссонніцай, трывогай, дэпрэсіяй. Сярэднестатыстычная працягласць тэрапіі — каля 25 дзён. Але патрапіць на лячэнне ў цэнтр не так проста: чарга, чакаць даводзіцца і да 30 дзён.
Гульня скончана
Праблема пашыраецца, найперш за кошт анлайн-гульняў (у іх удзельнічаюць 90 % лудаманаў) і ставак на спорт — гэта дзве розныя механікі, але вядуць да аднаго расстройства. Чалавека ў працэсе гульні ўтрымлівае сітуацыя чакання пройгрышу ці выйгрышу. То-бок секунды ці гадзіны (у выпадку стаўкі на спорт) ён перажывае станоўчыя эмоцыі, а фіналізацыя наступае ў выніку яшчэ большага плюсу ці мінусу. Імпульсіўныя асобы больш схільныя да гэтай залежнасці, нездарма ў гульцоў у 15 разоў перавышана рызыка суіцыдальных спроб. Рашэнне можа прымацца спантанна за некалькі секунд пасля пройгрышу. Гарманальная сістэма дае збой, і чалавек у моманце не бачыць выйсця з сітуацыі.
... У Магілёўскай вобласці двое непаўналетніх доўгі час прайгравалі ў электронную латарэю значныя сумы. Грошы кралі ў бацькоў, займалі ў знаёмых. У перадсмяротнай запісцы адзін прама ўказаў на адсутнасць сэнсу жыцця...
Паводле Міністэрства па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь, каля 70 % абароту азартных гульняў прыходзіцца на віртуальныя гульнявыя ўстановы. На жаль, не заўсёды спрацоўваюць узроставыя абмежаванні (бацькі могуць афармляць тэлефонны нумар на сябе). Менавіта таму варта ўдзяляць больш увагі прафілактыцы лудаманіі ў дзіцячым і маладзёжным асяродку, лічыць Ганна Ражнова, старшы навуковы супрацоўнік лабараторыі выхавання асобы Акадэміі нацыянальнай адукацыі«. І гэта павінна быць работа не толькі з дзецьмі, але і з педагогамі, і з бацькамі, каб своечасова маглі звярнуць увагу на інтэрнэт-залежнасць.
Сваякам, якія сутыкнуліся з гэтай праблемай, псіхолагі прапануюць пэўны алгарытм дзеянняў. Па-першае, трэба перастаць пакрываць даўгі гульца — хвароба павінна балець, а залежны — бачыць яе наступствы. Калі ён пагражае нешта з сабой зрабіць, то неадкладна выклікаць хуткую медыцынскую дапамогу. Па-другое, гаварыць пра паводзіны, а не пра асобу чалавека, канкрэтныя факты без абразы і пачуццяў. Напрыклад: «Я бачу, што ты гуляеш, гэта разбурае нашу сям’ю». Па-трэцяе, варта ўстанавіць асабістыя межы ў адносінах з чалавекам без ультыматумаў і пагрозы, але праз дакладныя абазначэнні: «Я гатовы дапамагчы табе лячыцца, але не гатовы дапамагаць табе гуляць». Не чакайце, што чалавек папросіць аб дапамозе, лепш самі звяртайцеся да спецыяліста, каб падабраць ключы да ратавання блізкага чалавека.
Ларыса ЦІМОШЫК